§ 48. Асноўныя доказы эвалюцыі
Палеанталагічныя доказы эвалюцыі. Палеанталогія займаецца вывучэннем выкапнёвых рэшткаў вымерлых арганізмаў, аднаўленнем іх аблічча, выяўленнем падабенства і адрозненняў старажытных і сучасных відаў. Супастаўленне палеанталагічных знаходак, атрыманых з геалагічных пластоў розных эпох, дае магчымасць прасачыць эвалюцыю арганічнага свету ў часе, вызначыць сувязі вымерлых форм з тымі, што існуюць зараз.
Важнейшымі доказамі эвалюцыі, якія дазваляюць выявіць пераемнасць паміж рознымі сістэматычнымі групамі арганізмаў, з’яўляюцца выкапнёвыя пераходныя формы. Так называюцца вымерлыя арганізмы, якія спалучалі ў сабе прыметы старажытных і гістарычна больш маладых груп (мал. 48.4). Напрыклад, вывучэнне зверазубых яшчараў (адна з груп выкапнёвых рэптылій), якія валодалі рысамі падабенства як да больш прымітыўных рэптылій, так і да звяроў, дазволіла высветліць шэраг дэталяў, што датычацца эвалюцыйнага пераходу ад паўзуноў да млекакормячых. Пераходнай формай ад старажытных кісцяпёрых рыб да сучасных земнаводных з’яўляюцца вымерлыя амфібіі стэгацэфалы. Даследаванне выкапнёвых раслін рыніяфітаў дало магчымасць выявіць эвалюцыйную сувязь паміж водарасцямі і споравымі раслінамі.
У некаторых выпадках вывучэнне палеанталагічных знаходак дазваляе звязваць пэўныя выкапнёвыя формы адна з адной і з сучаснымі відамі ў адзіныя філагенетычныя рады. Яны ўяўляюць сабой паслядоўнасці выкапнёвых форм, якія адлюстроўваюць ход гістарычнага развіцця (філагенезу) відаў, што існуюць у цяперашні час. Такія рады пабудаваны для многіх відаў пазваночных і беспазваночных жывёл. Адным з прыкладаў з’яўляецца філагенетычны рад сучаснага каня (мал. 48.5), назвы эвалюцыйных продкаў якога прыведзены не для запамінання.
*Рэліктавыя віды. Асаблівую цікавасць для навукі ўяўляе вывучэнне рэліктавых відаў, ці рэліктаў. Гэта зборная назва зараз існуючых відаў, якія належаць да сістэматычных груп, што практычна цалкам вымерлі ў мінулыя геалагічныя эпохі. Рэліктавыя віды, якія таксама называюць «жывымі выкапнямі», захаваліся на нашай планеце з найстаражытнейшых часоў у амаль нязменным выглядзе, што абумоўлена, перш за ўсё, адносна пастаяннымі ўмовамі іх існавання і дзеяннем стабілізуючай формы натуральнага адбору. Многія «жывыя выкапні» на сённяшні дзень з'яўляюцца рэдкімі ці выміраючымі відамі, якія займаюць невялікія арэалы. Даследаванне рэліктаў дае магчымасць рабіць вывады пра будову, спосаб жыцця і іншыя біялагічныя асаблівасці роднасных ім відаў, шырока пашыраных у старажытнасці, але ў выніку вымерлых.
У якасці прыкладаў «жывых выкапняў» можна прывесці латымерыю — адзіночны від кісцяпёрых рыб, што захавалася да нашых дзён (мал. 48.6), ці гатэрыю — унікальнага прадстаўніка старажытных клювагаловых рэптылій. Рэліктамі таксама з'яўляюцца гінкга двухлопасцевы і вяльвічыя дзіўная — прадстаўнікі старажытных груп голанасенных раслін і др.*