§ 23. Адукацыя

Адукацыя як сацыяльны інстытут. У сучасным грамадстве адукацыя ўяўляе сабой складаны і шматузроўневы сацыяльны інстытут. Па-першае, гэта ўстановы адукацыі, у якіх арганізаваны навучанне і выхаванне (дзіцячыя сады, школы, каледжы, універсітэты і інш.). Па-другое, гэта сістэма норм і правіл, сацыяльных роляў і адносін, якія ўзнікаюць у адукацыйным працэсе паміж яго рознымі суб’ектамі (настаўнік, вучань, выкладчык, студэнт і г. д.).

У Рэспубліцы Беларусь склалася і паспяхова функцыянуе шматузроўневая сістэма адукацыі. Першым узроўнем з’яўляецца дашкольная адукацыя, затым ідзе агульная сярэдняя адукацыя, якая ўключае пачатковую адукацыю, базавую адукацыю, сярэднюю адукацыю.

Закончыўшы базавую школу, падлетак можа працягнуць навучанне ва ўстанове агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (каледжах, прафесійных ліцэях) ёсць магчымасць адначасова атрымаць агульную сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Навучэнцы, якія авалодалі прафесіяй на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, могуць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па роднаснай спецыяльнасці ў скарочаны тэрмін.

Вышэйшая адукацыя забяспечваецца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, да якіх належаць інстытуты, акадэміі, універсітэты. Пераход па ўзроўнях адукацыі ад прафесійна-тэхнічнай да сярэдняй спецыяльнай дае магчымасць пасля паступіць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на 3-ці курс навучання па роднаснай спецыяльнасці.

Добрыя магчымасці для развіцця асобы навучэнцаў у сферах тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастацтва, спорту, турызму ствараюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

img
icon-search
Даведайцеся, якія тыпы (віды) устаноў адукацыі ёсць у рэгіёне, дзе вы жывяце.
icon-discussions
Якія гурткі, студыі, клубы, секцыі або іншыя аб’яднанні па інтарэсах вы наведваеце? Якую ролю адыгрывае дадатковая адукацыя ў вашым жыцці? Ці плануеце вы працягваць займацца па інтарэсах пасля заканчэння школы?

У кожнай краіне існуюць асаблівасці пабудовы адукацыйнай сістэмы і зместу адукацыі, якія абумоўлены нацыянальнымі, гістарычнымі і рэлігійнымі традыцыямі, характэрнымі для канкрэтных краін і рэгіёнаў.

Важную ролю ў развіцці вышэйшай адукацыі сёння адыгрывае Балонскі працэс, арыентаваны на фарміраванне адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі з дапамогай збліжэння сістэм адукацыі краін Еўропы.

У цэлым можна казаць пра ўніверсальныя заканамернасці развіцця адукацыі: па меры развіцця грамадства яна робіцца ўсё больш глыбокай і ўсебаковай, а свабода доступу да адукацыі з’яўляецца адным з найважнейшых крытэрыяў прагрэсіўнасці і адкрытасці грамадства.

icon-persona
Сацыёлаг Піцірым Сарокін адзначаў значную ролю адукацыі (першая палова XX ст.): «У грамадстве, дзе школы даступныя ўсім яго членам, школьная сістэма ўяўляе сабой “сацыяльны ліфт”, які рухаецца з самага нізу грамадства да самых вярхоў. У грамадстве, дзе прывілеяваныя школы даступныя толькі вышэйшым слаям насельніцтва, школьная сістэма ўяўляе сабой ліфт, які рухаецца толькі па верхніх паверхах сацыяльнага будынка і перавозіць уверх і ўніз толькі жыхароў верхніх паверхаў. Аднак нават у такім грамадстве некаторым індывідам з ніжэйшых слаёў усё ж удавалася пранікнуць у гэты школьны ліфт і дзякуючы яму ўзвысіцца».
icon-discussions
Ці з’яўляецца адукацыя сацыяльным ліфтам у нашы дні?