§ 5. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Сацыяльныя рухі. Найбольш распаўсюджанай формай масавых паводзінаў можна лічыць сацыяльныя рухі — масавыя дзеянні, якія спрыяюць або перашкаджаюць сацыяльным зменам. Сацыяльны рух мае няпэўны ў часе цыкл, ён нестабільны, пры некаторых умовах лёгка распадаецца — у гэтым яго асноўнае адрозненне ад сацыяльнага інстытута.

У любым сацыяльным руху пры ўсіх асаблівасцях, абумоўленых спецыфікай краіны, рэгіёна, вылучаюць некалькі стадый. Спачатку ўзнікае пачуццё турботы, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, адбываецца ломка сістэмы каштоўнасцей і звыклых норм паводзінаў. Затым пачынаецца абмеркаванне існуючага становішча, фармуляванне асноўных праблем, вылучэнне лідараў. На наступных этапах адбываецца далейшае афармленне руху (пастаноўка яго асноўных мэт і задач, стварэнне сімволікі, ідэалогіі, магчымая афіцыйная рэгістрацыя арганізацыі).

Сацыяльны рух можа быць: прагрэсіўным ці рэгрэсіўным; палітычным, прафесійным, пацыфісцкім, маладзёжным, фемінісцкім, рэлігійным, нацыянальным, праваахоўным, экалагічным і інш. Вылучаюць таксама ўтапічныя рухі, накіраваныя на стварэнне ідэальнага грамадства.

icon-task

Вызначце, якія мэты ставяць перад сабой грамадскія рухі, чые лагатыпы прадстаўлены на ілюстрацыях.

Кансьюмерызм, спажывецтва (ад англ. consumerism) — з’ява, якая мае некалькі значэнняў:

● рух па абароне правоў спажыўцоў;

● апісанне працэсу спажывання, які стаў характэрнай рысай сучаснага грамадства.

icon-task
Вызначце, якое значэнне паняцця «кансьюмерызм» — як сацыяльнага руху ці сацыяльнага працэсу — з’яўляецца больш актуальным для сучаснага грамадства. Сфармулюйце асноўныя праблемы, звязаныя з залішнім спажываннем.

Мноства рухаў распадаюцца пад уплывам знешніх умоў, унутраных хібаў. Сацыяльныя рухі, якія дасягнулі сваёй мэты, ператвараюцца ў сацыяльныя інстытуты ці арганізацыі. Напрыклад, працоўны рух прывёў да ўзнікнення сацыял-дэмакратычных партый, а рух за здаровы лад жыцця спрыяе замацаванню адпаведных норм і правіл у статутах розных арганізацый (абароны правоў спажыўцоў, медыцынскіх, спартыўных і інш.).

Асаблівая роля ў працэсах змены грамадства належыць моладзі. У 2017 г. словам года па версіі Оксфардскага слоўніка англійскай мовы стала паняцце youthquake, якое па аналогіі з землетрасеннем перакладаецца як «моладзетрасенне». Яно азначае істотную культурную, палітычную ці сацыяльную змену, якая адбылася ў выніку дзеянняў ці ўплыву маладога пакалення.

img
icon-discussions
Як гэты фотаздымак характарызуе сучасную моладзь?
icon-search
Падчас канцэрта на рок-фэсце пад Мінскам 2 жніўня 2017 г. фатограф стаў сведкам таго, як маладыя людзі паднялі над сабой хлопца ў інваліднай калясцы. Даведайцеся, які загаловак меў артыкул у газеце з гэтай фатаграфіяй і ці стаў гэты здымак папулярным.

У сучасным свеце моладзь актыўна ўдзельнічае ў сацыяльных працэсах, рэалізуе ў розных сферах праекты, накіраваныя на паляпшэнне жыцця як асобных груп людзей, так і грамадства ў цэлым.