Абагульненне па раздзеле «Эканамічная сфера грамадства»

1. Дайце азначэнне наступным паняццям: банк, беспрацоўе, бюджэт, вытворчасць, грошы, даход, інфляцыя, канкурэнцыя, крэдыт, манаполія, маркетынг, менеджмент, падаткі, рынак, спажыванне, уласнасць, фактар вытворчасці, фінансавая сістэма, цана, эканоміка.

2. У сферы эканомікі чалавек выступае ў ролі ўласніка, наёмнага работніка, працадаўцы. Якія веды, уменні, рысы характару неабходны для паспяховага выканання гэтых роляў?

3. У розных краінах існуюць розныя мадэлі змешанай эканомікі. Растлумачце, як рэалізуецца «змешанасць». Назавіце вартасці і недахопы кожнай мадэлі.

Амерыканская мадэль эканомікі. Для яе характэрны нязначная ўдзельная вага дзяржаўнай уласнасці і ролі дзяржавы ў эканоміцы, вялікае расслаенне насельніцтва па даходах. У сацыяльнай сферы прадугледжваецца стварэнне роўных магчымасцей для ўсіх эканамічных суб’ектаў, аднак вынікі іх дзейнасці залежаць толькі ад іх саміх і існуючых абставін.

Еўрапейская мадэль. Эканоміка, якая хаця і базіруецца на рыначных прынцыпах, але дапускае значнае дзяржаўнае ўмяшанне ў эканамічнае жыццё грамадства. Мае месца меншая ступень дыферэнцыяцыі даходаў насельніцтва. Сацыяльная абароненасць грамадзян знаходзіцца на высокім узроўні. Прыкладам можа служыць нямецкая мадэль, заснаваная на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Разам з тым за кошт высокага ўзроўню падаткаабкладання дзяржава пераразмяркоўвае даходы, што стрымлівае маёмаснае расслаенне насельніцтва. У шведскай мадэлі дзяржава, праводзячы сваю эканамічную палітыку, таксама мае на мэце скарачэнне маёмаснай няроўнасці. Высокія падаткі ўраўнаважваюцца значнымі сацыяльнымі дапамогамі. Як у Германіі, так і ў Швецыі дзяржаве ўдаецца забяспечыць высокі ўзровень жыцця насельніцтва.

Японская мадэль. Асноўныя рысы мадэлі: апора на нацыянальныя прыярытэты, перавага агульнанацыянальных, калектыўных інтарэсаў над асабістымі, дысцыплінаванасць і адказнасць, сістэма пажыццёвага найму работнікаў, невысокая дыферэнцыяцыя насельніцтва па даходах, а таксама рэкамендацыйнае планаванне эканомікі дзяржавай.

Кітайская мадэль. Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі з магутным прытокам замежных інвестыцый, развіццём прыватнай уласнасці і рыначных адносін.

4. Вы з сябрамі з розных краін вырашылі параўнаць цэны ў рэстаранах хуткага харчавання «Макдональдс», каб даведацца, дзе самы дарагі і самы танны фаст-фуд. Дамовіліся выкладваць фота чэка з рэстарана ў групе ў сацыяльнай сетцы. Якія ўмовы неабходна выканаць удзельнікам для таго, каб параўнанне цэн было карэктнае?

5. Што паказвае схема ўзаемадзеяння эканамічных суб’ектаў? Якую ролю адыгрываюць рынкі тавараў і рэсурсаў? Прывядзіце прыклады дзейнасці дзяржавы ў рыначнай эканоміцы.

img

6. Іваноўскія на сямейнай нарадзе вырашылі, што для ўмацавання здароўя будзе карысна заняцца спортам. Вызначыўшы інтарэсы і магчымасці членаў сям’і, спынілі свой выбар на занятках лыжамі. Склалі спіс неабходнага і ацанілі грашовыя рэсурсы, дамовіліся пра месца і ўмовы куплі.

• У чым складаецца эканамічны інтарэс сям’і як спажыўца?

• Якія эканамічныя веды дапамогуць ёй ажыццявіць рацыянальную (выгадную) пакупку і атрымаць ад яе найбольшую карысць?

7. Выберыце адзін з банкаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у нашай краіне.

• Высветліце, на якіх умовах банк прыме ад вас дэпазіт на суму 1000 рублёў, а на якіх умовах можа прадаставіць вашай сям’і спажывецкі крэдыт на такую самую суму.

• Хто з членаў сям’і можа толькі ўнесці дэпазіт, а хто — і ўнесці дэпазіт, і ўзяць крэдыт?

• Разлічыце суму, якую выплаціць вам банк у якасці працэнтаў па дэпазіце, і суму, якую вам неабходна выплаціць банку ў якасці працэнтаў па крэдыце.

8. У коміксе «Самаабслугоўванне» вядомага мастака-карыкатурыста адлюстраваны паход пакупніцы ў магазін. Арыентуючыся на паказальнікі ўздоўж паліц, застаўленых рознай прадукцыяй, яна набірае ў кошык вялікую колькасць тавараў. Аднак на касе пакупніца заўважае, што ў яе кашальку мала грошай, і ў выніку аплачвае на касе толькі адну ўпакоўку макароны. З ёй яна і выходзіць з магазіна.

Вызначце:

• Якая эканамічная дзейнасць адлюстравана ў коміксе?

• У якіх тыпах эканамічнай сістэмы магчыма прадстаўленая сітуацыя, а у якіх — не?

• Якая функцыя грошай можа быць праілюстравана праз аплату тавару на касе?

• Прыёмамі чаго з’яўляюцца: вялікі кошык, «няроўная» цана на тавары (1.99, 4.48, 29.98), навязлівыя паказальнікі?

• Якім чынам змест комікса звязаны з паняццем «кансьюмерызм»?

• Даведайцеся, хто з’яўляецца аўтарам гэтага комікса.

img

9. У 2018 г. была ўведзена ў абарачэнне памятная манета (сярэбраная і медна-нікелевая) «Фінансавая сістэма Рэспублікі Беларусь». На аверсе адлюстраваны Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь і ўказаны намінал манеты — 20 рублёў; на рэверсе ў цэнтры на фоне арнаментальнай кампазіцыі размешчана стылізаванае адлюстраванне карты Рэспублікі Беларусь; па перыметры манеты — дэкор з элементаў электроннай тэкстуры і надпіс «Фінансавая сістэма Беларусі. 100 гадоў».

Кім эмітавана (выпушчана) дадзеная манета? Якая функцыя грошай будзе пераважаць у дадзенай манеты? Якія сучасныя тэндэнцыі развіцця грашовага абарачэння знайшлі адлюстраванне ў афармленні манеты?