* Андрэ Маруа
* Біяграфія
Андрэ Маруа — аўтар бестселераў у жанры рамана-біяграфіі: гэта кнігі пра Байрана, Гюго, Бальзака, Жорж Санд, Дзюма і інш. |
Андрэ Маруа (Эміль Саламон Вільгельм Эрзог) нарадзіўся 26 ліпеня 1885 года ў яўрэйскай сям’і з Эльзаса, якая пераехала ў Нармандыю.
Здольны да вучобы, малады чалавек скончыў ліцэй у Руане, пасля чаго вырашыў не паступаць вучыцца ў Парыж, а пэўны час папрацаваць на суконнай фабрыцы бацькі, каб набрацца жыццёвага вопыту, неабходнага пісьменніку.
Андрэ Маруа з удзячнасцю ўспамінаў свайго настаўніка філасофіі Алена ў Руанскім ліцэі: «Струмень свежага паветра ўварваўся ў маё жыццё. Я нечакана сустрэў чалавека, які меркаваў пра ўсё смела, самастойна, адкідаючы прапісныя ісціны, але не валадароў думак. “Думка, — гаварыў ён, — трымаецца толькі на мыслярах”. Мая бібліятэка папоўнілася Платонам, Дэкартам, Гегелем, Агюстам Контам. Пасля іх прыйшлі Стэндаль, Бальзак, бо Ален не зводзіў сваю філасофію да прафесійных філосафаў. “Мудрасць, веды жыцця ёсць паўсюль, — гаварыў ён. ― У Гамеры, у Бібліі, у Евангеллях, у “Чалавечай камедыі” мудрасці нават больш, чым у падручніках філасофіі”». |
У час Першай сусветнай вайны Эміль Эрзог быў прызначаны перакладчыкам у брытанскі экспедыцыйны корпус. Па просьбе камандавання, у прыватнасці яго камандзіра Андрэ дэ Кастэя, ён прыняў псеўданім Андрэ Маруа (Андрэ — у гонар стрыечнага брата, забітага ў пачатку вайны, а Маруа — па назве вёскі на поўначы Францыі). Пасля смерці бацькі празаік прадаў сямейную вытворчасць і прафесійна заняўся літаратурнай дзейнасцю.
Звычайна аўтары скрываюць уласнае імя пад псеўданімам, а з Андрэ Маруа адбылося адваротнае. 27 чэрвеня 1947 года ўказам прэзідэнта Францыі Эміль Эрзог афіцыйна змяніў імя на Андрэ Маруа. Так псеўданім стаў афіцыйным прозвішчам пісьменніка. |
Калі пачалася Другая сусветная вайна, Маруа добраахвотнікам запісаўся ў войска. Фашысты разрабавалі яго дом, арыштавалі маці. Пісьменнік згадваў, што гестапа, не знайшоўшы яго самога, забрала яго бібліятэку. Пасля захопу Францыі Германіяй на пэўны час творца эмігрыраваў у ЗША. Затым грамадзянская пазіцыя прывяла пісьменніка ў Алжыр, на выспу Корсіка, дзе ён браў удзел у французскім дэсанце. Пазней Андрэ Маруа вярнуўся жыць у Францыю. Першая жонка Андрэ Маруа Жанна-Мары памерла, пакінуўшы яму маленькіх дзяцей. Ён ажаніўся другі раз — з маладой паэтэсай Сімонай дэ Каявэ.
Знаёмства з англійскімі афіцэрамі ў час ваеннай перакладчыцкай дзейнасці ў перыяд Першай сусветнай вайны натхніла пісьменніка на стварэнне рамана «Маўклівы палкоўнік Брэмбл», які прынёс яму вядомасць.
Андрэ Маруа быў асабіста знаёмы не толькі са знакамітымі пісьменнікамі-сучаснікамі, такімі як Антуан Сент-Экзюперы, але і, напрыклад, з англійскім і амерыканскім акцёрам Чарлі Чапліным. |
У 1920-я гады празаік аддаваў перавагу жанрам псіхалагічнага рамана і мастацкай біяграфіі (па сутнасці, біяграфіі ў раманнай форме), літаратурнага партрэта. У 1930-я гады творца таксама пісаў гістарычныя працы і актыўна займаўся публіцыстыкай. Цікава, што міжваенны час стаў перыядам зацікаўленасці Андрэ Маруа Англіяй, час Другой сусветнай вайны — ЗША, а ўжо затым пісьменнік стаў найбольшую ўвагу ў сваёй прозе аддаваць Францыі і яе літаратуры.
У беларускай літаратуры з жанрам біяграфічнага рамана працавала Валянціна Коўтун (раман «Крыж міласэрнасці» пра Алаізу Пашкевіч). Многія беларускія аўтары пісалі таксама ў жанры біяграфічнай аповесці пра творцаў: Лідзія Арабей, Сцяпан Александровіч, Віктар Карамазаў, Васіль Хомчанка. |
Найбольш папулярныя мастацкія творы Андрэ Маруа — раманы «Зменлівасць кахання» (1928), «Сямейнае кола» (1932). Пісьменнік вядомы таксама сваімі навеламі (знакаміты зборнік «Лісты да незнаёмкі», 1953).
Паводле мастацкага метаду Андрэ Маруа — рэаліст. У артыкуле «Доўг гаварыць праўду» празаік адзначыў, што не патрабуе ад творцаў быць маралістамі, аднак калі пісьменнік хоча даць вобраз рэальнага свету, то ён абавязаны быць праўдзівым. Каштоўна, што ў сваіх творах Андрэ Маруа здолеў адлюстраваць самыя незаўважныя зрухі ў душы чалавека − пісьменнік валодае майстэрствам псіхалагізму. Таксама творца — прызнаны майстар іроніі.
Уклад у развіццё літаратуры 1. Пісьменнік узбагаціў французскую (і сусветную) літаратуру шэрагам біяграфічных раманаў і літаратурных партрэтаў, прысвечаных вядомым празаікам розных краін. 2. Андрэ Маруа выявіў майстэрства псіхалагізму ў навелах і апавяданнях. |