§1-1. Навуковыя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі

3. Даследаванне гісторыі беларускіх зямель

Першым гісторыкам Вялікага Княства Літоўскага лічыцца Мацей Стрыйкоўскі, які напісаў «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» (1582). У творы на лацінскай мове раскрываецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага ад першых літоўскіх князёў да Стафана Баторыя. Аўтар зрабіў вершаваныя ўстаўкі аб знакамітых бітвах, якія адбыліся на беларускіх землях, напрыклад, пад Клецкам у 1506 г., на рацэ Уле ў 1564 г.

У XVII ст. прафесар Віленскага ўніверсітэта Альберт Віюк-Каяловіч напісаў двухтомную «Гісторыі Літвы». Кнігі былі выдадзены ў Польшчы і Галандыі на лацінскай мове і прызначаліся таксама для замежнага чытача.

У ХІХ — пачатку ХХ ст. польскія гісторыкі лічылі беларускія землі часткай Польшчы, не прызнавалі за беларусамі права мець уласную гісторыю. У супрацьвагу ім рускія гісторыкі сцвярджалі, што Беларусь — спадчыннае ўладанне расійскай манархіі. Так склаўся «заходнерусізм» — канцэпцыя, якая атаясамлівала беларусаў з рускім народам.

З другой паловы ХІХ ст. у Маскоўскім, Кіеўскім і іншых універсітэтах Расійскай імперыі гісторыкі сталі вывучаць мінулае Вялікага Княства Літоўскага. Яны разглядалі Княства як самастойную ад Польшчы і Расіі дзяржаву. Ураджэнец Гродзеншчыны акадэмік Я. Ф. Карскі (1861—1931) на падставе разнастайных крыніц абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа з багатай культурай.

Пасля ўтварэння БССР айчынную гісторыю даследавалі супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), арганізаванага ў 1922 г. Яны праводзілі археалагічныя раскопкі, вывучалі мінулае Беларусі, культуру, права, мастацтва, педагогіку беларускага народа. 

З 1929 г. па сённяшні дзень вядучым цэнтрам гістарычнай навукі Беларусі з’яўляецца Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вучоныя плённа даследавалі аграрную рэформу Жыгімонта ІІ Аўгуста, гарады ВКЛ, Статуты Княства, гісторыю сялянскага і казацкага рухаў на Беларусі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны беларускія гісторыкі і археолагі заклалі аснову вывучэння гісторыі нашай Радзімы. Дзякуючы іх самаадданай працы склаўся асобны навуковы напрамак — гісторыя Беларусі. Веды аб мінулым мы можам атрымаць не толькі са старонак школьных дапаможнікаў, але і з грунтоўных даведачных выданняў. Сярод іх — «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993—2003), «Беларуская энцыклапедыя» (1996—2004), энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» (2005—2006).