§ 6. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Палітычная сістэма і яе функцыі. Палітычная сістэма грамадства — гэта сукупнасць палітычных інстытутаў і арганізацый, распаўсюджаных у грамадстве ідэй, поглядаў, каштоўнасцей, а таксама палітычных і прававых норм і спосабаў узаемадзеяння паміж інстытутамі ўлады і грамадствам. Палітычная сістэма грамадства выконвае шэраг важных функцый, якія вельмі цесна звязаны паміж сабой.

Ад таго, як узаемадзейнічаюць суб’екты палітычнай улады, якія прынцыпы і характар іх узаемаадносін, у грамадстве складваецца тая ці іншая палітычная сістэма.

img

Узаемадзеянне элементаў палітычнай сістэмы паказвае, як ажыццяўляецца ўлада, які характар палітычных адносін, указвае на многія палітычныя характарыстыкі дадзенай дзяржавы, напрыклад стабільнасць, аўтарытэт улады, наяўнасць або адсутнасць пратэстных груп, дэмакратычнасць.

Месца чалавека ў сістэме палітычных адносін вызначае палітычны статус асобы. Ён азначае рэальную здольнасць і магчымасць чалавека праяўляць сябе ў сферы палітыкі, выбіраць і быць абраным ва ўладныя структуры, удзельнічаць у абмеркаванні і вырашэнні грамадскіх праблем.

Палітычны статус асобы праяўляецца ў разнастайнасці яе палітычных роляў: выбаршчыка, дэпутата, члена партыі і грамадскай арганізацыі, лідара, прафесійнага палітыка і да т. п. Палітычная роля — гэта індывідуальныя паводзіны чалавека ў сферы палітыкі згодна са сваім статусам. У рэальным жыцці не ўсе людзі ўдзельнічаюць у палітыцы, не ўсе становяцца прафесійнымі палітыкамі. Тым не менш для развіцця грамадства важна, каб грамадзяне ўдзельнічалі ў вырашэнні наспелых праблем, у выбарах. З дапамогай выбараў забяспечваецца ўдзел грамадзян у фарміраванні прадстаўнічых органаў дзяржавы.