* Апавяданне «Макаркавых Волька»
Канкрэтна-гістарычны змест твора
У апавяданні, напісаным Кузьмой Чорным у 1938 годзе, незадоўга да арышту, пастаўлены важныя маральныя і грамадска-палітычныя праблемы, якія непакоілі грамадства ў тыя часы падазронасці і недаверу.
Таталітарызм сфарміраваў механізм даносаў, і гэтым часта карысталіся амаральныя людзі. Паклёп не быў рэдкасцю: з дапамогай беспадстаўных абвінавачванняў помсцілі тым, хто не падабаўся, а часта і тым, каму проста зайздросцілі; такім бесчалавечным спосабам прыбіралі канкурэнтаў. Чалавека, які ўсё жыццё працаваў, каб нешта мець, у адзін момант маглі назваць кулаком. Пэўныя аспекты абставін таго часу Кузьма Чорны адлюстраваў у творы «Макаркавых Волька».
У рэтраспектыўным зрэзе мы бачым, што галоўная гераіня апавядання Волька і ў маладосці была сумленнай, шчырай і прамалінейнай. Менавіта апошняя з названых якасцей стала прычынай нянавісці да дзяўчыны з боку Сафрона Дзядзюлі. Сафрон сватаўся да Волькі і не проста атрымаў адмову — у адказ ён пачуў праўдзівыя, але крыўдныя словы ў свой адрас. Дзяўчына абвінаваціла Дзядзюлю ў неахайнасці («Ты такі, што абы-дзе сеў, то пасля цябе заўсёды астаецца куча смецця, попелу з папяросы, пяску і гразі з-пад ног»), нявыхаванасці, асацыяльнасці («Калі ты возьмеш у рукі якую-небудзь рэч, то адразу пачнеш на ёй цвіком, шклом ці хоць запалкай вырысоўваць сваё прозвішча і зглуміш тое, што трымаеш у руках»), ганарлівасці і адсутнасці павагі да старэйшых.
Пісьменнік-псіхолаг раскрыў матывы такіх паводзін дзяўчыны ў дачыненні да хлопца: калісьці ён пасмяяўся з яе маці. Калі Волька ўспамінала пра тое здарэнне, то праяўляла свой духоўны бунт, нязгоду з несправядлівасцю і здольнасць пастаяць за блізкіх: «Апошнія словы Волька сказала гнеўна, гнеў гэты явіўся ў яе нечакана, пры ўспаміне аб гэтым выпадку».
Цікава, што Кузьма Чорны, калі пісаў пра заляцанні Дзядзюлі да дзяўчыны, не выкарыстоўваў словы «каханне» або «сімпатыя». Ён пісаў наступным чынам: «Бежанец астаўся ў вёсцы, і праз пэўныя гады Сафрон Дзядзюля пачаў ныць па чорнавалосай Вольцы. Ён хадзіў за ёю доўга, але ў яе і ў думках не было ісці замуж, і не толькі за яго, але за каго б там ні было». Трапна падабраныя словы сведчаць пра тое, што пачуцці Сафрона не былі глыбокімі і шчырымі.
Сафрон Дзядзюля так і не здолеў пераступіць праз крыўду, адпусціць сітуацыю з закранутым гонарам. Аўтар іранізаваў, што дзяўчына «зняважыла высокія Дзядзюлевы пачуцці». Наўрад ці можна назваць каханнем да іншага чалавека тое, што перарасло ў нянавісць. Гэта, хутчэй, надзвычайная любоў да сябе, якая не давала забыцца праз гады на крыўду. Нянавісць, эгацэнтрызм і маладушша спарадзілі ў сэрцы Дзядзюлі помслівасць.
Адрынуты кавалер пісаў лісты з паклёпам на Вольку, каб сапсаваць яе лёс, не даць быць шчаслівай. Кожны ж Вольчын поспех, пра які толькі чуў, Дзядзюля ўспрымаў як асабістую абразу. Пісьменнік стварыў вобраз чалавека, няздольнага дараваць, паважаць чужы выбар і не парушаць асабістыя межы іншых; кар’ерыста, гатовага пераступаць цераз людзей. Для Сафрона Дзядзюлі даносы не толькі спосаб помсты — для яго гэта лад жыцця, магчымасць самасцвердзіцца.
У Кузьмы Чорнага ёсць апавяданне «Маё дзела цялячае», назва якога сінанімічна ўстойліваму выразу «мая хата з краю». У згаданым творы пісьменнік з гумарам паказаў такую рысу пасіўнай большасці, як жаданне не вылучацца, не выказваць сваё ўласнае меркаванне, быць як усе. Гэта рыса сфарміравалася як спосаб самазахавання. Так і ў апавяданні «Макаркавых Волька», калі гутарка ідзе пра стаўленне да Дзядзюлі, падкрэсліваецца: «Вядома, з такога чалавека кпілі ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж ніхто не хацеў з ім звязвацца, кіруючыся прыказкай, што “Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць”». Праз пасіўную пазіцыю большасці актывісты-дзядзюлі незаслужана дасягалі поспехаў у кар’еры і ў грамадскім жыцці, а сумленныя людзі пакутавалі, як, напрыклад, Волька або яе бацька, калі Сафрон прыпісваў яму кулацтва.
Глебай для паклёпаў можна лічыць і вульгарызатарскую крытыку 1930-х гадоў, калі некаторыя аўтары-кар’ерысты (Лукаш Бэндэ, Айзік Кучар) сваімі несправядлівымі меркаваннямі, выказанымі ў друку, перакрэслілі лёс многіх беларускіх літаратараў. |
Макаркавых Волька паказана жанчынай сумленнай, моцнай, здольнай пераадолець любыя перашкоды, адданай свайму прафесійнаму прызванню. Гераіня клапацілася пра бацькоў, а пасля іх смерці даглядала магілы і не забывалася на родныя мясціны: наадварот, пасля вучобы захацела вярнуцца і працаваць там, дзе вырасла. Калі Волька даведалася, што лечыць чалавека, які на працягу доўгіх гадоў псаваў ёй жыццё, у яе не ўзнікла думкі адпомсціць — яна выканала свой прафесійны абавязак урача: «…хацела толькі аднаго: каб ён хутчэй паправіўся і каб больш не лячыць… яго».
Такім чынам, у апавяданні гуманістычная пазіцыя Волькі супрацьпастаўляецца агіднай паклёпніцкай пазіцыі Сафрона Дзядзюлі, які і пасля аказанай яму дапамогі працягваў займацца шальмаваннем і прыніжэннем годнасці іншага чалавека, напісаў чарговы данос. Надзвычай важна, што Волька здолела не апусціцца да ўзроўню Дзядзюлі, які з’яўляецца яе антаганістам у творы.
Напісанне апавядання на тэму даносаў — смелы ўчынак пісьменніка. Але праблемы, узнятыя ў творы «Макаркавых Волька», маюць пазачасавае значэнне, і таму апавяданне, напісанае шмат гадоў таму, не страціла сваёй актуальнасці. Якія б ні былі абставіны або крыўды, чалавек павінен жыць у адпаведнасці з сумленнем, засцерагаць сваю асобу ад разбуральнай сілы ганарлівасці і празмернага самалюбства.
Літаратурныя сувязі. Тэма вытокаў паклёпніцтва і даносаў пазней будзе гучаць у творах многіх пісьменнікаў, а найбольш выразна — у Васіля Быкава. |