§ 32. Узаемадзеянне алельных генаў. Аналізуючае скрыжаванне
Аналізуючае скрыжаванне. Пры поўным дамінаванні аднаго алеля над другім арганізмы з дамінантным фенатыпам могуць мець розныя генатыпы — АА ці Аа. Як вызначыць генатып асобіны, якая валодае дамінантнай прыметай? Гэта можна зрабіць па выніках скрыжавання даследуемай асобіны з рэцэсіўнай гомазіготай (аа). Такое скрыжаванне называецца аналізуючым.
Напрыклад, у таматаў ген, які вызначае з’яўленне круглых пладоў, поўнасцю дамінуе над генам, які абумоўлівае грушападобную форму. Дапусцім, што трэба вызначыць генатып расліны з круглымі пладамі. Увядзём абазначэнні адпаведных генаў: А — круглыя плады, а — грушападобныя. Даследуемая расліна можа мець генатып АА або Аа. У гэтым выпадку запісваюць фенатыпічны радыкал — тую частку генатыпу, якая вызначае фенатып арганізма. У нашым выпадку фенатыпічны радыкал трэба запісаць у выглядзе А—.
Скрыжуем даследуемую асобіну з рэцэсіўнай гомазіготай, г. зн. з раслінай, якая мае грушападобныя плады:
Р: |
А— |
× |
аа |
|
круглыя |
|
грушападобныя |
Разгледзім два варыянты аналізуючага скрыжавання (мал. 32.4), выкарыстоўваючы два магчымыя генатыпы расліны, якая даследуецца (АА і Аа). Патомства, атрыманае пры аналізуючым скрыжаванні, прынята абазначаць як Fa. Звярніце ўвагу, што ў першым выпадку ў патомстве назіраецца аднастайнасць гібрыдаў, а ў другім — расшчапленне 1 : 1.
Такім чынам, калі патомства, атрыманае пры аналізуючым скрыжаванні, аднастайна па дамінантнай прымеце, то асобіна, якая аналізуецца, з’яўляецца гомазіготнай (АА). Калі ж у патомстве назіраецца расшчапленне, арганізм, які даследуецца, з’яўляецца гетэразіготным (Аа). Такім чынам, аналізуючае скрыжаванне — гэта скрыжаванне асобіны, якая мае дамінантны фенатып, з гомазіготнай рэцэсіўнай асобінай для выяўлення генатыпу асобіны, якая аналізуецца.
На прыкладзе аналізуючага скрыжавання вы пераканаліся, што на аснове прымет атрыманага патомства можна вызначаць генатыпы бацькоўскіх форм. У шэрагу выпадкаў вынікі праведзеных скрыжаванняў дазваляюць таксама вызначыць тып узаемадзеяння генаў, асаблівасці іх фенатыпічнага праяўлення і г. д. (табл. 32.2).
Табліца 32.2. Вывады, якія можна зрабіць на аснове вынікаў монагібрыднага скрыжавання
З'ява, якая назіраецца ў патомстве |
Інфармацыя пра бацькоўскія асобіны і асаблівасці ўзаемадзеяння генаў |
Аднастайнасць гібрыдаў па дамінантнай прымеце |
Бацькі — гомазіготы, напрыклад АА × аа, поўнае дамінаванне |
Аднастайнасць гібрыдаў па прамежкавай прымеце |
Бацькі — гомазіготы, напрыклад АА × аа, няпоўнае дамінаванне |
Расшчапленне 3 : 1 |
Бацькі — гетэразіготы, напрыклад Аа × Аа, поўнае дамінаванне |
Расшчапленне 1 : 2 : 1 |
Бацькі — гетэразіготы, напрыклад Аа × Аа, няпоўнае дамінаванне |
*Расшчапленне 2 : 1 |
Бацькі — гетэразіготы, напрыклад, Аа × Аа, дамінантны ген валодае лятальным дзеяннем* |
Расшчапленне 1 : 1 |
Адзін з бацькоў гетэразіготны, другі гомазіготны, напрыклад Аа × аа (пры няпоўным дамінаванні таксама Aa × AA) |