§ 53. Фактары эвалюцыі чалавека. Чалавечыя расы. Эвалюцыя чалавека на сучасным этапе
Біялагічныя і сацыяльныя фактары антрапагенезу. *Агульныя заканамернасці гістарычнага развіцця жывой прыроды прымянімыя і да эвалюцыі чалавека.* Як вы ўжо ведаеце, у другой палове XIX ст. Ч. Дарвін навукова абгрунтаваў ролю такіх біялагічных фактараў антрапагенезу, як спадчынная зменлівасць, барацьба за існаванне і натуральны адбор. Па сучасных уяўленнях, да біялагічных фактараў эвалюцыі чалавека таксама адносяць папуляцыйныя хвалі, паток і дрэйф генаў, ізаляцыю.
Пахаладанне клімату, якое прывяло да выцяснення трапічных лясоў Афрыкі стэпамі і саваннамі, вымусіла нашых продкаў асвойваць адкрытыя прасторы. Пераход папярэднікаў чалавека ад дрэвавага спосабу жыцця да наземнага спрыяў развіццю прамахаджэння. Вертыкальнае становішча цела дазваляла атрымліваць больш інфармацыі. Перавага ў барацьбе за існаванне была ў тых асобін, якія маглі лепш яе аналізаваць. У сувязі з гэтым пад дзеяннем натуральнага адбору адбывалася прагрэсіўнае развіццё галаўнога мозгу. Пярэднія канечнасці вызваліліся ад функцыі перамяшчэння. Яны сталі выкарыстоўвацца для ажыццяўлення маніпуляцый з рознымі прадметамі.
Спадчынныя змяненні, звязаныя з удасканаленнем прамахаджэння, галаўнога мозгу, рук, давалі перавагі ў барацьбе за існаванне і захоўваліся натуральным адборам. Такім чынам, пад дзеяннем біялагічных фактараў у ходзе антрапагенезу адбывалася фарміраванне перш за ўсё марфалагічных і фізіялагічных асаблівасцей чалавека.
Аднак растлумачыць эвалюцыю чалавека выключна біялагічнымі заканамернасцямі немагчыма. Чалавек займае асаблівае становішча ў прыродзе, паколькі з’яўляецца адначасова як біялагічнай, так і сацыяльнай істотай. *Ён становіцца чалавекам толькі тады, калі жыве і развіваецца ў грамадстве. Так, дзіця, цалкам ізаляванае ад іншых людзей, не навучыцца гаварыць, яго мысленне не разаўецца. Такім чынам, вельмі важную ролю ў развіцці чалавека адыгрываюць сацыяльныя фактары.*
Значэнне сацыяльных фактараў антрапагенезу раскрыў Ф. Энгельс у працы «Роля працы ў працэсе ператварэння малпы ў чалавека». Да гэтых фактараў залічваюць працу, маўленне, мысленне і грамадскі спосаб жыцця.
Для паспяховага выжывання, засваення новых месцаў пражывання, пошуку ежы і абароны ад драпежнікаў продкі чалавека аб’ядноўваліся ў групы. Узнікла неабходнасць зносін для ўзгаднення дзеянняў членаў такіх груп. Верагодна, першай формай зносін была жэстыкуляцыя. Але паступова гартань і ротавы апарат людзей у выніку спадчыннай зменлівасці і натуральнага адбору пераўтвараліся — развівалася маўленне.
Вызваленне рук ад функцыі апоры дазволіла выкарыстоўваць іх для вырабу прылад працы і працоўнай дзейнасці. * Вытворчасць прылад працы патрабуе дакладнай каардынацыі рухаў рук. Яна павінна абапірацца на веды пра ўласцівасці матэрыялаў і спосабы іх апрацоўкі.* Ужыванне штучна створаных прылад для палявання дазволіла чалавеку дабавіць у рацыён ежу жывёльнага паходжання, якая з’яўляецца больш каларыйнай і ўтрымлівае больш бялкоў, чым раслінная. Дзякуючы працы чалавек стаў не толькі лепш адаптавацца да асяроддзя пражывання, але і паступова змяняць яго ў патрэбным для сябе напрамку. З удасканаленнем працоўнай дзейнасці і маўлення звязана развіццё мыслення і галаўнога мозгу. У выніку натуральнага адбору ў людзей адбылося значнае павелічэнне яго аб’ёму і ўскладненне кары вялікіх паўшар’яў.
З развіццём працоўнай дзейнасці адбывалася ўмацаванне сацыяльных сувязей. Людзі калектыўна палявалі, абараняліся ад драпежнікаў і выхоўвалі дзяцей. Статкавы спосаб жыцця, які быў характэрны для папярэднікаў чалавека, дзякуючы развіццю мыслення, маўлення і сумеснай працы людзей, стаў грамадскім спосабам жыцця.
Марфалагічныя і фізіялагічныя асаблівасці чалавека перадаюцца па спадчыне. Аднак вельмі важную ролю ў эвалюцыі людзей адыгрывае перадача з пакалення ў пакаленне ведаў, уменняў, традыцый, якія не наследуюцца. Іх пераемнасць ажыццяўляецца толькі ў грамадстве дзякуючы навучанню і выхаванню. Такі негенетычны спосаб перадачы інфармацыі стаў магчымым у выніку развіцця маўлення, а пасля і пісьменства.
*Трэба таксама адзначыць, што важным фактарам у эвалюцыі чалавека стала выкарыстанне агню. Яно спрыяла выжыванню ў халодным клімаце і рассяленню людзей, пашырэнню харчовага рацыёну. Ежа, згатаваная на агні, лягчэй перажоўвалася і засвойвалася. Знізілася нагрузка на жавальны апарат і стрававальную сістэму. Гэта абумовіла адноснае змяншэнне аб'ёму аддзела твару чэрапа і пакарачэнне кішэчніка ў ходзе натуральнага адбору.*
На пачатковых этапах антрапагенезу вядучую ролю адыгрывалі біялагічныя фактары, якія спрыялі фарміраванню морфафізіялагічных асаблівасцей чалавека. Але паступова іх дзеянне слабела, бо ў выніку працоўнай дзейнасці паменшылася залежнасць людзей ад умоў навакольнага асяроддзя. Чалавек навучыўся выкарыстоўваць агонь, будаваць жыллё, вырабляць адзенне і г. д. Дзеянне сацыяльных фактараў, накіраванае на ўдасканаленне адносін паміж людзьмі, наадварот, узмацнялася і з цягам часу выйшла на першы план.