§ 1. Грамадства як сістэма
Сферы жыцця грамадства і сацыяльныя інстытуты. Грамадства як устойлівая сістэма адносін паміж людзьмі складаецца з падсістэм, якія называюць сферамі грамадскага жыцця. Звычайна вылучаюць чатыры сферы: сацыяльную, эканамічную, палітычную, духоўную. Сферы жыцця грамадства — гэта не замкнёныя сістэмы, якія насяляюць розныя людзі, а адносіны адных і тых жа людзей у сувязі з рознымі бакамі іх жыцця. У кожнай са сфер грамадскага жыцця фарміруюцца спецыфічныя сацыяльныя інстытуты, з дапамогай якіх адносіны ў грамадстве набываюць устойлівы характар, упарадкоўваюцца і сістэматызуюцца. У дадзеным сэнсе сацыяльны інстытут падобны да паняцця «правілы гульні».
У сучаснай сацыялогіі пад сацыяльным інстытутам разумеюць форму арганізацыі сумеснай жыццядзейнасці людзей. Яе існаванне выклікана неабходнасцю задавальнення сацыяльных, эканамічных, палітычных, культурных ці іншых патрэб грамадства. Сацыяльныя інстытуты могуць уплываць на паводзіны людзей з дапамогай устаноўленых правіл, норм, санкцый.
Сям’я, вытворчасць, рэлігія, адукацыя, уласнасць, войска, дзяржава — гэта фундаментальныя сацыяльныя інстытуты, якія ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і якія існуюць у цяперашні час. Кожны інстытут выконвае строга прадпісаную функцыю: абараняе, вырабляе, навучае і г. д.
Для выканання сваіх функцый сацыяльны інстытут стварае неабходныя ўстановы, у рамках якіх арганізуецца яго дзейнасць. Акрамя таго, кожны інстытут павінен валодаць неабходнымі сродкамі і рэсурсамі. Напрыклад, для функцыянавання інстытута медыцыны ствараюцца такія ўстановы, як бальніцы, навукова–даследчыя інстытуты і лабараторыі, узводзяцца будынкі, выдаткоўваюцца грашовыя сродкі і іншыя рэсурсы. Адзін інстытут можа ўдзельнічаць у выкананні некалькіх функцый у розных сферах грамадства. Напрыклад, інстытут шлюбу рэгулюе шлюбныя адносіны, удзельнічае ў рэгуляванні сямейных адносін і адначасова спрыяе рэгуляванню адносін уласнасці і інш.
Функцыі сацыяльных інстытутаў могуць змяняцца, знікаць і трансфармавацца ў новыя. Стан сацыяльных інстытутаў — паказчык устойлівасці сацыяльнай сістэмы. Калі сістэма стабільная, сацыяльныя інстытуты маюць зразумелыя і неабходныя функцыі. Напрыклад, сям’я як сацыяльны інстытут — гэта не канкрэтныя бацькі, дзеці і іншыя члены сям’і, а пэўная сістэма фармальных і нефармальных норм і правіл, на аснове якіх будуюцца сямейныя адносіны. Інстытут сям’і выконвае функцыі ўзнаўлення чалавечага роду і сацыялізацыі членаў грамадста.