§ 53. Фактары эвалюцыі чалавека. Чалавечыя расы. Эвалюцыя чалавека на сучасным этапе
Чалавечыя расы, іх паходжанне і адзінства. Усе сучасныя людзі належаць да аднаго віду — Чалавек разумны, у межах якога выдзяляюць тры асноўныя расы: еўрапеоідную, мангалоідную і негроідную (мал. 53.1). Чалавечая раса — гэта група людзей з агульнымі спадчынна замацаванымі марфалагічнымі прыметамі, якая склалася гістарычна. Адрозненні паміж расамі нязначныя, яны зводзяцца да асаблівасцей колеру скуры, вачэй і валасоў, формы носа, вуснаў і некаторых іншых прымет.
Фарміраванне рас Чалавека разумнага было абумоўлена шырокім рассяленнем краманьёнцаў і ўзнікненнем у выніку гэтага геаграфічнай ізаляцыі. Папуляцыі чалавека асвойвалі розныя рэгіёны планеты, траплялі ў розныя кліматычныя ўмовы і паступова назапашвалі адрозненні. Прыметы, характэрныя для асноўных рас чалавека, пералічаны ў табліцы 53.1.
Табліца 53.1. Прыметы асноўных чалавечых рас
Прымета |
Раса |
||
Еўрапеоідная (еўразійская) |
Мангалоідная |
Негроідная (аўстрала-негроідная) |
|
Колер скуры |
Светлы ў паўночных груп, смуглы ў паўднёвых і ўсходніх |
Смуглы, з жаўтаватым адценнем |
Цёмны |
Валасы |
Мяккія, часцей прамыя ці хвалістыя, колер вар’іруе ад светлага да цёмнага |
Жорсткія, прамыя, цёмныя |
Жорсткія, кучаравыя, цёмныя |
Рост вусоў і барады ў мужчын |
Багаты |
Слабы |
Слабы |
Асаблівасці твару |
Вузкі, сківіцы не выступаюць |
Шырокі, прыплюснуты, моцна выступаюць скулы, сківіцы не выступаюць |
Вузкі, выступае сківічная частка |
Форма носа |
Вузкі, выступае |
Сярэдняй шырыні, слаба выступае |
Шырокі, слаба выступае |
Таўшчыня вуснаў |
Тонкія ці сярэдняй таўшчыні |
Сярэдняй таўшчыні |
Тоўстыя, напухлыя |
Колер вачэй |
Ад светла-блакітнага да амаль чорнага |
Цёмныя |
Цёмныя |
Разрэз вачэй |
Шырокі |
Вузкі |
Шырокі |
Эпікантус1 |
Не характэрны |
Моцна развіты |
Не характэрны |
1 Эпікантус — асаблівая складка каля ўнутранага вугла вока, утвораная скурай верхняга павека.
Многія расавыя прыметы з’яўляюцца прыстасавальнымі. Так, напрыклад, негроідная раса сфарміравалася ў трапічных лясах і саваннах Афрыкі, г. зн. ва ўмовах спякотнага клімату. Цёмны колер скуры негроідаў служыць аховай ад лішку ультрафіялетавых прамянёў, а кучаравыя валасы, якія ствараюць цеплаізаляцыйны слой, засцерагаюць галаву ад перагрэву. Вобласцю ўзнікнення еўрапеоіднай расы, верагодна, была Еўропа. Еўрапеоіды прыстасоўваліся да выжывання ў халодным і вільготным клімаце. Іх светлая скура спрыяе паглынанню ультрафіялетавых прамянёў, неабходных для сінтэзу вітаміну D. Вузкі выступаючы нос еўрапеоідаў добра сагравае паветра, якое ўдыхаецца. Мангалоідная раса ўзнікла, відаць, ва ўмовах стэпаў і паўпустынь Азіі. Мангалоіды адаптаваліся да сухога кантынентальнага клімату — халодных зім і спякотнага лета з пясчанымі бурамі. Вузкі разрэз вачэй і наяўнасць эпікантуса (мал. 53.2), верагодна, забяспечвалі ахову іх вачэй ад пападання пылу.
*У межах кожнай расы існуе разнастайнасць, таму вылучаюць некалькі дзясяткаў другасных, ці малых, рас. У сувязі з развіццём грамадскіх сувязей, ростам міграцыйных працэсаў і міжрасавымі шлюбамі ў многіх рэгіёнах Зямлі ўзнікалі кантактавыя міжрасавыя групы.*
*Мангалоідную расу падзяляюць на азіяцкую (тыповыя мангалоіды) і амерыканскую. Прадстаўнікі амерыканскай расы (амерынды) — карэннае насельніцтва Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі. Па шэрагу прымет яны падобныя да іншых мангалоідаў, але маюць менш пляскаты твар і бронзавае адценне скуры, у іх выступае «арліны» нос. Акрамя таго, у дарослых амерындаў адсутнічае эпікантус.
У межах негроіднай расы вылучаюць аўстралоідную — гэта карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі. Цёмная скура і шырокі пляскаты нос збліжаюць аўстралоідаў з тыповымі негроідамі, а хвалістыя валасы, багаты рост вусаў і барады — з еўрапеоідамі. Па асаблівасцях будовы зубоў, пальцавых узорах і некаторых іншых прыметах яны блізкія да мангалоідаў.*
У цяперашні час расавыя асаблівасці не маюць істотнага значэння для жыццядзейнасці людзей. Па шэрагу прымет, такіх, напрыклад, як аб’ём і будова галаўнога мозгу, будова гартані, кісці і ступні, форма пазваночніка, расы практычна не адрозніваюцца. Паміж прадстаўнікамі розных рас няма ніякіх прынцыповых адрозненняў у разумовых здольнасцях, г. зн. здольнасцях да пазнання, творчай і працоўнай дзейнасці. Адзінства рас даказваецца таксама адсутнасцю паміж імі генетычнай ізаляцыі, пра што сведчыць нараджэнне паўнавартаснага патомства ў міжрасавых шлюбах. Такім чынам, усе расы знаходзяцца на адным і тым жа ўзроўні эвалюцыйнага развіцця і з’яўляюцца раўнацэннымі. *Адрозненні ў асаблівасцях культуры народаў розных рас ні ў якім разе не звязаны з іх біялагічнымі адрозненнямі, а абумоўлены гістарычна сфарміраванымі грамадска-эканамічнымі ўмовамі.*
Расізм — сукупнасць антынавуковых канцэпцый, у аснове якіх ляжаць палажэнні пра фізічную і псіхічную нераўнацэннасць чалавечых рас і пра вырашальны ўплыў расавых адрозненняў на гісторыю і культуру чалавечага грамадства. Расісты не прызнаюць адзінства паходжання рас, расавыя адрозненні расцэньваюць як відавыя. Для расізму характэрна ідэя пра падзел людзей на «вышэйшыя» і «ніжэйшыя» расы. Прычым «вышэйшыя» нібыта з’яўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі, прызначанымі да панавання, а «ніжэйшыя» не здольныя да стварэння і засваення высокай культуры і павінны быць аб’ектамі эксплуатацыі. Ідэі пра дзяленне рас на «вышэйшыя» і «ніжэйшыя» накіраваны на апраўданне войн, каланіяльнай палітыкі і расавай дыскрымінацыі. Яны не маюць пад сабой ніякага навуковага абгрунтавання.