*§ 8-1. Дэмакратыя
Выбарчая сістэма. У кожнай краіне складваецца свая выбарчая сістэма. Выбарчая сістэма — гэта сукупнасць усталяваных законам правіл, прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх вызначаюцца вынікі галасавання і размяркоўваюцца дэпутацкія мандаты. Мандат — месца ў парламенце, атрыманае пасля перамогі на выбарах, выдаецца на перыяд да наступных выбараў. Асноўнымі тыпамі выбарчых сістэм з’яўляюцца: мажарытарная, прапарцыянальная, змешаная.
Мажарытарная сістэма можа быць сістэмай абсалютнай большасці і адноснай большасці. У першым выпадку абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў абсалютную большасць галасоў — 50 % плюс адзін голас ад ліку грамадзян, што з’явіліся на выбары. Пры такой сістэме выбары часта праходзяць за два туры. Калі ў першым туры (першае галавасаванне) ні адзін кандыдат не перамог, то два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, выходзяць у другі тур. Абраным лічыцца той, хто атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія бралі ўдзел у паўторным галасаванні. На выбарах па мажарытарнай сістэме адноснай большасці кандыдату для перамогі дастаткова набраць больш галасоў, чым каму-небудзь з яго канкурэнтаў, і не абавязкова больш за палову.
Галоўнае адрозненне прапарцыянальнай сістэмы ад мажарытарнай вызначаецца ў тым, што яна будуецца не на прынцыпе большасці, а на прынцыпе прапарцыянальнасці паміж атрыманымі галасамі і месцамі ў абраным органе. Дэпутатамі становяцца члены партый у адпаведнасці з колькасцю пададзеных за іх галасоў. Выбаршчыкі галасуюць не за асобных кандыдатаў, а за партыйныя спісы. Прапарцыянальнай сістэме для вызначэння вынікаў галасавання ўсталёўваецца квота — мінімум галасоў, неабходных для абрання аднаго дэпутата. Для вызначэння квоты агульная колькасць галасоў дзеліцца на колькасць дэпутацкіх месцаў. Месцы паміж партыямі размяркоўваюцца дзяленнем атрыманых імі галасоў на квоту. У шэрагу краін з прапарцыянальнай сістэмай дзейнічае так званы выбарчы парог. Гэта азначае, што дзеля таго, каб быць прадстаўленым у парламенце, партыя павінна атрымаць не менш за пэўны працэнт галасоў выбаршчыкаў, пераадолець пэўны бар’ер (у розных краінах ён розны, ад 2 да 10 %). Партыі, якія не пераадолелі гэтага бар’ера, не атрымліваюць месцаў у парламенце. Прапарцыянальная сістэма можа выкарыстоўвацца толькі на выбарах у парламент ці іншыя (мясцовыя) прадстаўнічыя органы.
Змешаная сістэма — гэта сістэма, пры якой адна частка парламента абіраецца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці, а другая — па прапарцыянальнай. Кожны выбаршчык пры такой сістэме мае два галасы. Адзін голас ён аддае за кандыдата, які абіраецца па мажарытарнай сістэме, а другі голас — за партыйны спіс. Пры падвядзенні вынікаў асобна падлічваюцца і першыя, і другія галасы выбаршчыкаў. Прадстаўніцтва любой партыі ў парламенце складваецца з тых яе прадстаўнікоў, якія абраны і па мажарытарнай, і па прапарцыянальнай сістэме. Выбары праходзяць за адзін тур.
У сучасных дэмакратычных сістэмах прынцыпы выбарчага права распаўсюджваюцца і на ўдзел грамадзян у рэферэндумах.