*§ 1-0. Сацыялогія — навука аб грамадстве

Асноўныя паняцці сацыялогіі. Сёння тэрмін «сацыялогія» ні ў каго не выклікае здзіўлення. Штодзённа з экранаў тэлевізараў, па радыё, з газет і часопісаў, у інтэрнэце можна даведацца пра вынікі сацыялагічных апытанняў на розныя тэмы. Гэта і добра, і дрэнна адначасова. Добра, паколькі прысутнічае сістэма вывучэння грамадскай думкі, якая дазваляе выкарыстоўваць чужы вопыт, а значыць, існуе пэўны сацыяльны механізм, які можа папярэджваць людзей ад магчымых памылак, няправільных дзеянняў ці ўчынкаў.

У вучэбным прадмеце «Грамадазнаўства» сацыялогія больш, чым іншыя навукі, звязана з даследаваннем сацыяльнай сферы сучаснага грамадства і функцыяй яго пераўтварэння. Сацыялогія, не дубліруючы іншых гуманітарных і сацыяльных навук, дае адмысловыя, вельмі неабходныя сучаснаму чалавеку веды: пра свет і грамадства, прыроду сацыяльнага жыцця, малыя і вялікія сацыяльныя групы, сацыяльную структуру, сацыяльныя інстытуты, напрамкі сацыяльнага развіцця. У выніку веды па сацыялогіі аказваюць каласальны ўплыў на фарміраванне навуковага светапогляду і дапамагаюць маладым людзям самастойна разбірацца ў складанасцях сучаснага жыцця.

Вывучэнне часу і месца ўзнікнення сацыялогіі, яе заснавальнікаў, этапаў (перыядаў) развіцця мае вялікае значэнне. Лічыцца, што ўпершыню слова «сацыялогія» як галіна навуковых ведаў было ўведзена ў навуковы ўжытак французскім мысліцелем Агюстам Контам у працы «Курс пазітыўнай філасофіі» (1830–1842).

icon-persona
Як і многія іншыя філосафы канца XVIII – першай паловы XIX ст., А. Конт знаходзіўся пад уплывам вялікіх поспехаў у галіне прыродазнаўчых навук. Таму ён, разглядаючы праблемы грамадства і сацыяльных паводзінаў, узняў на шчыт дэвіз: «Парадак і прагрэс», дзе парадак разумеўся, па аналогіі з фізікай, як сіметрычнасць і ўраўнаважанасць структурных элементаў грамадства (індывідаў і груп), а прагрэс – як выкарыстанне ведаў аб грамадстве ў першую чаргу для вырашэння канкрэтных праблем, накіраваных на аптымізацыю чалавечых адносін, у чым, на яго погляд, назіралася адставанне ад іншых навук. Менавіта гэты перыяд традыцыйна разглядаецца як час нараджэння сацыялогіі.

Сацыялогія, падобна многім іншым інтэлектуальным дысцыплінам, можа мець справу з эмпірычнымі апісаннямі (уключаючы і сучасныя сацыяльныя ўмовы, і гістарычныя паслядоўнасці). Яна можа абмяркоўваць маральныя праблемы, прапаноўваць ці адхіляць планы практычных дзеянняў і параўноўваць існуючыя ўмовы з ідэаламі; разглядаць асноватворныя і іншыя метатэарэтычныя пытанні. Галоўнае значэнне сацыялогіі – гэта фармулёўка абагульненых тлумачальных прынцыпаў працэсаў, якія складаюць сацыяльную рэальнасць. Менавіта гэтыя працэсы вызначаюць, якім чынам канкрэтныя ўмовы спараджаюць канкрэтныя вынікі. Гэтыя абагульненыя спосабы тлумачэння сацыяльнай рэальнасці і складаюць навуку.

Сацыялогія выконвае ў грамадстве шэраг функцый: пазнаваўчую, прагнастычную, кіраўнічую, арганізацыйна-тэхналагічную, гуманістычную. «Ведаць – каб прадбачыць, прадбачыць – каб рэгуляваць» (А. Конт).

Функцыі сацыялогіі Характарыстыка
Гуманістычная Садзеянне паляпшэнню ўзаемаразумення паміж людзьмі, удасканаленню сацыяльных зносін
Пазнаваўчая Звязана з вывучэннем заканамернасцей і тэндэнцый развіцця, функцыянавання сацыяльнай сістэмы і здзяйсняецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх структурных элементах сацыялогіі
Прагнастычная Выпрацоўка навукова абгрунтаваных прагнозаў аб тэндэнцыях развіцця сацыяльных працэсаў, прадстаўленне альтэрнатыўных сцэнарыяў будучых працэсаў, вызначэнне дыяпазону магчымасцей, якія адкрываюцца перад людзьмі на дадзеным гістарычным этапе, разлік верагодных страт і доўгатэрміновых наступстваў
Кіраўнічая Звязана з праблемамі кіравання сацыяльнай сістэмай. Вынікі сацыялагічных даследаванняў, прагнозы, методыкі, тэсты служаць зыходным матэрыялам для распрацоўкі кіраўнічых рашэнняў на розных узроўнях
Арганізацыйна-тэхналагічная Стварэнне сацыяльных тэхналогій (сацыяльных праектаў) і іх укараненне ў практычнае жыццё (прыкладная сацыялогія)

Сацыялогія складаецца з вялікай колькасці спецыяльнасцей. Гэта не павінна здзіўляць, паколькі налічваецца мноства даследчыкаў, зацікаўленых у рознабаковым вывучэнні грамадства. З улікам таго што сацыялогія мае на ўвазе ўвесь сацыяльны свет (уключаючы яго прычыны і наступствы), то відавочны велізарны выбар эмпірычных аб’ектаў для магчымага даследавання.