§ 11. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні

Грамадскія арганізацыі і рухі. Значная роля ў грамадска-палітычным жыцці, разам з палітычнымі партыямі, належыць грамадскім арганізацыям і рухам. Грамадская арганізацыя — гэта добраахвотнае аб’яднанне грамадзян на аснове агульнасці інтарэсаў, якое мае фіксаванае (аформленае) індывідуальнае ці калектыўнае членства. У адрозненне ад партый грамадскія арганізацыі не прэтэндуюць на непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні ўлады. Аднак яны рашаюць мноства важных задач грамадскага жыцця, іх наяўнасць і дзейнасць з’яўляюцца важным паказчыкам дэмакратычнасці дзяржавы.

icon-search
Колькі грамадскіх аб’яднанняў зарэгістравана ў нашай краіне? Якія маладзёжныя грамадскія аб’яднанні вам вядомы? Членам якіх грамадскіх аб’яднанняў вы з’яўляецеся?

Да грамадскіх аб’яднанняў адносяць прафесійныя саюзы, саюзы прадпрымальнікаў, маладзёжныя, экалагічныя, спартыўныя, ветэранскія арганізацыі, творчыя саюзы, такія як саюзы пісьменнікаў, кампазітараў, тэатральных дзеячаў. Існуюць таксама разнастайныя добраахвотныя таварыствы (навуковыя, тэхнічныя, культурна-асветніцкія, адукацыйныя і інш.). З улікам тэрыторый, на якіх ажыццяўляецца іх дзейнасць, вылучаюць мясцовыя, рэгіянальныя, агульнадзяржаўныя, міжнародныя грамадскія арганізацыі.

img
icon-task
Як называецца беларуская грамадская арганізацыя, якая належыць да міжнароднага руху і выкарыстоўвае ў розных краінах прадстаўленыя эмблемы? Што азначаюць дадзеныя эмблемы і чаму яны выкарыстоўваюцца ў розных краінах?

Пад грамадскім рухам разумеецца сумесная дзейнасць грамадзян, якія імкнуцца да здзяйснення пэўных агульных мэт, але пры гэтым не маюць выразнай арганізаванай структуры і фіксаванага членства. Грамадскія рухі вылучаюцца масавасцю, шырокай сацыяльнай базай. Часта ўзнікаюць як рэакцыя грамадства на наяўнасць тых або іншых праблем, могуць мець кароткачасовы характар. Грамадскія рухі нярэдка становяцца асновай для ўтварэння грамадскіх арганізацый і нават палітычных партый. Так, развіццё экалагічнага руху абумовіла стварэнне разнастайных экалагічных саюзаў і асацыяцый, а затым і партый «зялёных» у многіх краінах.