*§ 5-1. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства
Сацыяльны працэс. Сацыяльнымі працэсамі называюць серыю з’яў узаемадзеяння людзей адзін з адным або серыю з’яў, што адбываюцца ў арганізацыі і структуры груп, якія змяняюць адносіны паміж людзьмі ці паміж састаўнымі элементамі супольнасці.
Існуе мноства падыходаў да класіфікацыі сацыяльных працэсаў.
Амерыканскія сацыёлагі Роберт Парк і Эрнст Бёрджэс у сярэдзіне ХХ ст. прапанавалі шэсць тыпаў сацыяльных працэсаў: кааперацыю (супрацоўніцтва), канкурэнцыю (саперніцтва), прыстасаванне (адаптацыю), асіміляцыю (паступовае зліццё), амальгамізацыю (змешванне), канфлікт (сутыкненне).
У дапаўненне да гэтай класіфікацыі сёння вучоныя вылучаюць наступныя віды сацыяльных працэсаў:
● працэсы аднаўлення (захаванне сістэмы праз паўтарэнне) і развіцця (захаванне праз новую якасць: прагрэсіўныя ці рэгрэсіўныя, рэвалюцыйныя ці эвалюцыйныя працэсы);
● стыхійныя (незапланаваныя) і свядомыя (запланаваныя) працэсы;
● працэсы сацыяльнай мабільнасці;
● працэсы падтрымання межаў — захаванне пагранічных (раздзяляльных) ліній паміж сацыяльнымі групамі;
● працэсы арганізацыі (стварэнне новага, упарадкаванне), дэзарганізацыі (разбурэнне правіл, структур) і рэарганізацыі (змены, паляпшэнні, перабудовы).
Вывучэнне сацыяльных працэсаў узнімае праблему іх ацэнкі як прагрэсіўных ці рэгрэсіўных, што звязана з пытаннем аб крытэрыях сацыяльнага прагрэсу, а таксама ўвязваецца з узроўнем даверу грамадзян да сацыяльных інстытутаў, якія дзейнічаюць у грамадстве.