§ 5-1. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі

3. Старажытнарымскія, візантыйскія, арабскія і старажытнарускія крыніцы аб славянах

Назва «славяне» замацавалася ў VІ ст., раней выкарыстоўваліся розныя іншыя назвы. Рымскія аўтары ў І—ІІ стст. пісалі пра плямёны «венедаў». Магчыма, гэта самая старажытная назва славян. Вучоныя мяркуюць, што так славян называлі іх суседзі. Вядомы рымскі гісторык Тацыт (І ст.) адзначаў, што венеды былі падобны на старажытных германцаў і займалі вялізныя абшары ад Дуная да Балтыйскага мора. Гоцкі гісторык Іардан у першай палове VI ст. размяшчаў венедаў на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Ад іх, на думку аўтара, пайшлі склавіны і анты. Месцам пражывання склавінаў ён лічыў землі паміж Дунаем і Днястром, а антаў — паміж Днястром і Дняпром.

У VI ст. славяне рассяліліся на вялікай тэрыторыі ад Эльбы да Дуная, Дняпра, Дона і Чорнага мора. Яны сталі небяспечнымі суседзямі Візантыі. Візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі, падрабязна апісваючы жыццё і норавы старажытных славян, быў вельмі ўражаны іх узаемападтрымкай, смеласцю і ваяўнічасцю.

У канцы VI ст. быў складзены візантыйскі ваенны трактат «Страцегікон», які ўтрымліваў звесткі па вядзенні вайны супраць славян. Гісторыкі мяркуюць, што стваральнікам гэтай працы быў імператар Маўрыкій.

Пазней, у сярэдзіне Х ст., візантыйскі імператар Канстанцін Парфірародны напісаў кнігу для сваіх нашчадкаў «Аб кіраванні дзяржавай». У адным з яе раздзелаў гаворыцца аб русах, якія прыбываюць у Канстанцінопаль (Царград) на лодках. Цікава, што рабілі гэтыя лодкі крывічы, а пасля дастаўлялі русам.

Важныя звесткі аб славянах былі сабраны ўсходнімі географамі ІХ—ХІІ стст., якія валодалі арабскай і персідскай мовамі. Арабскія аўтары надавалі розны сэнс тэрмінам «славяне» і «русы». Яны пісалі аб трох усходнеславянскіх цэнтрах: «Куябе», «Славіі» і «Артаніі». Першыя два цэнтры даследчыкі суадносяць з Кіевам і Ноўгарадам, а трэці раён — загадкавы. У крыніцах запісана: «Артанцы па вадзе спускаюцца да Куябы, каб гандляваць». Існуе гіпотэза, што Арта знаходзілася на тэрыторыі паўночнай Беларусі. Менавіта там, каля Лукомля, Оршы, Полацка, археолагі знайшлі скарбы арабскіх манет.