Апавяданне «Літоўскі хутарок»
Антываенная скіраванасць твора
Праз жыццё маленькага хутара пісьменнік паказаў разбуральнае дзеянне вайны, калі не працуюць законы, калі няма праўды. Паводле Максіма Гарэцкага, вайна — гэта вялікая катастрофа, пасля якой ніхто не зможа застацца ранейшым: ні ўдзельнікі франтавых падзей, ні жыхары акупаваных тэрыторый.
Вайна знішчыла ў людзях індывідуальнае, асабістае, яны ўсе пераўтварыліся ў функцыі: вайскоўцы бачыліся як безаблічныя фігуркі, безыменных забітых за ногі скідвалі ў брацкія магілы, а мірныя жыхары разглядаліся як бясплатная крыніца ежы і рэчаў. А калі ў людзях не бачыць асоб, то і павагі да іх няма, і іх жыццё абясцэньваецца.
Чалавек страчвае кантроль над сваім жыццём і робіцца ахвярай сітуацыі. Таму напрыканцы твора жыхары хутара адчувалі сябе «як пакінутыя на загубу»: без перспектывы, без будучыні.
|
Максім Гарэцкі зафіксаваў расісцкія погляды германскіх салдат і афіцэраў, паказаўшы, што яны лічылі мясцовае насельніцтва «заняпалым народам», а сваю культуру — вышэйшай.