*§ 1-0. Сацыялогія — навука аб грамадстве
Прафесія сацыёлаг. Прыкладныя сацыёлагі займаюцца маркетынгавымі даследаваннямі ў гандлёвых фірмах, даследуюць меркаванні электарату ў час перадвыбарных кампаній, пралічваюць эфектыўнасць правядзення рэкламных кампаній, складаюць рэйтынгі для СМІ. І называцца яны могуць адпаведна маркетолагамі, аналітыкамі, паліттэхнолагамі.
Непасрэдна сацыёлагамі працуюць адзінкі – гэта вучоныя, якія з дапамогай апытання насельніцтва і матэматычнай апрацоўкі даных высвятляюць, што рэальна адбываецца ў грамадстве, раскрываюць прычыны негатыўных з’яў і даюць рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі:
● у аналітычных сацыялагічных цэнтрах і кансалтынгавых кампаніях;
● у дзяржаўных і муніцыпальных органах улады;
● у Public Relations (сувязі з грамадскасцю) і рэкламе;
● у кадравых службах;
● у маркетынгавых аддзелах прадпрыемстваў;
● у СМІ і выдавецкім бізнесе.
Памятка «Як правесці сацыялагічнае даследаванне»
Вызначэнне праблемнай сітуацыі
Неабходна выявіць супярэчнасці, што існуюць у сацыяльных стасунках, і сфармуляваць праблемную сітуацыю.
Мэты і задачы даследавання
Галоўная мэта сацыялагічнага даследавання — вывучэнне сацыяльнага аб’екта для далейшай выпрацоўкі мер па вырашэнні выяўленай праблемнай сітуацыі.
Прыклады мэт:
• вызначыць першачарговыя меры па вырашэнні сацыяльных праблем…
• вывучыць меркаванні…
• выявіць чаканні і перавагі…
Мэтавая аўдыторыя даследавання
Структура аб’екта
Аб’ект даследавання мае пэўныя суадносіны элементаў. У аснове сацыяльна-дэмаграфічныя прыметы: мужчыны – жанчыны, узроставы склад, адукацыя, род заняткаў, дастатак і інш.
Мэтавая аўдыторыя — элемент аб’екта, якія ўяўляе практычны інтарэс для даследавання. Напрыклад: дзеці і падлеткі; наяўнасць вышэйшай адукацыі; жыхары дадзенага мікрараёна і інш.
Выбаркі
Генеральная сукупнасць – гэта аб’ект даследавання, абмежаваны тэрыторыяй, вытворчасцю і часам. Напрыклад: усё насельніцтва Беларусі, Віцебскай вобласці, пасялення Х, чытачы бібліятэкі № і да т. п.
Выбарчая сукупнасць (выбарка) – гэта адабраная па строга зададзеным правіле пэўная колькасць элементаў у генеральнай сукупнасці. Выбарка ўяўляе сабой своеасаблівую мікрамадэль (праекцыю) усёй генеральнай сукупнасці. Сваёй структурай яна па ўсіх асноўных якасных характарыстыках, якія вывучаюцца ў працэсе даследавання, і кантрольных прыметах павінна максімальна паўтараць структуру генеральнай сукупнасці.
Якасць выбаркі
Якасць выбаркі ацэньваюць па двух паказчыках:
1. Рэпрэзентатыўнасць (калі яна сваёй структурай максімальна паўтарае структуру генеральнай сукупнасці).
2. Надзейнасць:
• паўната выбаркі (у ёй прадстаўлены ўсе элементы генеральнай сукупнасці);
• дакладнасць інфармацыі (у ёй няма неіснуючых адзінак назірання, напрыклад «мёртвых душ»);
• адэкватнасць (выбарка суадносіцца з рашэннем пастаўленых даследаваннем задач, напрыклад даследаванне чытацкай аўдыторыі казак не праводзіцца ў аддзеле тэхнічнай літаратуры).
+ не трэба апытваць занадта многа людзей – інакш не хопіць сіл на тое, каб апрацаваць атрыманы матэрыял;
+ нельга абмяжоўвацца гутаркай толькі з пяццю-дзесяццю сваімі суседзямі, сябрамі ці знаёмымі;
+ у выпадку цяжкасцей пракансультуйцеся са спецыялістам.
Рэпрэзентатыўная выбарка
Выбарка з’яўляецца рэпрэзентатыўнай (прадстаўнічай), калі яна сваёй структурай максімальна паўтарае структуру генеральнай сукупнасці. Прыклад: долі жанчын і мужчын сярод насельніцтва горада складаюць адпаведна 48 % і 52 %. Гэтыя ж прапорцыі павінны захоўвацца ў выбарцы даследавання. Калі яны парушаны і на пытанні анкеты адказалі 55 % жанчын і 45 % мужчын, то праводзіцца рамонт выбаркі і дабіраюцца анкеты мужчын, каб долі розных палоў у выбарцы адпавядалі іх прадстаўніцтву ў генеральнай сукупнасці.
Спосабы фарміравання выбаркі
Стыхійная выбарка – выбарка «першага сустрэчнага». Якасць яе невысокая.
Выпадковая выбарка – адбор адбываецца па гатовым спісе (алфавітны спіс, спіс тэлефонаў, спіс дамоў, кватэр і да т. п.) праз пэўны інтэрвал.
Квотная выбарка ўяўляе сабой дакладную структуру генеральнай сукупнасці.
Віды збору сацыялагічнай інфармацыі
• Аналіз дакументаў выкарыстоўваецца, калі факты аб паводзінах людзей, падзеях, меркаваннях розных катэгорый насельніцтва зафіксаваны рознымі спосабамі (з дапамогай відэа- і аўдыязапісу, тэкстаў, электронных і іншых форм дакументавання).
• Назіранне — даследчык не ўваходзіць ва ўзаемадзеянне з тымі, за кім назірае. Пры гэтым ён можа фіксаваць або ўсё, або выбарачна, што ён бачыць і чуе. Формы фіксацыі – дзённік назірання або бланк, фота, відэазапіс. Уключанае назіранне – калі назіральнік з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам таго працэсу, які назірае (напрыклад, сацыёлаг працуе на вытворчасці). Няўключанае назіранне – калі назіральнік знаходзіцца ў баку, а не ўнутры працэсу, які вывучае.
• Апытанне — атрыманне інфармацыі ад людзей (рэспандэнтаў), якія адказваюць на пастаўленыя пытанні. Да 90 % усіх сацыялагічных даных атрыманы дзякуючы гэтаму метаду.
Віды апытання
• анкетаванне (або завочнае апытанне), калі рэспандэнт запаўняе апытальнік сам у прысутнасці анкецёра або без яго;
• інтэрв’ю (або вочнае апытанне), калі інтэрв’юер уступае ў зносіны з рэспандэнтам. Інтэрв’юер сам задае пытанні чалавеку і фіксуе атрыманыя адказы.
Віды анкетавання
Па спосабе арганізацыі:
• па месцы асноўнай занятасці рэспандэтаў (па месцы вучобы або працы);
• па месцы жыхарства (для ўсіх катэгорый насельніцтва).
У залежнасці ад крыніцы інфармацыі:
• масавае апытанне (асноўная крыніца інфармацыі – прадстаўнікі розных катэгорый насельніцтва, чыя дзейнасць не звязана непасрэдна з прадметам даследавання);
• экспертнае апытанне (галоўная крыніца – кампетэнтныя людзі, прафесійная дзейнасць якіх мае цесную сувязь з прадметам вывучэння).
Па спосабе зносін паміж даследчыкам і рэспандэнтам:
• вочнае (у ходзе якога адбываецца прамы кантакт даследчыка з рэспандэнтам);
• завочнае (рэспандэнт запаўняе анкету пры адсутнасці даследчыка, анкета высылаецца па пошце, электроннай пошце. Працэнт вяртання анкет у такім выпадку вельмі нізкі).
Па характары працэдуры асабістага апытання:
• групавое (адначасовае, але індывідуальнае анкетаванне, рэспандэнтаў збіраюць у пэўны час у адным памяшканні);
• індывідуальнае (праводзіцца, калі няма магчымасці запрасіць рэспандэнтаў у адно месца; у гэтым выпадку апытанне ідзе па чарзе).
Віды інтэрв’ю
Па тэхніцы правядзення:
• свабоднае інтэрв’ю (апытальнік загадзя не рыхтуецца, вызначаецца толькі тэма размовы, праводзіцца для ўдакладнення праблемы даследавання);
• стандартызаванае інтэрв’ю (складаецца агульны план гутаркі, вызначаецца паслядоўнасць пытанняў і прыкладныя варыянты адказаў).
Па тыпе рэспандэнтаў:
• з адказнай асобай (з чалавекам, які займае адказную пасаду і па сваіх службовых абавязках валодае пэўнай інфармацыяй);
• з экспертам (з чалавекам, які з’яўляецца спецыялістам вышэйшай катэгорыі па дадзенай праблеме і здольны даць максімальна падрабязную інфармацыю або аб’ектыўную ацэнку);
• з радавым рэспандэнтам (са звычайным чалавекам, які ўспрымае сітуацыю як звычайны жыхар горада).
Па спосабе зносін паміж даследчыкам і рэспандэнтам:
• відавочныя (праводзяцца асабіста з чалавекам, якога апытваюць, або з групай людзей);
• фокус-групы (абмеркаванне ў групе);
• тэлефонныя (праводзяцца па тэлефоне).
Распрацоўка анкеты – класіфікацыя пытанняў
• Закрытыя пытанні. У анкеце прапануецца некалькі магчымых варыянтаў адказу. Для адказу на закрытае пытанне рэспандэнту неабходна адзначыць выбраны варыянт адказу (паставіць крыжык, абвесці нумар адказу або проста падкрэсліць выбраны варыянт).
• Паўзакрытыя пытанні. Калі максімальна не прадугледжваць магчымыя варыянты адказаў, лепш выкарыстаць паўзакрытае пытанне. У канцы спіса адказаў варта напісаць: «Што яшчэ?» або «Іншае…», пакінуўшы для запісу месца – два-тры радкі.
• Адкрытыя пытанні. Адкрытыя пытанні ў адрозненне ад закрытых не ўтрымліваюць падказак, даюць больш багатую па змесце інфармацыю, бо рэспандэнты маюць магчымасць выказаць сваё меркаванне з усімі падрабязнасцямі.
• Пытанні тыпу «Так – не». Гэты від пытанняў з’яўляецца самым простым і вядомым. Выкарыстоўваецца ў асноўным для атрымання даных пра факты і дзеянні.
• Альтэрнатыўныя пытаннні. Адказы на гэтыя пытанні носяць узаемавыключальны характар. Сума адказаў на альтэрнатыўнае пытанне роўная 100 %.
• Поліварыянтныя пытанні. Гэта пытанні тыпу «меню». Даецца набор варыянтаў адказаў, з якіх рэспандэнт можа выбраць некалькі.
• Рангавыя пытанні. Часам рэспандэнту прапануецца праранжыраваць выбраныя адказы і ўпарадкаваць іх па ступені значнасці для яго.
• Шкальныя пытанні.Такія пытанні ўтрымліваюць шкалу вымярэння прыметы пытання. Гэта разнавіднасць альтэрнатыўнага пытання. Пры адказе рэспандэнту неабходна адзначыць інтэнсіўнасць якой-небудзь з’явы або меркавання.
• Асноўныя і ўскосныя пытанні. Па мэце пытанні бываюць змястоўныя (асноўныя) і функцыянальныя (ускосныя). Змястоўныя накіраваны на раскрыццё зместу пэўных з’яў і іх узаемасувязей. Функцыянальныя ўпарадкоўваюць працэс апытання. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на функцыянальна-псіхалагічныя, пытанні-фільтры і кантрольныя пытанні.
Кантактныя пытанні ставяцца ў пачатку анкеты. Пасля прачытання першых пытанняў у рэспандэнта павінна скласціся спрыяльнае ўражанне аб рабоце па запаўненні анкеты.
Структура анкеты
Уводная частка. Галоўная задача – абудзіць у рэспандэнта жаданне адказваць на пытанні анкеты. Яна ўтрымлівае:
1. Зварот (паважаны чытач, жыхар, грамадзянін і да т. п.).
2. Даныя арганізацыі (установы), якая праводзіць апытанне.
3. Мэты і задачы даследавання, значнасць рашэння пастаўленых задач.
4. Значнасць ролі рэспандэнта для рашэння гэтых задач.
5. Гарантыю ананімнасці.
6. Указанне пра тэхніку запаўнення анкеты.
7. Выражэнне падзякі, выказанае авансам чалавеку, які запаўняе анкету.
Асноўная частка
• Першымі звычайна ідуць кантактныя пытанні, асноўная мэта якіх зацікавіць рэспандэнта праблемай, палегчыць яму працэс уключэння ў работу.
• Пасля кантактных пытанняў ставяцца асноўныя. Адказы на іх даюць інфармацыю па праблеме, якая цікавіць даследчыка. Змест гэтых пытанняў павінен адпавядаць мэтам і задачам даследавання.
• Для кожнай асобнай задачы лепш распрацаваць свой блок пытанняў. Пытанні можна размяшчаць па блоках, а можна ўперамешку.
• Самыя складаныя пытанні лепш размяшчаць у сярэдзіне анкеты.
• На апошнім месцы прыводзяцца заключныя пытанні, асноўная задача якіх зняць псіхалагічнае напружанне ў рэспандэнтаў, даць адчуць, што зроблена сур’ёзная і патрэбная работа. У сувязі з магчымай стомленасцю рэспандэнта гэта павінны быць найбольш простыя пытанні, адказы на якія не патрабуюць моцнага напружання памяці, увагі і да т. п.
«Пашпартычка»
Пытанні, якія адлюстроўваюць сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі рэспандэнта: пол, узрост, адукацыю, прафесію, сямейнае становішча, узровень даходу і інш., могуць размяшчацца як у пачатку, так і ў канцы анкеты.
Апрацоўка анкеты
Атрыманы ў ходзе анкетавання матэрыял неабходна апрацаваць, гэта значыць сістэматызаваць змест адказаў у адпаведнасці з праграмай даследавання. Калі праводзіцца ручная апрацоўка інфармацыі, то трэба загадзя падрыхтаваць дапаможныя табліцы і матрыцы.
Афармленне вывадаў
• На гэтым этапе апрацаваныя і сістэматызаваныя даныя прадстаўляюць у выглядзе розных дакументаў, справаздач, табліц і да т. п. Такі спосаб падачы інфармацыі палягчае аналіз абагульненых матэрыялаў і дапамагае зрабіць вывады.
• Атрыманыя пасля апрацоўкі сацыялагічныя матэрыялы могуць быць адлюстраваны ў артыкулах гарадскіх газет, дакладах і інш.
• Пасылаючы даныя апытанняў у тыя або іншыя інстанцыі, выкарыстоўваючы іх у працэсе перамоў, абавязкова пакажыце, колькі чалавек апытана і як размеркаваліся адказы (у працэнтах да колькасці апытаных).