* Паэма «Сымон-музыка»
Характарыстыка вобразнай сістэмы
Паэма пачынаецца са своеасаблівай прадмовы — звароту да чытачоў — і мае пяць частак. Галоўны герой твора — Сымон. Гэта сялянскі сын, незвычайна адораны ад прыроды музы́ка, які адчувае свет не так, як іншыя. З самага маленства хлопца суправаджала адзінота, нават сям’я лічыла яго дзіваком. Талент Сымона заўважыў дзед Курыла, пастух, з якім працаваў хлопец, і перадаў свайму «вучню» скрыпку. Праз гэта падкрэслены народныя вытокі творчасці галоўнага героя.
Пасля смерці дзеда Курылы і канфлікту са сваім бацькам Сымон сыходзіць з дому. Ён вандруе з жабраком, потым працуе ў карчмара Шлёмы, а затым служыць у замку. Жабрацкае жыццё засмучае музы́ку сваёй асацыяльнасцю, ашуканствам. Праца ў карчме не дае развівацца таленту мастака, а схіляе дбаць толькі пра самыя звычайныя патрэбы. У княжацкім палацы Сымон хоча вучыцца, але гэту магчымасць яму так і не даюць і тым прыніжаюць яго. У паэме перад чытачом паўстаюць адмысловыя колы пакут, у якія трапляе галоўны герой.
Сымон сутыкаецца на сваім шляху і з іншымі персанажамі: бацькі Ганны, Яхім, Галыга, дзед Даніла і інш. Кожны з гэтых герояў паказвае сваё бачанне свету, адлюстроўвае адпаведную мадэль каштоўнасцей, увасабляе алегарычны сэнс.
Пазней беларускі даследчык Міхась Тычына праводзіў паралелі паміж творчасцю Якуба Коласа і Аляксандра Пушкіна і сцвярджаў, што трагедыя Сымона, як і кожнага таленту, у разладзе паміж марай і явай. Герой асуджаны тварыць у чужым для яго духоўных парываў асяроддзі, блукаць, як той свавольны прамень з прытчы, паміж небам і зямлёй. |
Важным у творы з’яўляецца вобраз Ганны. Дзяўчына ўвасабляе Беларусь, якую абуджае маладое мастацтва ў вобразе Сымона. Адметна, што ў першым варыянце паэмы галоўны герой засынаў доўгім сном, а ў трэцім ён выратоўвае Ганну дзякуючы свайму таленту — і маладыя людзі смела крочаць у будучыню. Вось як Сымон звяртаецца да каханай:
Я чую твой голас у шолаху зёлак,
Я чую твой голас у спевах бясконцых
Травы прыбярэжнай, дзе мыецца золак,
І усмех твой ясны адсвечвае сонцам.
У творы гаворыцца і пра сілу мастацтва, ролю мастака ў гісторыі. Музыка ўздзейнічае не толькі на людзей, але і на прыроду, якая адгукаецца на майстэрства творцы:
Льюцца гукі ў леснай цішы
Срэбраплынным ручайком;
Лес замёр, стаіць, не дыша,
Не варушачы лістком;
Прыпынілі спевы птушкі –
Скрыпцы ім не ўзяць у тон;
Толькі пчолкі, чмель і мушкі
Далучаюць сюды звон.
|
У прыведзеных ніжэй радках Якуб Колас разважаў аб трагічным лёсе беларускіх талентаў:
Эх, чаго нам ні прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Пра вытокі мастацкага таленту Колас пісаў ва ўступе да паэмы так:
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
I злучана быццё і небыццё, —
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
І выхаду шукаў
Адбітак родных з’яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.