§ 15. Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях у сярэдзіне ХІІІ ст. — першай палове ХVI ст.

3. Асноўныя этапы запрыгоньвання сялян

Паступова ў Вялікім Княстве Літоўскім складвалася прыгоннае права — асабістая залежнасць сялян ад феадалаў.

Поўнай уласнасцю феадала з’яўлялася «чэлядзь нявольная», якая не вяла сваёй гаспадаркі і жыла ў яго маёнтку. Асноўная частка сялян да аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста падзялялася на людзей «пахожых» і «непахожых». «Пахожыя» (большасць сялян) мелі права пераходзіць ад аднаго феадала да другога, іх нельга было перадаць у спадчыну. «Непахожыя» былі пазбаўлены такога права і лічыліся прыгоннымі.

Пачатак афармленню прыгоннага права паклаў прывілей Казіміра Ягайлавіча 1447 г., у якім вялікі князь загадаў феадалам не прымаць у сваіх уладаннях сялян, што збеглі з дзяржаўных маёнткаў. Таксама феадалы атрымалі права вотчыннага суда над сялянамі.

Статут ВКЛ 1529 г. увёў «земскую даўніну» — перыяд жыцця селяніна на зямлі феадала, пасля якога селянін станавіўся непахожым. «Даўніна» была вызначана 10 гадамі. Статут пакідаў для сялян магчымасць пераходзіць ад аднаго феадала да другога толькі раз у год на падставе мясцовай дамовы паміж федаламі з абавязковай выплатай пэўнай сумы грошаў — пажылога (5 коп літоўскіх грошаў).

Статут ВКЛ 1566 г. дазволіў шукаць збеглых сялян на працягу 10 гадоў і вызначыў пакаранні тым, хто іх прыняў. Статут 1588 г. павялічыў тэрмін пошуку да 20 гадоў, а памер пажылога — да 10 коп літоўскіх грошаў.

Такім чынам, у канцы ХVІ ст. у Вялікім Княстве Літоўскім канчаткова аформілася прыгоннае права. Сялян можна было прадаваць, абменьваць, аддаваць у заклад. Пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд Герберштэйн, праязджаючы праз тэрыторыю ВКЛ у Маскоўскую дзяржаву, адзначаў: «Народ … прыгнечаны цяжкім рабствам. Таму што любы, хто валодае ўладай, можа зайсці ў жытло селяніна і … без пагрозы пакарання зрабіць усё, што пажадае … нават жорстка пабіць селяніна».