Абагульненне па раздзеле «Сацыяльная сфера грамадства»

1. Дайце азначэнне наступным паняццям: грамадства, моладзь, натоўп, сацыяльнае дзеянне, сацыяльная група, сацыяльная камунікацыя, сацыяльная мабільнасць, сацыяльная роля, сацыяльная страта, сацыяльная структура грамадства, сацыяльны інстытут, сацыяльны клас, сацыяльны працэс, сацыяльны рух, сацыяльны статус.

2. Апішыце грамадства як сістэму, структуру і іерархію. Якія паняцці вы будзеце выкарыстоўваць для кожнага апісання?

3. Канкрэтызуйце прыкладамі супольнасці, пра якія гаворыцца ў артыкуле 14 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў».

4. Прачытайце фрагмент з публічнай лекцыі сучаснага пісьменніка і філосафа Умберта Эка «Ад інтэрнэту да Гутэнберга: тэкст і гіпертэкст», прачытанай у 1998 г. Як вы думаеце, ці ілюструюць дадзеныя радкі змены ў масавай камунікацыі, якія адбыліся ў выніку з’яўлення камп’ютара і інтэрнэту? Якія сацыяльныя працэсы, акрамя камунікацыі, апісаны ў дадзеным тэксце? Ці можна згадзіцца з аўтарам праз 20 гадоў пасля напісання гэтых радкоў? Аргументуйце сваё меркаванне.

«…Часта мне здаецца, што ў бліжэйшай будучыні наша грамадства расшчэпіцца — калі ўжо не расшчапілася — на два класы: тых, хто глядзіць толькі тэлебачанне, інакш кажучы, атрымлівае гатовыя вобразы і гатовае меркаванне пра свет, без права крытычнага адбору атрыманай інфармацыі, і тых, хто глядзіць на экран камп’ютара, інакш кажучы, тых, хто здольны вылучаць і перапрацоўваць інфармацыю. Тым самым пачынаецца падзел культур, які існаваў у час Сярэднявечча: паміж тымі, хто здольны чытаць рукапісы, а значыць, крытычна асэнсоўваць рэлігійныя, філасофскія і навуковыя пытанні, і тымі, хто выхоўваўся выключна дзякуючы вобразам у саборы — выбраным і апрацаваным іх творцамі. Тэма для фантаста! Будучае стагоддзе, у якім пралетарская большасць карыстаецца толькі зрокавай камунікацыяй, а плануецца гэтая камунікацыя камп’ютарнай літаратурнай элітай».

5. Прааналізуйце сітуацыю, вызначце статусы, сацыяльныя ролі герояў і механізмы змянення сацыяльнага статусу, якімі яны збіраюцца скарыстацца.

«Сяргей і Лена пазнаёміліся на фестывалі Viva Braslav. Яна вучыцца ў 9-м класе гімназіі, ён — у 10-м класе школы. У час размовы яны даведаліся, што маюць шмат агульнага: слухаюць аднолькавую музыку, мараць здзейсніць кругасветнае падарожжа, у абаіх ёсць старэйшыя браты. Сяргей расказаў, што ў будучым плануе паступіць у лінгвістычны ўніверсітэт і стаць прафесійным перакладчыкам, а Лена прызналася, што замежная мова для яе толькі хобі. Яна хоча атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць вядомым журналістам».

6. Якія асноўныя сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці ў моладзі як сацыяльнай групы?

7. Прасачыце змены магчымасцей сацыяльнай мабільнасці для чалавека ў розныя гістарычныя эпохі ў рабаўладальніцкіх, каставых, саслоўных, класавых грамадствах.

8. На падставе статыстычных даных прааналізуйце сацыяльную структуру сучаснага беларускага грамадства з пункту гледжання класавага і стратыфікацыйнага падыходаў.

9. Знайдзіце ў інтэрнэце блог папулярнай кнігі коміксаў «Heta Belarus Dzietka!» Марты Чарновай і Марыі Чараковай. Прааналізуйце коміксы «Супержанчыны» і «Кожны — праграміст». Адкажыце на пытанні.

• Які з коміксаў ілюструе ролевы канфлікт?

• Якія стэрэатыпы, звязаныя з сацыяльнымі статусамі, ролямі і мабільнасцю, ілюструюць коміксы?

10. Прааналізуйце карціну «Юнацтва» з цыкла карцін «Падарожжа жыцця» (The Voyage of Life) мастака XIX ст. Томаса Коўла, прысвечанага чатыром перыядам жыцця чалавека: дзяцінству, юнацтву, сталасці і старасці. Якія асноўныя ідэі прадстаўлены аўтарам у карціне? Параўнайце дадзеную карціну з трыма іншымі карцінамі з цыкла і вызначце, якія характэрныя рысы маладосці як жыццёвага этапу яна раскрывае.

img

Падбярыце карціны сучасных аўтараў, з дапамогай якіх можна праілюстраваць характэрныя рысы кожнага этапу жыцця чалавека ў залежнасці ад абранай жыццёвай стратэгіі.