§ 17. Фінансавая сістэма грамадства

Дзяржаўны бюджэт. Дзяржаўны бюджэт займае асноўнае месца ў сістэме дзяржаўных фінансаў. Ён фарміруе цэнтралізаваны фонд грашовых рэсурсаў для ўтрымання дзяржаўнага апарату, узброеных сіл, сістэмы аховы здароўя, адукацыі, выплаты сацыяльных дапамог і выступае рухаючай сілай дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, рэалізацыі мер па яе стабілізацыі.

Дзяржаўны бюджэт — гэта асноўны фінансавы план дзяржавы па даходах і расходах. Бюджэт прадстаўляе поўную інфармацыю пра дзяржаўныя фінансы, дзейнасць, напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі. Бюджэт дзяржавы абавязковы для выканання ўдзельнікамі бюджэтных адносін.

Дзяржава імкнецца, каб яе расходы не перавышалі даходаў. Калі паміж імі адзначаецца роўнасць, то бюджэт з’яўляецца збалансаваным. Аднак такі бюджэт сустракаецца не часта. У большасці выпадкаў расходы дзяржавы перавышаюць даходы. Такі бюджэт называецца дэфіцытным. Іншы раз назіраецца адваротная сітуацыя, калі даходы бюджэту перавышаюць расходы. Такі бюджэт называецца прафіцытным.

У тых краінах, дзе існуе ўнітарнае дзяржаўнае ўладкаванне, бюджэтная сістэма мае двухузроўневую будову — дзяржаўны і мясцовы бюджэты. У краінах з федэральным дзяржаўным уладкаваннем маюцца прамежкавыя звёны — бюджэты штатаў, земляў, кантонаў, суб’ектаў федэрацыі і да т. п.

Мясцовыя бюджэты — гэта бюджэты абласцей, раёнаў, гарадоў і да т. п. У сувязі з удасканаленнем працэсу вытворчасці, развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу і алічбаваннем эканомікі ў розных краінах свету назіраецца тэндэнцыя росту і ўзмацнення ўплыву мясцовых органаў улады. Узмацняюцца маштабы і аб’ёмы рэгіянальных гаспадарак, пашыраюцца і ўскладняюцца міжтэрытарыяльныя сувязі і функцыі мясцовых улад. Усё гэта павышае значэнне мясцовых бюджэтаў.