§ 5-1. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі
2. Асноўныя канцэпцыі паходжання славян
Сваю назву славяне атрымалі ад «слова», гэта значыць яны «валодалі словам», разумелі адно аднаго. А вось пытанне пра іх прарадзіму (тэрыторыю, дзе яны першапачаткова жылі) у гістарычнай навуцы застаецца спрэчным. Існуюць тры падыходы да гэтай праблемы. Адна група вучоных лічыць, што прарадзімай славян з’яўляліся тэрыторыі ў сярэднім цячэнні Дуная. Другая група даследчыкаў, найперш польскіх, размяшчае старажытных славян у міжрэччы Одэра і Віслы. Трэцяя група адносіць прарадзіму славян да зямель паміж Заходнім Бугам і Дняпром, уключаючы поўдзень Беларусі. Паводле думкі сучасных спецыялістаў, фарміраванне славян адбывалася ў першай палове I тыс. н. э., і гэта версія на падставе новых археалагічных знаходак з’яўляецца даволі абгрунтаванай.