§ 15. Рынак: попыт, прапанова, цана
Паняцце і функцыі рынку. У побытавым, звычайным сэнсе, рынак — гэта месца, дзе сустракаюцца прадаўцы і пакупнікі і здзяйсняюцца здзелкі (кірмаш, базар, аўкцыён і інш.). З навуковага пункту погляду рынак — гэта сістэма адносін абмену паміж пакупнікамі і прадаўцамі пры пасрэдніцтве грошай. Рынак пачынае фарміравацца адначасова са станаўленнем таварнай вытворчасці і з’яўляецца сувязным звяном паміж вытворцамі і спажыўцамі. Рынак паказвае вытворцам, што варта вырабляць і ў якой колькасці. Праз рынак спажыўцы ўздзейнічаюць на вытворчасць.
Для нармальнай дзейнасці рынку неабходны пэўныя ўмовы. Адзначым найбольш важныя з іх: свабоднае цэнаўтварэнне, канкурэнцыя, свабода прадпрымальніцкай дзейнасці. Сутнасць рынку знаходзіць сваё выяўленне ў яго эканамічных функцыях.