§ 36. Мадыфікацыйная зменлівасць
Статыстычныя заканамернасці мадыфікацыйнай зменлівасці. Адрозніваюць якасныя і колькасныя прыметы. Да якасных прымет належаць, напрыклад, афарбоўка кветак і форма пладоў раслін, масць жывёл, колер вачэй чалавека і г. д. Такія прыметы, як памер лістоў і вышыня сцёблаў раслін, яйцаноскасць курэй, малочнасць кароў, маса цела чалавека, з’яўляюцца колькаснымі. Для выяўлення заканамернасцей зменлівасці колькасных прымет выкарыстоўваюць розныя статыстычныя метады, у прыватнасці — пабудову варыяцыйнага рада і варыяцыйнай крывой. Разгледзім іх на прыкладзе аналізу пладавітасці свіней буйной белай пароды.
Падлічым колькасць парасят у прыплодзе ў 100 адвольна выбраных свінаматак і размесцім атрыманыя значэнні пладавітасці ў парадку іх узрастання. Атрымаецца варыяцыйны рад зменлівасці прыметы:
Колькасць парасят у прыплодзе, v |
8 |
9 |
10 |
11 |
12 |
13 |
14 |
Лік свінаматак, p |
5 |
12 |
23 |
28 |
20 |
9 |
3 |
Як відаць з варыяцыйнага рада, у свіней дадзенай пароды значэнне пладавітасці вар’іруе ад 8 да 14 парасят у прыплодзе. Гэта — норма рэакцыі прыметы, якая даследуецца. Можна заўважыць, што асобіны з сярэднім паказчыкам пладавітасці (10—12 парасят) сустракаюцца часцей, чым з нізкімі ці высокімі значэннямі прыметы. Частату праяўлення пэўных значэнняў прыметы можна адлюстраваць і графічна — у выглядзе варыяцыйнай крывой (мал. 36.4).
Веданне заканамернасцей мадыфікацыйнай зменлівасці мае вялікае значэнне. Яно дазваляе прагназаваць і загадзя планаваць многія паказчыкі. Асабліва важна гэта ў такіх галінах дзейнасці чалавека, як раслінаводства і жывёлагадоўля. Стварэнне аптымальных умоў для рэалізацыі генатыпу дае магчымасць дасягаць высокай прадукцыйнасці сартоў і парод, максімальна выкарыстоўваць іх патэнцыял.