§ 6. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці
Палітычныя эліты і лідары. Да суб’ектаў палітычнай улады адносяцца эліты і лідары. Палітычная эліта (у перакладзе з франц. élite — лепшы, адборны) — гэта група, якая валодае рэальнай палітычнай уладай, магчымасцю ўздзейнічаць на грамадства.
Ад дзейнасці і палітычных паводзінаў эліты ў значнай ступені залежаць напрамак і ход сацыяльнага развіцця, функцыянаванне грамадства і дзяржавы. Палітычная эліта вылучаецца згуртаванасцю, агульнай воляй да дзеяння, у яе ёсць кіраўнічы вопыт, гэта найбольш творчая і прадуктыўная частка грамадства, якая валодае выразнымі здольнасцямі да кіравання.
У паліталогіі існуюць розныя варыянты класіфікацыі эліт. Вылучаюць палітычную эліту, эканамічную і ваенную, дыпламатычную, навуковую, творчую, эліту маральнага аўтарытэту (святары, філосафы, настаўнікі).
У сусветна вядомым часопісе аб развіцці масавай культуры Vanity Fair штогод публікуюцца рэйтынгі «новай эліты», якая ўплывае на чалавецтва праз палітыку, культуру, модныя трэнды і тэхналогіі. Апошнім часам выразна праяўляецца наступная тэндэнцыя: у рэйтынгу з кожным годам усё менш людзей, якія прафесійна займаюцца палітычнай дзейнасцю.
У склад палітычнай эліты ўваходзяць палітычныя лідары. Палітычны лідар (ад англ. leader — вядучы) — гэта асоба, якая аказвае пастаянны і дамінуючы ўплыў на ўсё грамадства ці на арганізацыю пры прыняцці рашэнняў і вядзе за сабой паслядоўнікаў. У лідарстве выразна праяўляецца здольнасць асобы, якая валодае ўладай, уплываць і нават змяняць сацыяльныя паводзіны іншых людзей, сацыяльных слаёў ці ўсяго грамадства, калі гаворка ідзе пра агульнанацыянальнага лідара.
Ад таго, як узаемадзейнічаюць суб’екты палітычнай улады, якія прынцыпы і характар іх узаемаадносін, у грамадстве складваецца тая ці іншая палітычная сістэма.