*§ 13-1. Уласнасць і даходы

Прыватызацыя, раздзяржаўленне. Раздзяржаўленне — працэс абмежавання дзяржаўнага ўплыву на дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, у выніку якога ліквідуецца дзяржаўная манаполія, фарміруецца шматукладная, змешаная эканоміка. У ходзе раздзяржаўлення ствараецца недзяржаўны сектар з разнастайнымі тыпамі гаспадарак, ажыццяўляюцца пераўтварэнні тых гаспадарак, што застаюцца ў веданні дзяржавы, і адбываецца працэс прыватызацыі.

Прыватызацыя ўяўляе сабой змену ўласніка ў выніку продажу ці бязвыплатнай перадачы аб’ектаў дзяржаўнай або муніцыпальнай уласнасці іншым эканамічным суб’ектам. Напрыклад, дзяржаўныя прадпрыемствы могуць быць прададзены на аўкцыёне, удзельнікамі дадзеных таргоў могуць стаць прыватныя асобы або іх аб’яднанні, у тым ліку замежныя інвестары.

Продаж дзяржаўных прадпрыемстваў (арганізацый) прыватнаму бізнэсу з’яўляўся тэмай эканамічнай палітыкі ў многіх краінах, у тым ліку ў нашай. У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб імянных прыватызацыйных чэках» ад 6 ліпеня 1993 г. былі вызначаны правілы выпуску і абарачэння каштоўных папер імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць». Яны забяспечаны дзяржаўнай уласнасцю і ўлічваюцца ў банкаўскіх рахунках. Тэрмін дзеяння чэкаў вызначаецца Саветам Міністраў. Чэкі «Маёмасць» выпушчаны для забеспячэння магчымасці грамадзян стаць уладальнікамі часткі дзяржаўнай уласнасці шляхам яе прыватызацыі. Сума чэкаў, што выдзяляюцца канкрэтнай асобе, з’яўляецца выражэннем яго долі ў агульным аб’ёме маёмасці, падлеглай бязвыплатнай перадачы грамадзянам.

icon-search
Даведайцеся, што ў вашай сям’і зрабілі з чэкамі «Маёмасць». Якую ролю яны адыгралі ў фарміраванні маёмасці і даходаў вашай сям’і?
icon-task
Выкарыстайце інфармацыю рэсурсу: https://myfin.by/wiki/term/cheki-imushhestvo.