§ 12-2. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVIІ – першай палове XVIIІ ст.

2. Вайна з Расіяй 1654—1667 гг.

Новая вайна з Расіяй адбылася ў 1654—1667 гг. Яна была выклікана імкненнем цара Аляксея Міхайлавіча вярнуць землі, страчаныя ў першай палове XVII ст. Да таго ж расійскі цар лічыў сябе абаронцам інтарэсаў праваслаўных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, якіх гвалтоўна далучалі да царкоўнай уніі. Вайна таксама была выклікана рашэннем Пераяслаўскай рады 1654 г. аб уключэнні Левабярэжнай Украіны ў склад Расіі.

Сілы былі няроўнымі, Рэч Паспалітая саступала Расіі ў колькасці атрадаў. Армія маскоўскага цара налічвала каля 100 тыс. чалавек і складалася з трох груповак (Шарамецева, Чаркаскага і Трубяцкога). Дапамогу Аляксею Міхайлавічу аказалі запарожскія казакі на чале з Іванам Залатарэнкам. Армія ВКЛ была зусім не падрыхтавана да вайны. Гетман Януш Радзівіл сабраў толькі каля 10 тыс. чалавек шляхецкага апалчэння і наймітаў.

У 1654—1655 гг. расійскія войскі захапілі Смаленск, Віцебск, Полацк, Магілёў, Пінск. Амаль уся тэрыторыя Беларусі апынулася пад уладай Аляксея Міхайлавіча. На вернасць цару прысягала праваслаўнае насельніцтва. Новае наступленне рускіх войскаў у 1655 г. прывяло да страты Менска, Гародні, Вільні. Цар абвясціў сябе вялікім князем літоўскім. Перамір’е 1656 г. часова спыніла ваенныя дзеянні.

З 1660 г. ход вайны змяніўся на карысць Вялікага Княства Літоўскага. Гэтаму садзейнічала не толькі шырокае народнае супраціўленне, але і спыненне вайны, якую ў той час Польшча вяла са Швецыяй, а таксама непаразуменні расійскіх улад з украінскімі казакамі. Пасля смерці Хмяльніцкага новы ўкраінскі гетман пайшоў на збліжэнне з Рэччу Паспалітай.

У 1660 г. пацярпелі паражэнні корпус Хаванскага пад Ляхавічамі ў Палонкаўскай бітве і корпус Далгарукава на рацэ Бася каля Чавусаў. У 1661 г. была вызвалена Вільня. Затым вайна прыняла пазіцыйны характар.

Пасля доўгіх перамоў 30 студзеня 1667 г. у вёсцы Андросава (на Смаленшчыне) варожыя бакі падпісалі Андросаўскае перамір’е на 13 гадоў і 6 месяцаў. Расійская дзяржава атрымала смаленскія, чарнігаўскія і северскія землі, Левабярэжную Украіну і Кіеў. Землі Беларускага Падзвіння вярталіся ў склад ВКЛ.