*§ 8-1. Дэмакратыя
Дэмакратыя. Паняцце «дэмакратыя» ўпершыню з’явілася ў антычнасці. У той перыяд дэмакратыю разглядалі як асаблівую разнавіднасць арганізацыі дзяржавы, у якой улада належыць не адной асобе і не групе асоб, а ўсім свабодным грамадзянам (толькі мужчынам), якія карыстаюцца роўнымі правамі на ўдзел у кіраванні дзяржавай.
Ужо першыя ўяўленні пра дэмакратыю зыходзілі з таго, што найбольш важнымі яе рысамі з’яўляюцца: народаўладдзе, наяўнасць роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, роўнае права на ўдзел у кіраўніцтве грамадствам, прыняцце рашэнняў большасцю галасоў. У сучасных умовах дэмакратыя набыла новыя формы, але пры гэтым яна захоўвае сваю галоўную сутнасць — народаўладдзе.
Галоўнай асаблівасцю дэмакратыі ў сучасным грамадстве з’яўляецца тое, што гэта дэмакратыя прадстаўнічая. Прадстаўнічая дэмакратыя будуецца не на прамым волевыяўленні народа, а на тым, што народ абірае сваіх прадстаўнікоў у органы дзяржавы і тым самым надзяляе іх правам прымаць рашэнні ад яго імя, гэта значыць, дэлегуе ім пэўныя паўнамоцтвы. Галоўным элементам прадстаўнічай дэмакратыі з’яўляецца парламент (ад франц. parler — гаварыць). Першыя парламенты з’явіліся ў эпоху позняга феадалізму для таго, каб абмежаваць уладу манарха. Радзімай парламента з’яўляецца Англія. Парламент — гэта вышэйшы выбарчы орган, які здзяйсняе прадстаўніцтва асноўных сацыяльна-палітычных інтарэсаў розных пластоў грамадства. Парламент — гэта вышэйшы заканадаўчы орган сучаснага дэмакратычнага грамадства, яго галоўнай функцыяй з’яўляецца выданне законаў. Парламент абіраецца народам, увасабляе вяршэнства яго суверэннай улады, кіруе ад імя народа. У розных краінах ён называецца па-рознаму: парламент, кангрэс, рыксдаг, сойм і інш.
Як вы лічыце, пра якую каштоўнасць або прынцып дэмакратыі выказаўся Вацлаў Гавел?
«Толькі грамадзянскае грамадства, у якім актыўныя грамадзяне свабодна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, праяўляючы пры гэтым альтруізм і салідарнасць з іншымі, можа захоўваць дэмакратыю жыццяздольнай».
Для таго каб дзеянні палітычнай эліты былі на ўзроўні чаканняў грамадзян, узнікае неабходнасць у пастаянным удзеле апошніх у працэсе прыняцця рашэнняў, прычым не толькі шляхам галасавання раз у чатыры гады. Рэферэндумы, плебісцыты, апытанні грамадзянскай думкі — гэта элементы прамой дэмакратыі, якія дазваляюць шырокім пластам грамадства ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў. У дэмакратычным грамадстве грамадзяне актыўна ўдзельнічаюць у працэсах прыняцця рашэнняў па жыццёва важных пытаннях грамадства. Яны даводзяць да прадстаўнікоў улады свае праблемы, просяць прыняцця дзейсных рашэнняў і мер і актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі пастаўленых задач.
Рэферэндум — форма непасрэднага волевыяўлення грамадзян, гэта інстытут прамой дэмакратыі. Радзімай рэферэндуму з’яўляецца Швейцарыя. Да сённяшняга дня самая вялікая колькасць рэферэндумаў праводзіцца ў гэтай краіне. Рашэнні, якія прымаюцца рэферэндумам, маюць два статусы: абавязковы і рэкамендацыйны. У заканадаўстве многіх краін (у тым ліку і ў нашай краіне) утрымліваецца норма, згодна з якой рашэнні, прынятыя на рэферэндуме, могуць быць скасаваны толькі рэферэндумам. Гэта падкрэслівае асаблівую ролю рэферэндуму ў дэмакратычным грамадстве. Таксама важным элементам дэмакратыі з’яўляецца плебісцыт.
Плебісцыт — гэта апытанне грамадзян, як правіла, з мэтай выявіць грамадскую думку.
Пытанне | Апісанне |
Хто можа ініцыяваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму? | |
Хто можа ініцыяваць правядзенне мясцовага рэферэндуму? | |
Хто назначае рэспубліканскі рэферэндум? | |
Хто назначае мясцовы рэферэндум? | |
Якім з’яўляецца галасаванне на рэферэндуме? | |
Якім чынам можна змяніць рашэнне, прынятае на рэферэндуме? |
Права грамадзян ініцыяваць законапраекты ці арганізоўваць рэферэндумы, выказваць сваё меркаванне з нагоды розных праектаў рашэнняў — усё гэта элементы «дэмакратыі ўдзелу», якая заклікана кампенсаваць пэўныя недахопы «прадстаўнічай дэмакратыі». Іншымі словамі, «дэмакратыя ўдзелу» — гэта няспынныя адносіны паміж абранымі і выбаршчыкамі, чыноўнікамі і выбаршчыкамі. Гэта, па сутнасці, «дыялог з грамадзянінам». Усе члены супольнасці павінны мець магчымасць браць удзел у агульным прыняцці рашэнняў.