*§ 1-0. Сацыялогія — навука аб грамадстве
Асноўныя паняцці сацыялогіі. Сёння тэрмін «сацыялогія» ні ў каго не выклікае здзіўлення. Штодзённа з экранаў тэлевізараў, па радыё, з газет і часопісаў, у інтэрнэце можна даведацца пра вынікі сацыялагічных апытанняў на розныя тэмы. Гэта і добра, і дрэнна адначасова. Добра, паколькі прысутнічае сістэма вывучэння грамадскай думкі, якая дазваляе выкарыстоўваць чужы вопыт, а значыць, існуе пэўны сацыяльны механізм, які можа папярэджваць людзей ад магчымых памылак, няправільных дзеянняў ці ўчынкаў.
У вучэбным прадмеце «Грамадазнаўства» сацыялогія больш, чым іншыя навукі, звязана з даследаваннем сацыяльнай сферы сучаснага грамадства і функцыяй яго пераўтварэння. Сацыялогія, не дубліруючы іншых гуманітарных і сацыяльных навук, дае адмысловыя, вельмі неабходныя сучаснаму чалавеку веды: пра свет і грамадства, прыроду сацыяльнага жыцця, малыя і вялікія сацыяльныя групы, сацыяльную структуру, сацыяльныя інстытуты, напрамкі сацыяльнага развіцця. У выніку веды па сацыялогіі аказваюць каласальны ўплыў на фарміраванне навуковага светапогляду і дапамагаюць маладым людзям самастойна разбірацца ў складанасцях сучаснага жыцця.
Вывучэнне часу і месца ўзнікнення сацыялогіі, яе заснавальнікаў, этапаў (перыядаў) развіцця мае вялікае значэнне. Лічыцца, што ўпершыню слова «сацыялогія» як галіна навуковых ведаў было ўведзена ў навуковы ўжытак французскім мысліцелем Агюстам Контам у працы «Курс пазітыўнай філасофіі» (1830–1842).
Сацыялогія, падобна многім іншым інтэлектуальным дысцыплінам, можа мець справу з эмпірычнымі апісаннямі (уключаючы і сучасныя сацыяльныя ўмовы, і гістарычныя паслядоўнасці). Яна можа абмяркоўваць маральныя праблемы, прапаноўваць ці адхіляць планы практычных дзеянняў і параўноўваць існуючыя ўмовы з ідэаламі; разглядаць асноватворныя і іншыя метатэарэтычныя пытанні. Галоўнае значэнне сацыялогіі – гэта фармулёўка абагульненых тлумачальных прынцыпаў працэсаў, якія складаюць сацыяльную рэальнасць. Менавіта гэтыя працэсы вызначаюць, якім чынам канкрэтныя ўмовы спараджаюць канкрэтныя вынікі. Гэтыя абагульненыя спосабы тлумачэння сацыяльнай рэальнасці і складаюць навуку.
Сацыялогія выконвае ў грамадстве шэраг функцый: пазнаваўчую, прагнастычную, кіраўнічую, арганізацыйна-тэхналагічную, гуманістычную. «Ведаць – каб прадбачыць, прадбачыць – каб рэгуляваць» (А. Конт).
Функцыі сацыялогіі | Характарыстыка |
Гуманістычная | Садзеянне паляпшэнню ўзаемаразумення паміж людзьмі, удасканаленню сацыяльных зносін |
Пазнаваўчая | Звязана з вывучэннем заканамернасцей і тэндэнцый развіцця, функцыянавання сацыяльнай сістэмы і здзяйсняецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх структурных элементах сацыялогіі |
Прагнастычная | Выпрацоўка навукова абгрунтаваных прагнозаў аб тэндэнцыях развіцця сацыяльных працэсаў, прадстаўленне альтэрнатыўных сцэнарыяў будучых працэсаў, вызначэнне дыяпазону магчымасцей, якія адкрываюцца перад людзьмі на дадзеным гістарычным этапе, разлік верагодных страт і доўгатэрміновых наступстваў |
Кіраўнічая | Звязана з праблемамі кіравання сацыяльнай сістэмай. Вынікі сацыялагічных даследаванняў, прагнозы, методыкі, тэсты служаць зыходным матэрыялам для распрацоўкі кіраўнічых рашэнняў на розных узроўнях |
Арганізацыйна-тэхналагічная | Стварэнне сацыяльных тэхналогій (сацыяльных праектаў) і іх укараненне ў практычнае жыццё (прыкладная сацыялогія) |
Сацыялогія складаецца з вялікай колькасці спецыяльнасцей. Гэта не павінна здзіўляць, паколькі налічваецца мноства даследчыкаў, зацікаўленых у рознабаковым вывучэнні грамадства. З улікам таго што сацыялогія мае на ўвазе ўвесь сацыяльны свет (уключаючы яго прычыны і наступствы), то відавочны велізарны выбар эмпірычных аб’ектаў для магчымага даследавання.