§ 15. Рынак: попыт, прапанова, цана
Попыт, прапанова і рыначная цана. На рынку маецца заканамерная ўзаемасувязь паміж цаной і попытам, а таксама паміж цаной і прапановай. Цаной называецца колькасць грошай, за якую прадаецца або купляецца эканамічная даброта. Разгледзім узаемадзеянне прадаўцоў і пакупнікоў тавару на рынку.
Галоўны фактар, які ўплывае на змяненне попыту, — гэта цана. Згодна з законам попыту, велічыня попыту змяншаецца па меры павелічэння цаны на тавар. І наадварот, па больш нізкай цане спажыўцы гатовы набыць большую колькасць тавару. Нездарма правядзенне магазінамі разнастайных акцый і зніжак павялічвае продажы. У дні буйных распродажаў (напрыклад, «чорная пятніца») можа нават назірацца ажыятажны (павышаны) попыт на тавары.
Выключэнне складае парадаксальны попыт — павышэнне велічыні попыту з ростам цаны. Прыкладам з’яўляецца марнатраўнае спажыванне з мэтай прадэманстраваць багацце (купля ювелірных упрыгажэнняў, дарагога аўтамабіля і г. д.).
Ужо ў канцы XIX ст. са станаўленнем масавай вытворчасці тавараў і паслуг у эканамічную навуку было ўведзена паняцце conspicuous consumption, што азначае дэманстрацыйнае, прэстыжнае, паказное, статуснае спажыванне. Гэта выдаткі на тавары ці паслугі з галоўнай мэтай прадэманстраваць уласны дабрабыт. Такія паводзіны служаць сродкам дасягнення або падтрымання пэўнага сацыяльнага статусу, прычым далёка не заўсёды чалавек па даходах рэальна можа такое сабе дазволіць.
Цана — найважнейшы, але не адзіны фактар, які ўплывае на змяненне попыту на тавар. На попыт уздзейнічае таксама шэраг іншых фактараў: даходы пакупнікоў, іх густы і перавагі, мода і сезоннасць тавару, колькасць спажыўцоў на рынку, цэны на ўзаемазамяняльныя або ўзаемадапаўняльныя тавары. Калі модныя тавары карыстаюцца павышаным попытам, то тавары, што выйшлі з моды, часта бывае цяжка рэалізаваць нават па зніжаных цэнах. Рост колькасці пакупнікоў, павелічэнне іх даходаў павышае попыт на тавар, і наадварот.
Узаемазамяняльныя тавары і паслугі маюць на ўвазе, што калі расце цана на адзін тавар, дык спажыўцы купляюць больш другога тавару (прыклады: масла — маргарын, торт — пірожнае).
Узаемадапаўняльныя тавары ці паслугі дапаўняюць адзін аднаго і спажываюцца адначасова. Калі купляюць больш аднаго тавару, продажы другога таксама павялічваюцца (прыклады: аўтамабіль і бензін, падушка і коўдра, зубная шчотка і зубная паста).
Працягніце шэраг прыкладаў узаемазамяняльных і ўзаемадапаўняльных тавараў.
Як відаць, пакупнікі хочуць набыць больш тавараў па ніжэйшай цане. У сваю чаргу вытворцы гатовы прапанаваць большую колькасць тавару па вышэйшых цэнах. Пры гэтым на прапанову аказваюць уплыў не толькі цэны. Яна таксама залежыць ад росту ці падзення выдаткаў на выпуск прадукцыі. Калі выдаткі прадпрымальніка, напрыклад на заработную плату супрацоўнікам ці сыравіну, будуць узрастаць, то вытворчасць прадукцыі гэтак сама, як і яе прапанова, па дадзенай цане скароціцца. Выкарыстанне больш эфектыўнай тэхналогіі вытворчасці дазволіць павялічыць колькасць прадукцыі пры тым самым аб’ёме рэсурсаў і адпаведна павялічыць прапанову.
Суадносіны попыту і прапановы на рынку характарызуюць рыначную кан’юнктуру (сукупнасць умоў, пры якіх у дадзены момант працякае дзейнасць на рынку). Калі цэны растуць — яна спрыяльная для прадаўца, калі падаюць — для пакупніка. Раўнавага настае тады, калі ў прадаўцоў і пакупнікоў няма стымулаў да змянення існуючага становішча, іншымі словамі, калі тавары на рынку прадаюцца і купляюцца па такой цане, па якой прадаўцы прапануюць да продажу якраз такую колькасць тавару, якую пакупнікі хочуць і могуць купіць. Рыначная цана (цана раўнавагі) — гэта цана, пры якой велічыня прапановы тавараў на рынку роўная велічыні попыту на іх.
Раўнавага няўстойлівая і пад уплывам разнастайных фактараў попыту і прапановы можа парушацца. Аднак механізм узаемадзеяння попыту і прапановы выпраўляе парушаную раўнавагу. Якім чынам? Калі цана тавару будзе вышэйшая за раўнаважную, то лішак тавару нельга будзе прадаць і прадаўцы будуць вымушаны зніжаць цану да ўзроўню раўнаважнай цаны. Калі цана будзе ніжэйшая за раўнаважную, то тавар адразу ж будзе распрададзены, але попыт застанецца незадаволены і, адпаведна, цана на дадзены тавар будзе расці да раўнаважнага ўзроўню.
Прааналізуйце графікі попыту і прапановы, прадстаўленыя ў агульным выглядзе. Вызначце на графіках пункты, якія будуць адпавядаць наступным сітуацыям:
а) раўнавага попыту і прапановы;
б) цана высокая, і спажыўцы гатовы купіць невялікую колькасць тавару;
в) цана нізкая, і вытворца гатовы прапанаваць нязначную колькасць тавару па гэтай цэне.
Якія яшчэ сітуацыі магчымы?
Попыт і прапанова дазваляюць паспяхова адказваць на пытанні, што, як і для каго вырабляць, незалежна ад таго, які тавар прапануецца на рынку.