Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў

*Крытыка 1920-х гадоў

Калі ў пачатку стагоддзя «Наша ніва» была адзіным цэнтрам літаратурна-крытычнай думкі, то ў 1920-я гады ў Беларусі з’явілася больш за 50 перыядычных выданняў. Галоўныя з іх — «Дзянніца», «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і іх літаратурна-мастацкія дадаткі: «Радавая рунь», «Літаратура і крытыка» (1925—1927), «Чырвоны сейбіт». З 1922 года пачаў выходзіць часопіс «Полымя», з 1923-га — «Маладняк», з 1924-га — «Асвета». Вядучая роля ў крытыцы належала часопісу «Полымя».

Навукоўцы гавораць. Моцны бок гэтай крытыкі — «унутраная нерасчлененасць, функцыянальная недыферэнцыраванасць, як бы сказаць, сінкрэтычнасць. Амаль кожны больш-менш сур’ёзны артыкул закранаў і праблемна-тэарэтычны аспект, і канкрэтнае гісторыка-літаратурнае пытанне» (Міхась Мушынскі).

Істотная слабасць (літаратурнай крытыкі 1920-х гадоў. — Аўт.) была абумоўлена падатлівасцю яе пралеткультаўскім1  тэорыям, нераспрацаванасцю канкрэтных эстэтычных праблем. Згодна… тэорыі, кожны існуючы клас, акрамя пралетарыяту, у той ці іншай ступені абцяжараны элементамі буржуазнай псіхалогіі і ідэалогіі. Таму для тэарэтыкаў і практыкаў пралеткульту характэрнымі былі нігілістычныя2 адносіны да культурнай спадчыны, да літаратуры папярэдніх часоў. Адсюль і заклік «скінуць з парахода сучаснасці» творчасць пісьменнікаў-класікаў (Паводле Ігара Жука).

Акрамя друкаванай крытыкі, у тыя часы была вельмі папулярная вусная крытыка: літаратурныя вечары і дыскусіі па нядаўна надрукаваных творах, публічныя абмеркаванні літаратурна-крытычных дадаткаў да часопісаў і газет. Такая форма існавання крытыкі вельмі ажыўляла і ўзбагачала літаратурны працэс.

З сярэдзіны 1920-х гадоў беларуская крытыка існавала як крытыка ўнутры літаратурных аб’яднанняў і паміж імі: у дыскусіях нараджаліся новыя ідэі, адточвалася думка. Але ў хуткім часе такая групавая барацьба стала адбіраць зашмат сіл у саміх пісьменнікаў, абязлічвала арыгінальныя ідэі, а таму значна запавольвала развіццё літаратурнага працэсу.

Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» хутка ператварылася ў прапагандысцка-асветніцкую арганізацыю, а таму пытанні літаратурнай крытыкі не былі галоўныя. Самым заўважным крытыкам у «Маладняку» быў Адам Бабарэка, які абгрунтоўваў наяўнасць у беларускай літаратуры дзвюх плыней: адраджанізму (Янка Купала, Якуб Колас і іншыя нашаніўцы) і маладнякізму.

У хуткім часе ўтварылася літаб’яднанне «Узвышша». Адным з яго стваральнікаў стаў Адам Бабарэка. Крытыкі ва «Узвышшы» грунтавалі свае развагі на тэарэтычным фундаменце, які часта самі ж і фармулявалі. «Узвышша» дало гісторыі беларускага літаратуразнаўства ўнікальны прыклад пісьменніцкай крытыкі — паэтычную трылогію Уладзіміра Дубоўкі «Кругі», «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!».

«Маладняк»

«Узвышша»

Маладнякоўцы недаацэньвалі фальклор

Узвышаўцы лічылі беларускі фальклор багатай крыніцай літаратурных знаходак паводле формы і зместу

Імкнуліся да стварэння агульнапралетарскай культуры, недаацэньвалі нацыянальную традыцыю

Лічылі, што агульначалавечыя каштоўнасці пазнаюцца толькі праз каштоўнасці нацыянальныя. Адсюль бяруць выток апрацоўкі казак Уладзімірам Дубоўкам, музычнасць мовы Язэпа Пушчы і «сказавая фразеалогія» Лукаша Калюгі  

Успрымалі літаратуру ў якасці зброі класавай барацьбы, а таму засяродзіліся на пралетарскай культуры

Цанілі не толькі пралетарскую культуру, але ўсю культуру, створаную чалавецтвам ва ўсіх эпохах, а таксама беларускую дакастрычніцкую, нашаніўскую

Статычнасць, шаблоннасць вобразаў

Кантраснасць, дынамічнасць вобразаў

Займаліся базавай асветай шматлікіх сяброў аб’яднання

Пільную ўвагу надавалі культуры мовы і таму актыўна звярталіся да мастацкага перакладу сусветнай класікі

З успамінаў. «...піша не так, як усталявалася пісаць літаратурнымі нормамі, а піша, як гавораць і думаюць людзі... І я ж чуў, як натуральна і ёміста гамоняць паміж сабою мае вясковыя суседзі, але па шкалярскай вывучцы лічыў, што гавораць яны няправільна, непісьменна і гатовы быў іх жывую гаворку абчасаць па ўсіх правілах граматыкі і загнаць у слоўнікавыя клешчы... А вось Калюга піша, як гавораць людзі, і ў кожным слове адчуваецца жывое дыханне, натуральная інтанацыя, досціп і мудрасць. Значыць, можна так пісаць і друкаваць, як гавораць людзі. Чаму ж так піша толькі Калюга?» (Сяргей Грахоўскі).

Стваралася ў гэты час і літаратура для дзяцей. Менавіта на 1920–1930-я гады прыпадае пачатак творчасці класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра. Адзін з самых вядомых яго твораў — «Палескія рабінзоны» — быў напісаны ў 1929 годзе (надрукаваны ў 1930-м). Твор цалкам укладаўся ў актуальную тэндэнцыю стварэння займальнай, прыгодніцкай літаратуры.

Навукоўцы гавораць. Cюжэтная мадэль рабінзанады ў беларускай літаратурнай прасторы з’яўляецца даволі папулярнай і на сучасным этапе набывае ўсё новыя жанрава-стылёвыя праекцыі. Асноўныя мадыфікацыі айчынных рабінзанад звязаны з адмысловым месцам (балота, пушча, Чарнобыльская зона). Калі ў сусветным мастацтве слова зыходным тэкстам гэтай схемы стаў твор Даніэля Дэфо, то ў беларускай літаратурнай практыцы такім творам з’яўляецца аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра.

Ухіляючыся ад традыцыйных матываў караблекрушэння ці авіякатастрофы, пісьменнікі мяняюць месца з экзатычнай бязлюднай выспы на недаступныя для звычайнага чалавека пушчанскія ці балотныя абшары. Раннім прыкладам рабінзанады на палескім матэрыяле можна лічыць польскамоўную гавэнду Уладзіслава Сыракомлі «Хадыка». Пазней — аповесці «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, рэмэйк «Новыя палескія рабінзоны» Ягора Конева. А таксама раман «Воўчая выспа» Кастуся Цвіркі, аповесці «Адзінец» Яраслава Пархуты, «Цкаванне вялікага звера» Алеся Наварыча і іншыя (Паводле Алы Брадзіхінай).

_________________________

1 Пралетку́льт — саюз пралетарскіх культурна-асветніцкіх арганізацый.

2 Нігілі́зм (ад лац. nihil — ‘нішто’) — сістэма поглядаў, звязаная з устаноўкай на адмаўленне агульнапрынятых каштоўнасцей, ідэалаў, маральных арыенціраў, культуры.