§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі
Клетачная тэорыя з’яўляецца адным з асноўных абагульненняў сучаснай біялогіі. Паводле гэтай тэорыі элементарнымі структурна-функцыянальнымі адзінкамі арганізмаў з’яўляюцца клеткі. Яны валодаюць усімі прыметамі і ўласцівасцямі жывога і ўтвараюцца толькі ў выніку дзялення зыходных клетак. У сувязі з асаблівасцямі будовы клетак арганізмы падзяляюцца на дзве групы — пракарыёты і эўкарыёты. Усе клеткі маюць агульны прынцып арганізацыі: іх асноўнымі кампанентамі з’яўляюцца паверхневы апарат, цытаплазма і ядро (у эўкарыёт).