*§ 56. Паводзіны чалавека
Чалавек і прыроднае асяроддзе. Прырода для чалавека, як і для іншых жывых арганізмаў, — гэта асяроддзе пражывання і адзіная крыніца існавання. Чалавек мае патрэбнасць ў пэўным складзе атмасфернага паветра, вадзе, раслінах, жывёлах і г. д. Аднак у выніку навукова-тэхнічнага прагрэсу чалавецтва атрымала практычна неабмежаваную ўладу над прыродай і, на жаль, не заўсёды рацыянальна выкарыстоўвае яе рэсурсы для задавальнення сваіх патрэбнасцей, якія ўсё нарастаюць.
Як вы ўжо ведаеце з курса біялогіі 10-га класа, такія спажывецкія паводзіны чалавека ў адносінах да прыроды прывялі да ўзнікнення цэлага шэрага экалагічных праблем, якія ўяўляюць сур'ёзную небяспеку для нашай цывілізацыі і біясферы ў цэлым. У сувязі з гэтым чалавецтву трэба змяніць свае адносіны да прыроднага асяроддзя такім чынам, каб забяспечыць далейшае развіццё, пры якім задавальненне патрэбнасцей людзей не будзе ставіць пад пагрозу дабрабыт наступных пакаленняў, іх здольнасць задавальняць уласныя надзённыя патрэбнасці.