§ 12. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства
Паняцце эканомікі. Пачынаючы вывучэнне эканомікі, перш за ўсё мы павінны высветліць, які сэнс укладваецца ў гэта паняцце. Само слова «эканоміка» прыйшло да нас са Старажытнай Грэцыі і ў літаральным перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы значыць «кіраванне асабістай гаспадаркай», або дамаводства.
У сучаснай мове паняцце «эканоміка» больш мнагазначнае і мае, па меншай меры, два асноўныя значэнні. Па-першае, эканоміка — гэта спосаб арганізацыі дзейнасці людзей па стварэнні даброт, неабходных для задавальнення патрэб. Па-другое, эканоміка абазначае навуку, якая даследуе, як выкарыстоўваюцца наяўныя абмежаваныя рэсурсы для задавальнення неабмежаваных патрэб. Паколькі эканамічная навука вывучае дзейнасць людзей, то яна належыць да катэгорыі грамадскіх навук разам з сацыялогіяй і паліталогіяй.
Эканоміка вельмі важная для чалавека, паколькі менавіта ў гэтай сферы ствараюцца даброты, неабходныя для жыцця і задавальнення патрэб. З развіццём чалавечага грамадства патрэбы змяняюцца — як па аб’ёме, так і па структуры.