*§ 13-1. Уласнасць і даходы

Даход. Да фактараў вытворчасці належаць праца, капітал, зямля, прадпрымальніцкая здольнасць і інфармацыя. За фактарамі вытворчасці стаяць пэўныя групы людзей: за «працай» — работнікі, за «зямлёй» — землеўладальнікі (прыватная асоба або дзяржава), за «капіталам» — яго ўласнікі, за «прадпрымальніцкай дзейнасцю» — арганізатары вытворчасці, кіраўнікі, за «інфармацыяй» — стваральнікі тэхналогій, уладальнікі патэнтаў на вынаходствы. Кожная з груп прэтэндуе на пэўную долю ў агульным даходзе.

img
icon-task
Дапрацуйце схему даходаў, якія атрымоўваюць уласнікі фактараў вытворчасці.

Матэрыяльнае становішча індывіда і тое, як ён ацэньвае гэта становішча, у значнай ступені вызначае яго адносіны да жыцця, навакольных, дзяржаўных і сацыяльных інстытутаў, вызначае яго эмацыянальную сферу. Таму ў працэсе сацыялагічных даследаванняў, як правіла, вывучаецца меркаванне рэспандэнтаў пра іх дабрабыт і дынаміку дастатку.

img
icon-task
Пракаментуйце дыяграму вынікаў маніторынгу сямейных даходаў. Параўнайце свой каментарый з каментарыем сацыёлагаў (гл. матэрыялы зборніка: http://eschool.by/wp-content/uploads/2019/04/011.pdf).

Пры выкарыстанні ў працэсе вытворчасці або аказання паслуг рабочай сілы яе ўласнікі (наёмныя работнікі) атрымоўваюць даход у выглядзе заработнай платы. Вылучаюць дзве асноўныя формы заработнай платы — пачасавую і здзельную.

Аплата працы пры пачасавай форме ўстанаўліваецца на аснове фактычна адпрацаванага часу па пэўных стаўках, у залежнасці ад кваліфікацыі работніка, складанасці, якасці і ўмоў яго працы. Пры здзельнай форме заработная плата разлічваецца на аснове колькасці вырабленай прадукцыі ўстаноўленай якасці або аказаных паслуг.

Сярэдняя працягласць працоўнага тыдня (у гадзінах) у індустрыяльна развітых краінах
(з сярэдзіны XIX ст. да канца XX ст.)
Год Працягласць (у гадзінах) Год Працягласць (у гадзінах)
1850 70 1950 40
1880 64 1970 36
1900 60 1980 34
1920 49 1990 32
1940 44 2000 30
icon-task
Выкарыстоўваючы гістарычныя веды, вызначце прычыны, якія абумовілі тэндэнцыю няўхільнага скарачэння працягласці працоўнага тыдня да пачатку XXI ст. Якая форма аплаты працы, на вашу думку, мае лепшыя перспектывы з улікам тэндэнцыі зніжэння працягласці працоўнага тыдня? Гэта перспектыўна для ўсіх галін эканомікі ці для пэўнай сферы эканамічнай дзейнасці?

Для дыферэнцыяцыі заработнай платы ў Рэспубліцы Беларусь шырока выкарыстоўваецца тарыфная сістэма, якая фарміруецца ў залежнасці ад якасці працы (складанасць, цяжкасць, значнасць, шкоднасць).

Заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы фарміруецца на аснове базавай стаўкі. Памер базавай стаўкі ўстанаўліваецца Урадам, як правіла, 1 студзеня каляндарнага года з улікам прагнозу асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Аклад вызначаецца шляхам памнажэння базавай стаўкі на каэфіцыент тарыфнага разраду.

Пры выбары прафесіі немалаважна ўмець на перспектыву ацэньваць матэрыяльны бок (заработную плату) і ўласную будучую пазіцыю на рынку працы ў Беларусі і за мяжой.

img
icon-task
Скарыстайцеся сэрвісам калькулятара зарплат (https://mojazarplata.by) i параўнайце заработную плату ў сферы абранай вамі прафесіі ў Беларусі з зарплатай калег у іншых краінах. Аб чым сведчыць параўнанне?