§ 5. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Сутнасць і віды масавых паводзінаў. Для таго каб лепш зразумець масавыя паводзіны, неабходна спачатку разабрацца, якім чынам чалавек паводзіць сябе ў натоўпе.

Натоўп — гэта часовае скопішча людзей, якія пры непасрэдным фізічным кантакце спантанна рэагуюць на адзін і той жа раздражняльнік падобным чынам.

Да асноўных уласцівасцей натоўпу адносяць: адсутнасць арганізацыйных і маральных норм; эмацыйна-імпульсіўную сувязь членаў натоўпу; пераймальнасць і масавы псіхоз; дэіндывідуалізацыю асобы члена натоўпу і страту асабістай адказнасці.

Ад натоўпу адрозніваецца публіка — часовы сход людзей, якія маюць падобныя чаканні якога-небудзь перажывання або цікавяцца адным і тым жа прадметам. Публіка можа быць выпадковай (зборышча) або спецыяльна сабранай (гледачы ў кіно, наведвальнікі выставы). Публіка можа лёгка перайсці ў стан натоўпу, калі пры ўзнікненні моцнага раздражняльніка прынятыя нормы паводзінаў перастаюць дзейнічаць.

icon-search

Знайдзіце дадатковую інфармацыю пра дзве гістарычныя падзеі, якім прысвечаны мемарыялы. Як перайначыўся натоўп у дадзеных падзеях, да чаго гэта прывяло і якія ўрокі атрымала грамадства праз гэтыя падзеі? Выкарыстайце памятку для работы з фотаздымкам мемарыяла, помніка.

Вучоныя вылучаюць розныя віды натоўпу. Выпадковы натоўп фарміруецца стыхійна, а канвенцыянальны збіраецца ў сувязі з якой-небудзь падзеяй. Экспрэсіўны натоўп выказвае эмоцыі, агрэсіўным — рухае злосць, прагным — сквапнасць, панічны — ахоплівае страх і інш. Незалежна ад віду натоўпу яго асноўнай уласцівасцю з’яўляецца тое, што ён лёгка ператвараецца з аднаго віду ў другі.

Як паводзіць сябе ў натоўпе:

● трапіўшы ў перапоўненую прастору, загадзя вызначце месцы, якія ў выпадку надзвычайнай сітуацыі з’явяцца самымі небяспечнымі (праходы паміж сектарамі на стадыёне, сетка, шкляныя дзверы, агароджы, перагародкі і да т. п.), і адзначце для сябе шляхі адыходу на выпадак, калі што-небудзь здарыцца;

● знаходзячыся ў натоўпе, спакойна перамяшчайцеся па ходзе яго руху; ні ў якім разе не спрабуйце ісці ў процілеглым кірунку;

● ухіляйцеся ад усяго нерухомага на шляху, не падымайце рэчы, якія ўпалі, і не чапляйцеся ні за што рукамі.

icon-discussions
Дапоўніце правілы паводзінаў у натоўпе. Абмяркуйце, што неабходна ўлічваць для прадухілення панікі.

У развіцці грамадства можна прасачыць тэндэнцыю распаўсюджвання масавых з’яў. Працэсы індустрыялізацыі і ўрбанізацыі прывялі да збірання людзей у гарадах. Стандартызацыя вытворчасці і спажыванне аднатыпных тавараў, распаўсюджванне сродкаў масавай камунікацыі і масавай культуры выклікалі з’яўленне ў другой палове XIX — пачатку XX ст. мас як суб’екта сацыяльнага дзеяння.

У гэтай сувязі часам пад масавымі паводзінамі разумеюць калектыўныя паводзіны, справакаваныя ўздзеяннем сродкаў масавай камунікацыі. Масмедыя садзейнічаюць таму, што масавыя паводзіны характарызуюцца стратай індывідуальных ацэнак, аднолькавымі рэакцыямі, неўсвядомленымі матывамі.

Масавыя паводзіны — гэта аднатыпныя, супадаючыя формы паводзінаў вялікай колькасці людзей як вынік іх рэакцыі на сацыяльна істотны раздражняльнік (часцей за ўсё замах на іх інтарэсы). Асаблівасцямі масавых паводзінаў выступаюць:

• супадзенне індывідуальных стратэгій паводзінаў раз’яднаных удзельнікаў;

• ананімнасць удзельнікаў (маса заўсёды безаблічная);

• неарганізаванасць і бесструктурнасць (масавыя паводзіны па сваёй прыродзе стыхійныя, хоць магчыма «ўтаймаваць» іх і кіраваць імі).

icon-task
Вызначце, у чым падабенства і адрозненне паняццяў «маса» і «натоўп». Чым адрозніваецца натоўп балельшчыкаў на стадыёне ад масы тэлегледачоў матча па ўсім свеце?

Масавыя паводзіны рэалізуюцца праз мноства форм: гэта могуць быць як неарганізаваныя дзеянні (распаўсюджванне плётак, масавая істэрыя, паніка, пагром, бунт), так і арганізаваныя (правядзенне дэманстрацый, дзейнасць сацыяльных рухаў).