* «Подых навальніцы»
«Подых навальніцы»
Раман працягвае кнігу «Людзі на балоце». У ім больш маштабна выяўляецца погляд на перамены ў жыцці сялян, больш уважліва ацэньваюцца акалічнасці, што ўплывалі на лёс герояў першай кнігі, больш завостраны драматызм.
Пісьменнік з акружаных балотам Куранёў «вырваўся» на прастор, стаў думаць не толькі пра вясковыя клопаты, але i пра жыццё воласці, акругі, рэспублікі. Працуючы над другой кнігай, Мележ адчуў патрэбу ў пашырэнні поля дзейнасці герояў, якія сутыкаюцца з мноствам надзённых пытанняў, у вырашэнні маральна-філасофскіх праблем чалавека i часу, асобы i грамадства, свабоды i неабходнасці, сэнсу чалавечага існавання. «Хроніка» сваім зместам выходзіць за часавыя межы калектывізацыі. Пісьменнік паказвае, як нялёгка, у пакутах, нараджаецца пры водблісках маланак новы свет, няпроста даюцца пошукі жыццёвых шляхоў.
Навальніца ў рамане — не толькі сімвал абнаўлення жыцця, але і ўвасабленне драматызму, складанасці. Яна радуе адных (Міканор), другім пакуль яшчэ здаецца незразумелай, нават жорсткай (Васіль), трэцім — нейкай супярэчлівай у сваёй сутнасці (Апейка), іншым — трагедыяй (Карчы). Знаходзяцца і тыя, хто пры святле маланак распачынае ганебныя справы (Галенчык, Кудравец). Маральна-псіхалагічная атмасфера ў творы вельмі напружаная, бо аўтар прад’яўляе да сваіх герояў высокія патрабаванні.
Апейка, чый вобраз займае важнае месца ва ўсёй «Палескай хроніцы», прымае «кіраўніцтва сюжэтам». Гэта сапраўды народны характар. Вобраз Апейкі ў значнай ступені — вынік аўтарскага самавыяўлення, сцвярджэння яго гуманістычных ідэалаў, падагульнення жыццёвага i духоўнага вопыту. Гэты герой народжаны сваім часам. У пераломны момант гісторыі Апейка дапамагае сялянам зрабіць выбар на карысць новага. Разам з іншымі актывістамі ён агітуе куранёўцаў на пабудову грэблі, якая звязала іх з раённым цэнтрам, установамі ўлады, школай i бальніцай.
Апейка не прыдуманы, яго прататып — аднавясковец Мележа Нічыпар Бельскі, які, па словах пісьменніка, «жыве ў роднай вёсцы Глінішчы з тых даўніх пор, калі ён прыехаў у толькі што арганізаваны калгас. Гэта маленства i юнацтва, тое дарагое, чым выкліканы абодва раманы». Апейка — актыўны, свядомы ўдзельнік гістарычнага працэсу, сапраўдны эпічны герой, у характар якога ўплецены цэлыя пласты народнага вопыту. Ён бачыць свет жывым, далёкім ад схемы, для яго непрымальны шаблонны падыход да чалавека. Мастак глыбока раскрывае яго ўнутраны свет, маральную сутнасць, сувязі з людзьмі, прыродай, зямлёй.
Апейка — чалавек з маштабным поглядам на жыццё. Ён хоча падняць сялян да свядомай гістарычнай дзейнасці, да барацьбы за перабудову свету на пачатках сацыяльнай справядлівасці. Гэта ён вызваляе з Юравіцкай турмы Васіля, даведаўшыся, што той сядзіць там без дастатковай віны i падстаў.
Начальнік міліцыі Харчаў спрабуе пярэчыць яму: маўляў, факты ёсць, толькі мы ix не ведаем. Хай сядзіць — другі баяцца будзе. «“Павінны быць канкрэтныя факты”, — ціха, але ўпарта прамовіў Апейка». Законнасць для яго — рэальнае паняцце, без яе герой не бачыць новага жыцця. Зыходзячы са сваіх перакананняў, Апейка палічыў патрэбным разабрацца ў гісторыі з маладым паэтам Алесем Маёвым. У запісах Мележа чытаем пра Апейку: «Не трэба паказваць, што яму ўсё ясна. Ён таксама сумняваецца, пакутліва раздумвае. Сумняваецца, ці, праўда, не мяккацелы. Ці прынцыповы. Дарэчы, стараецца быць прынцыповым. I сумленным. Але навокал багата — i несумленнасці, i беспрынцыпнасці, i кар’ерызму».
Асоба мележаўскага героя, яго духоўны рост раскрываюцца ў паўсядзённых клопатах. Ён бачыць свет у яго супярэчнасцях, разумее, што не ўсе людзі «на адзін капыл»1 — i заможныя, i беднякі. «Не блізнятамі былі, бачыў Апейка, i тыя, каго аб’ядноўвалі адным імем — бедната. За тым агульным, добра знаёмым абліччам галечы i нішчымніцы, якое яднала ўсіх, бачыў Апейка рознасць лёсаў i прычын: бедныя — ад беднасці зямлі, — што ты выціснеш з таго пясочку ці балота! — ад недахвату цягла: паспрабуй, разгарніся без каня! — ад таго, што хворыя кармільцы, ад таго, што няшчасці — невядома за які грэх — сыплюцца, ад таго, што ратоў поўна ў хаце: усё дай ды дай, — a падмогі — ніякай! Былі бедныя, што век у працы, у клопаце, i бедныя, што чухаліся i то з лянотаю; былі век цвярозыя i век п’яныя». Апейка хоча зрабіць селяніна гаспадаром свайго лёсу, але працэс яго сацыяльна-псіхалагічнага, духоўнага абнаўлення нялёгкі. Сяляне слухалі Апейку, згаджаліся, але кожны «не забываў ніколі прытым прасейваць усё праз сваё вельмі тонкае, пільнае сіта». Апейка разумеў, што пройдзе час — i гэтае сіта знікне. Трэба толькі верыць у грамадзянскую актыўнасць людзей, у сілу стваральнай працы.
Канфлікт з кар’ерыстамі тыпу Башлыкова ўскладняе барацьбу за новае жыццё. Апейкаву цвярозасць i ўдумлівасць Башлыкоў называе ліберальнічаннем. Яму патрэбны план, працэнты, лічбы, заведама завышаныя. Справы з арганізацыяй калгасаў развіваюцца не так хутка, як яму хацелася б, i гэта выклікае злосць, нервознасць, абурэнне. У мінулым камсамольскі работнік з Гомеля, а зараз — сакратар райкама, Башлыкоў па накіраванні прыехаў у вёску «ўмацоўваць кіруючае ядро». Упершыню чытач знаёміцца з ім у рамане «Подых навальніцы».
Башлыкоў i Апейка вельмі розныя па характары i псіхалагічным складзе. У накідах да рамана «Завеі, снежань» Мележ тлумачыць: «Башлыкоў, па сутнасці, чалавек малапісьменны. Раней мала вучыўся. Не да таго было, трэба было зарабляць. Потым таксама не да таго было, клопаты іншыя. Толькі месячныя курсы, лекцыі, даклады. Газеты прыхваткамі. Па сутнасці: сачыў, каб быць у курсе. Вучыўся, але ўсё па вярхах знае. Невук па сутнасці».
Раскрываючы вобразы Башлыкова i Апейкі, параўноўваючы ix учынкі i паводзіны, пісьменнік закрануў надзвычай вострую, актуальную праблему адносін да назапашаных за доўгія гады традыцый, маральнага вопыту народа. Не ўсё павінна адыходзіць у мінулае, нешта вельмі важнае спатрэбіцца ў будучыні: любоў да зямлі, працавітасць, чалавечнасць, патрыятызм. Аднак «у Башлыкова — адчуванне вышэйшасці над сялянамі». Чым далей, тым болей высвятляецца, што ідэйнасць, адданасць у Башлыкова больш знешнія, у душы ён прыстасаванец, прагны да славы, любіць сябе, сваю асобу, любіць пакрасавацца. У складаных жыццёвых абставінах Башлыкоў не вытрымлівае экзамен на чалавечую годнасць.
Міканор — гарачы прыхільнік калгаснага руху. Гэта тып вясковага актывіста, для якога перыяд калектывізацыі стаў своеасаблівым «зорным часам». Чалавек ён надзвычай энергічны. Мае поспех яго дзейнасць пасля вяртання з Чырвонай Арміі. Ён прымушае куранёўцаў паверыць у сябе, адчуць, што яны «не горай за другіх». Разам з аднавяскоўцамі, на чале грамады, ён удзельнічае ў многіх добрых справах — у будаўніцтве грэблі, перамеры зямлі. Ім быў пакладзены пачатак супольнага гаспадарання. Куранёўцы паважаюць Дамецікавага Міканора.
Аднак з цягам часу ў ім прарываецца безразважлівае імкненне фарсіраваць аб’ектыўныя жыццёвыя працэсы, даваць «тэмпы», колькасць, не падмацаваную якасцю. Сутнасць калектывізацыі не адразу даходзіць да свядомасці куранёўцаў. Патрэбны тлумачальная работа, станоўчы прыклад. Міканор гэтага не хоча ўлічваць, не жадае чакаць. «Штоб з сягонняшняга дня калгас буў i ў Куранях!» — гаворыць ён у запале аднавяскоўцам, прапануючы абагульніць усю гаспадарку, нават курэй.
На характары Міканора адбіліся супярэчнасці часу, жорсткая барацьба старога i новага, паскораны шлях маладога грамадства ў будучыню. Міканору яўна не хапае кіраўнічага вопыту, перашкаджаюць падазронасць i недавер у адносінах да людзей — гэтыя рысы ўсё больш узмацняюцца ў яго характары. Напрыклад, ён не хоча прымаць у калгас Сцяпана — малодшага сына Халімона Глушака, хоць Сцяпан усімі сіламі цягнецца да новага. Яму б дапамагчы, але Міканор не хоча «рызыкаваць» аўтарытэтам: Глушакі — сваякі бацькам Міканора, і ён баіцца, каб гэта акалічнасць не папсавала яму кар’еру. Старшыня калгаса Міканор Дамецік выступае праціўнікам і Васіля, калі той не згаджаецца аддаць свой участак, засеяны з самай вясны. Міканор не разумее аднавяскоўца, не бачыць, што той не вораг і заслугоўвае даверу.
Вяршыня дзейнасці Міканора — «пачатак арцелі, першыя дні работы супольна, па чарзе на полі, на сенакосе ў кожнага, але спачатку ў самых бедных, слабасільных, многасямейных». Празаіка хвалюе, як суадносяцца асабістае i агульнае, прыватнае i гістарычнае, і гэтыя пытанні ён вырашае праз вобраз Міканора.
Моладзь у «Палескай хроніцы» знаходзіцца на пераломным гістарычным этапе: ёй «трэба было ісці няходжаным полем непражытага жыцця». Праз вобразы Міканора, Ганны, Хадоські, Хоні, Сцяпана, настаўніцы Параскі аўтар паказаў складаныя чалавечыя лёсы.
Хадоська не такая прыкметная, як, напрыклад, Ганна, але ціхая, непасрэдная, ласкавая Канапляначка ўспрымаецца з не меншым замілаваннем. У абліччы гераіні шмат светлых рыс: яе чыстая, добрая душа выпраменьвае няяркае, але прыемнае святло. Балючай ранай стала для Канапляначкі ўласная дзявочая памылка. Некалькі разоў адчувае сябе Хадоська на краі бездані, збіраецца развітацца з жыццём. Менавіта пасля такога магутнага па сваёй сіле штуршка дзяўчына ўзрастае духоўна, выбіраючы жыццё. У вобразе Канапляначкі заўважаецца філасофскае асэнсаванне пазнання чалавекам свету і самога сябе, што адбываецца на ўзроўні не столькі розуму, колькі пачуццяў.
Хадоську вельмі кахае Хоня, настойліва прапаноўвае стаць яго жонкай, хоць не мае на тое бацькоўскай згоды ад Нібыта-Ігната, які не можа змірыцца з тым, што яго дачка пойдзе замуж за такога галетніка, у якога «поўная хата малодшых, ды яшчэ і ў калгас упісаўся». Дзяўчына ж не падзяляе бацькавай думкі. Яна добра разумее, што «Хоня… жаніх непаганы — не тое што горшы, а лепшы за другіх… Хоня не гультай, і яго не трэба папракаць за беднасць». І Хадоська не памыляецца. Кахаючы яе так, што «жыць, здаецца, не рад адзін!», хлопец нават не баіцца быць выключаным з камсамола і з калгаса.
Сцяпан Глушак — зусім не «бацькава насенне», як Яўхім. Хлопцу цяжка ў сваёй сям’і, бо ён, на думку старога Карча, «няўдалы, няздатны да гаспадаркі». «Ціхі, паслухмяны, далікатны», Сцяпан здольны заўважаць прыгожае ў жыцці, схільны да справядлівасці: ён не баіцца заступіцца за маці, калі бацька пачынае груба папракаць яе. Юнак не разумее, чаму патрэбна «тая зямля, што пад лесам», чаму яе «ўсё мало!». Ён гатовы пайсці ў калгас, але Міканор супраць, бо лічыць Сцяпана «кулацкім сынком». І на вучобу па гэтай прычыне хлопец паступіць не можа, хоць і вельмі жадаў бы. Але ён не страчвае надзеі і спрабуе звярнуцца да Апейкі па дапамогу.
Апейка падтрымлівае і маладога паэта Алеся Маёвага, якога беспадстаўна аб’явілі «паслугачом нацдэмаўскага ахвосця», бо ён паказаў сваю стойкасць, прынцыповасць пазіцыі наконт развіцця маладой беларускай літаратуры. Студэнт спрачаецца з тым, «што пісалі пра Пушчу і Дубоўку», даводзіць, што «яны не ворагі, што ім трэба дапамагчы, а не адштурхоўваць». Юнак гаворыць гэта адкрыта, на сходах, што не ўхваляецца ўладай.
Выразная грамадзянская пазіцыя ёсць і ў студэнткі Параскі: будучая настаўніца цвёрда вырашыла прыехаць на працу ў глухую вёску. Яна, як і коласаўскі Андрэй Лабановіч, не грэбуе неадукаванымі палешукамі, а імкнецца несці ім праменьчык асветы. Параска ў творы — прадстаўніца новага, будучага жыцця, таму невыпадкова, што менавіта да яе звяртаецца Ганна па дапамогу, калі назаўсёды пакідае Глушакову хату.
Пошукі будучыні маладым пакаленнем — вельмі важнае для Івана Мележа, як і для Кузьмы Чорнага, пытанне, бо гэта будучыня і лёс усяго беларускага народа.
_____________________
1 Усе на адзін капыл — аднолькавыя, падобныя.