§ 17. Простае бінарнае дзяленне. Мітоз. Амітоз
Для пракарыятычных клетак характэрна простае бінарнае дзяленне, для эўкарыятычных — мітоз, амітоз і меёз. Мітоз — асноўны спосаб дзялення клетак эўкарыёт, у выніку якога з адной мацярынскай клеткі ўтвараюцца дзве даччыныя з такім жа наборам храмасом. У ходзе мітозу адбываецца спіралізацыя храмаціну з утварэннем кампактных храмасом і фарміраванне верацяна дзялення. Потым сястрынскія храматыды кожнай храмасомы аддзяляюцца адна ад адной і з дапамогай верацяна дзялення раўнамерна размяркоўваюцца паміж утворанымі даччынымі клеткамі. У мнагаклетачных арганізмаў мітатычнае дзяленне клетак забяспечвае працэсы росту, развіцця і рэгенерацыі. У аснове бясполага размнажэння многіх арганізмаў таксама ляжыць мітоз.
Пры амітозе ядро клеткі дзеліцца перацяжкай без спіралізацыі храмаціну і ўтварэння верацяна дзялення. Гэта прыводзіць да нераўнамернага размеркавання малекул ДНК паміж даччынымі ядрамі. У многіх выпадках амітатычнае дзяленне ядра не суправаджаецца наступным дзяленнем клеткі на дзве даччыныя.