§ 11. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні
Паняцце палітычнай партыі і яе функцыі. Важнае месца ў сістэме адносін улады і грамадства займаюць разнастайныя грамадскія аб’яднанні грамадзян — палітычныя партыі, прафсаюзныя, маладзёжныя, антываенныя арганізацыі, масавыя рухі, асацыяцыі, фонды. У аснове такіх аб’яднанняў ляжыць усведамленне грамадзянамі краіны сваіх інтарэсаў.
Уздзейнічаючы праз пэўныя палітычныя механізмы на дзяржаву, грамадскія аб’яднанні садзейнічаюць задавальненню дадзеных інтарэсаў шляхам выкарыстання дзяржаўнай улады. Права на аб’яднанне з’яўляецца фундаментальным правам чалавека і грамадзяніна і азначае права на свабодны і самастойны выбар грамадзянамі любых форм недзяржаўнай дзейнасці.
Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў.
Суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.
Для характарыстыкі шырокага кола арганізацыйных форм грамадскай актыўнасці выкарыстоўваецца паняцце «грамадскае аб’яднанне». Грамадскае аб’яднанне — гэта добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якое ўзнікла ў выніку іх свабоднага волевыяўлення на аснове агульнасці інтарэсаў.
Сярод грамадскіх аб’яднанняў вылучаюць такія асноўныя фарміраванні, як палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і грамадскія рухі. Яны адрозніваюцца паміж сабой мэтамі, задачамі, арганізацыйнай структурай.
Важная роля ў палітычным жыцці належыць палітычным партыям. Яны ўяўляюць сабой прадукт працяглага гістарычнага развіцця. Паняцце «партыя» (ад лац. pars — частка, група) з’явілася яшчэ ў антычнасці і выкарыстоўвалася для абазначэння груп палітычных саюзнікаў, якія імкнуліся да агульнай мэты. Сучасныя палітычныя партыі пачалі фарміравацца ў другой палове XIX ст. у выніку пашырэння выбарчага права, развіцця парламентарызму. У сучаснай палітыцы існуюць розныя падыходы да азначэння партыі. Але часцей за ўсё яе вызначаюць так: палітычная партыя — гэта арганізаваная група людзей з агульнымі палітычнымі поглядамі, якая выказвае інтарэсы пэўнай часткі грамадства і мае на мэце заваяванне дзяржаўнай улады ці ўдзел у яе ажыццяўленні.
Гэтым палітычныя партыі адрозніваюцца ад усіх іншых грамадскіх аб’яднанняў (грамадскіх арганізацый, рухаў, фондаў). Кожная партыя імкнецца ўладкаваць жыццё дзяржавы і грамадства згодна са сваімі палітычнымі поглядамі і прынцыпамі.
Функцыі партый адлюстроўваюць асноўныя задачы і напрамкі іх дзейнасці ў грамадстве. Найважнейшай задачай палітычнай партыі з’яўляецца барацьба за заваяванне і выкарыстанне дзяржаўнай улады ў інтарэсах груп насельніцтва, якія яе падтрымліваюць, інакш кажучы, палітычная функцыя.
Функцыя прадстаўніцтва інтарэсаў розных груп грамадства праяўляецца ў тым, што праз палітычныя партыі грамадзяне выказваюць свае групавыя патрабаванні да дзяржавы. Партыі з’яўляюцца сувязным звяном паміж органамі дзяржаўнай улады і грамадзянамі.
Ідэалагічная функцыя палітычных партый звязана з выпрацоўкай праграмных установак, палітычнага курсу, стратэгіі і тактыкі партый. Ідэалогія выступае ў якасці тэарэтычнай асновы дзейнасці партыі, інструкцыяй да дзеяння. Партыі імкнуцца да шырокага распаўсюджвання сваіх ідэй у грамадстве.
Выхаваўчая функцыя праяўляецца ў палітычнай асвеце і адукацыі сваіх членаў і прыхільнікаў, іх выхаванні на аснове пэўных каштоўнасцей і традыцый, далучэнні да палітычнага жыцця. Партыі з’яўляюцца інстытутамі, у межах якіх выхоўваюцца палітычныя лідары і дзяржаўныя дзеячы. Тыя слаі грамадства, сярод якіх партыя карыстаецца найбольшым уплывам, складаюць яе сацыяльную базу (электарат).
Артыкул 5. Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў межах Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах.
Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.
Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.
Асноўным спосабам дасягнення ўлады з’яўляюцца выбары. У працэсе выбарчых кампаній афармляюцца міжпартыйныя блокі, вызначаюцца партыі-лідары, якія далей і складаюць партыйную сістэму краіны.