*§ 11-1. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні
Грамадская арганізацыя.
Прыклады інстытутаў грамадзянскага грамадства
● Недзяржаўныя арганізацыi
● Грамадскія арганізацыі
● Прафесійныя асацыяцыі
● Палітычныя арганізацыі
● Грамадзянскія клубы
● Прафсаюзы
● Дабрачынныя арганізацыі
● Сацыяльныя і спартыўныя клубы
● Культурныя арганізацыі
● Рэлігiйныя арганізацыі
● Экалагічныя рухі/ініцыятывы
Грамадскія арганізацыі не прэтэндуюць на непасрэдны ўдзел у здзяйсненні ўлады.
Грамадскія арганізацыі і рухі не ставяць сваёй мэтай заваяванне і ажыццяўленне палітычнай улады, але іх дзейнасць аб’ектыўна носіць палітычны характар. Ажыццяўленне грамадзянамі права на аб’яднанне (палітычнае права) уключае іх у палітычнае ўзаемадзеянне, нягледзячы на тое што яны займаюцца рашэннем задач, якія ляжаць у іншай сферы грамадскага жыцця (эканамічнай, сацыяльнай, культурнай).
Функцыі грамадскіх арганізацый і рухаў дапамагаюць зразумець іх месца ў сістэме грамадзянскага грамадства і прававой дзяржавы, а таксама паказаць формы, спосабы праяўлення іх актыўнасці.
Да ліку асноўных функцый, агульных для ўсіх грамадскіх арганізацый і рухаў, належаць:
1) выяўленне і задавальненне інтарэсаў і патрэб членаў аб’яднання (звязаныя з прафесійнай прыналежнасцю, узроставымі асаблівасцямі, індывідуальнымі схільнасцямі і да т. п.). Грамадскія арганізацыі і рухі пераўтвараюць такія погляды і меркаванні ў выразныя патрабаванні, праграмы дадзенага аб’яднання;
2) інтэграцыя і мабілізацыя — аб’яднанне членаў групы і іх прыхільнікаў вакол мэт дадзенага фарміравання;
3) сацыялізацыя — фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі ўдзельнікаў, павышэнне ўзроўню палітычнай культуры, удзелу ў кіраванні грамадствам і дзяржавай;
4) прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў сваіх членаў ва ўзаемаадносінах з іншымі палітычнымі інстытутамі.