§ 13-1. Двумембранныя арганоіды
Вывучэнне будовы і разнастайнасці пластыд
Хларапласты добра бачны пад мікраскопам, напрыклад у клетках ліста эладэі.
- Ад парастка эладэі аддзяліце малады ліст і змясціце яго ў кроплю вады на прадметнае шкло.
- Накрыйце ліст покрыўным шклом і разгледзьце пад мікраскопам. Звярніце ўвагу на форму і колер хларапластаў у клетках.
Лейкапласты зручна разглядаць у клетках эпідэрмісу ліста традэсканцыі.
- Сарвіце ліст з парастка традэсканцыі і абгарніце яго вакол указальнага пальца так, каб ніжні бок ліста апынуўся зверху. Іншай рукой з дапамогай іголкі акуратна надарвіце эпідэрміс над сярэдняй жылкай бліжэй да асновы ліста і пінцэтам здыміце яго палоску. Аддзеленую палоску эпідэрмісу перамясціце ў ваду на прадметным шкле, накрыйце покрыўным шклом і разгледзьце пад мікраскопам.
- Як вы ведаеце з курса біялогіі 7-га класа, у склад эпідэрмісу лістоў уваходзяць розныя тыпы клетак. У замыкальных клетках вусцейкаў, што маюць бобападобную форму, можна разгледзець зялёныя хларапласты. У бясколерных ці афарбаваных у бледна-фіялетавы колер клетках з добра бачнымі ядрамі выяўляюцца лейкапласты. Знайдзіце такія клеткі. Звярніце ўвагу на дробныя шарападобныя бліскучыя цельцы, што знаходзяцца вакол клетачных ядзер, а таксама ў цяжах цытаплазмы. Гэта і ёсць лейкапласты.
Для вывучэння храмапластаў можна выкарыстаць мякаць спелых пладоў рабіны, шыпшыны, тамату, перцу ці караняплоды морквы.
- З дапамогай іголкі набярыце крыху афарбаванай мякаці з-пад скуркі і ўнясіце яе ў ваду на прадметным шкле.
- Асцярожна разрыхліце мякаць іголкай і накрыйце покрыўным шклом.
- Разгледзьце прэпарат пад мікраскопам. Знайдзіце і вывучыце храмапласты. Звярніце ўвагу на іх форму, колер, адносныя памеры, колькасць у клетках. Вывучыце асаблівасці будовы храмапластаў розных відаў раслін, адзначце рысы падабенства і адрознення паміж імі.
● Чаму восенню лісты змяняюць афарбоўку?
● Храмапласты надаюць яркі колер пялёсткам кветак і спелым пладам шмат якіх раслін. Як вы думаеце, для чаго гэта трэба?
● У раслін розных відаў храмапласты адрозніваюцца па форме. Яны могуць быць іголкападобнымі, акруглымі, рамбічнымі, серпападобнымі і інш. Як вы думаеце, чым гэта тлумачыцца?