*§ 8-1. Дэмакратыя

Выбарчае права. Найважнейшай прыметай дэмакратычнай сістэмы з’яўляецца магчымасць грамадства кантраляваць уладу. Галоўнымі інструментамі кантролю з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі і дзейнасць апазіцыйных арганізацый і партый. Выбары таксама з’яўляюцца працэдурай, у якой рэалізуецца функцыя кантролю ўлады над грамадствам, бо выбары — гэта механізм змены кіруючых эліт, перадачы ўлады мірным, законным шляхам. Выбары рэгулююцца выбарчым правам.

Выбарчае права — гэта сукупнасць юрыдычных норм, якія рэгулююць удзел грамадзян у выбарах прадстаўнічых органаў улады. Выбарчае права рэгламентуе пытанне аб тым, хто можа абіраць і быць абраным.

Прынята вылучаць актыўнае і пасіўнае выбарчае права.

Актыўнае выбарчае права — гэта права грамадзяніна абіраць, асабіста ўдзельнічаць у выбарах.

Пасіўнае выбарчае права — гэта права быць абраным у прадстаўнічыя органы ці на выбарчую пасаду. У аснову сучаснага выбарчага права закладзены прынцып усеагульных, свабодных, прамых, таемных і роўных выбараў.

Выбарчае права для ўсіх?

icon-discussions

Барацьба за жаночае выбарчае права стала масавай у канцы XIX ст. і вялася як жанчынамі, так і мужчынамі самых розных поглядаў.

Адной з ідэалагічных асноў суфражызму лічыцца праца англійскага ліберальнага філосафа Джона Сцюарта Міля «Падпарадкаванне жанчын», выдадзеная ў 1869 г. У гэтай працы, якая прагрымела ў свой час па ўсёй Еўропе, ён адзначыў: «Заканадаўчая падтрымка падпарадкавання аднаго полу другому шкодная».

img
icon-task
Скарыстайцеся сэрвісам міжнароднай арганізацыі нацыянальных парламентаў (https://data.ipu.org/women-ranking?month=1&year=2020) і даведайцеся, якое месца займае Рэспубліка Беларусь у міжнародным рэйтынгу па колькасці жанчын у парламенце.
icon-discussions

Няўдзел у выбарах: апатыя выбаршчыкаў ці байкот?

На працягу шэрагу гадоў існуе заклапочанасць станам дэмакратыі, асабліва ў больш дэмакратычных краінах. Узровень удзелу грамадзян у выбарах зніжаецца, што, відаць, сведчыць пра адсутнасць цікавасці і ўцягнутасці з боку грамадзян. Нізкі ўзровень яўкі на выбары ставіць пад пытанне легітымнасць так званых дэмакратычна абраных прадстаўнікоў, якія ў некаторых краінах фактычна абіраюцца меншасцю выбаршчыкаў.

Абсентэізм (ад лац. absens — адсутны, англ. absenteeism) — ухіленне выбаршчыкаў ад удзелу ў галасаванні на выбарах, ці, у больш шырокім разуменні, палітычныя паводзіны, якія характарызуюцца бяздзейнасцю, ухіленнем ад якога-небудзь палітычнага ўдзелу. Галоўным чынам, маецца на ўвазе ўхіленне ад удзелу ў выбарах.

Чаму вы не галасавалі на мінулых выбарах? Якой была галоўная прычына вашага ўдзелу ў галасаванні на мінулых выбарах?

A. «Я лічыў, што мой голас ніяк не паўплывае на вынікі выбараў».

Б. «Ніхто з кандыдатаў не выклікаў у мяне сімпатыі».

В. «Я не быў згодны ні з адной з прапанаваных палітычных платформ».

Г. «А мне было ўсё роўна…»

Д. Іншыя прычыны (адзначыць якія).

A. «Я лічу гэта сваім дэмакратычным абавязкам».

Б. «Я хацеў аддаць свой голас за … [кандыдата]».

В. «Я хацеў аддаць свой голас за … [партыю]».

Г. «Я не хацеў, каб перамог нехта яшчэ [іншы кандыдат / іншая партыя]».

Д. Іншыя прычыны (адзначыць якія).

icon-discussions
Якія адказы, на вашу думку, характарызуюць дэмакратычны і недэмакратычны палітычныя рэжымы?