*§ 22-1. Навука

Эмпірыя і тэорыя. Эмпірыя вызначаецца як:

● чалавечы вопыт;

● успрыманне знешняга свету з дапамогай органаў пачуццяў;

● назіранне ў натуральных умовах (у адрозненне ад эксперыменту).

Тэорыя вызначаецца як сістэма навуковых ведаў, якая апісвае і тлумачыць сукупнасць з’яў і зводзіць адкрытыя ў дадзенай галіне заканамерныя сувязі да адзінага аб’яднальнага пачатку. Эмпірычнае і тэарэтычнае — два асноўныя, звязаныя між сабой віды ведаў (спосабы пазнання), якія якасна адрозніваюцца сэнсам і формай адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці. Эмпірычнае адлюстроўвае рэчаіснасць з боку яе знешніх сувязей і адносін, фіксуе знешнія праявы працэсаў і падзей, заключаючы ў сабе ўсё даступнае назіранню (усё, што можна ўбачыць, пачуць, адчуць і асэнсаваць). Тэарэтычнае вынікае з эмпірычнага, сістэматызуючы назапашаны матэрыял, прытрымліваючыся прынцыпу ўнутраных узаемасувязей і заканамернасцей у руху.

icon-persona

Вячаслаў Сцёпін. Узаемадзеянне навуковай карціны свету і вопыту

Першай з навук, якая сфарміравала цэласную карціну свету, абапіраючыся на вынікі эксперыментальных даследаванняў, была фізіка. У сваіх зародкавых формах узнікаючая фізічная карціна свету ўтрымлівала (асабліва ў перадгалілееўскі перыяд) мноства натурфіласофскіх наслаенняў. Але нават у гэтай форме яна накіроўвала працэс эмпірычнага даследавання і назапашвання новых фактаў. У якасці характэрнага прыкладу такога ўзаемадзеяння карціны свету і вопыту ў эпоху станаўлення прыродазнаўства можна назваць эксперыменты Вільяма Гілберта, у якіх даследаваліся асаблівасці электрычнасці і магнетызму…

Атрыманыя з назірання факты могуць не толькі відазмяніць складзеную карціну свету, але і прывесці да пярэчання ў ёй і запатрабаваць яе перабудовы. Толькі прайшоўшы доўгі этап развіцця, карціна свету ачышчаецца ад натурфіласофскіх наслаенняў і ператвараецца ў адмысловую карціну свету, канструкты якой (у адрозненне ад натурфіласофскіх схем) уводзяцца па прыметах, якія маюць доследнае абгрунтаванне.

У гісторыі навукі першай ажыццявіла такую эвалюцыю фізіка. У канцы XVI — першай палове XVII ст. яна перабудавала натурфіласофскую схему свету, што панавала ў фізіцы Сярэднявечча, і стварыла навуковую карціну фізічнай рэальнасці — механічную карціну свету. У яе станаўленні вырашальную ролю адыгралі новыя светапоглядныя ідэі і новыя ідэалы пазнавальнай дзейнасці, што склаліся ў культуры эпохі Адраджэння і пачатку Новага часу. Асэнсаваныя ў філасофіі, яны паўсталі ў форме прынцыпаў, што забяспечылі новае бачанне назапашаных папярэднім пазнаннем і практыкай фактаў аб працэсах, якія даследуюцца ў фізіцы, і дазволілі стварыць новую сістэму ўяўленняў аб гэтых працэсах. Найважнейшую ролю ў пабудове механічнай карціны свету адыгралі прынцып матэрыяльнага адзінства свету, які выключае схаластычны падзел на зямны і нябесны свет, прынцып прычыннасці і заканамернасці прыродных працэсаў, прынцып эксперыментальнага абгрунтавання ведаў і ўстаноўка на злучэнне эксперыментальнага даследавання прыроды з апісаннем яе законаў на мове матэматыкі. Забяспечыўшы пабудову механічнай карціны свету, гэтыя прынцыпы ператварыліся ў яе філасофскае абгрунтаванне.