Максім Багдановіч

Біяграфія

Як паэт Максім Багдановіч быў заўважаны не адразу. Ён некалькі разоў дасылаў сшыткі сваіх вершаў у рэдакцыю газеты «Наша ніва», але рэдактар Аляксандр Уласаў адпраўляў іх у архіў.

Выпадкова творы прачытаў таленавіты крытык Сяргей Палуян, які стаў шчыра бараніць вершы Максіма Багдановіча.

Максім Багдановіч — адна з самых цікавых і загадкавых асоб у гісторыі беларускай літаратуры. Ён быў з тых першаадкрывальнікаў, хто фарміраваў напрамкі развіцця літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя і моцна паўплываў на далейшае развіццё прыгожага пісьменства Беларусі, хоць з дваццаці пяці гадоў свайго жыцця ён толькі пяць пражыў на Радзіме.

Нарадзіўся Максім 9 снежня 1891 года ў Мінску. У гэты час бацька будучага паэта працаваў загадчыкам і настаўнікам Мінскага гарадскога пачатковага вучылішча. У кватэры пры вучылішчы і нарадзіўся Максім (цяпер гэта вуліца Багдановіча, 25). Пазней сям’я пераехала ў Гродна ў вялікі драўляны дом. Сёння там размяшчаецца Музей Максіма Багдановіча, які ўваходзіць у комплекс Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Калі хлопчыку было пяць гадоў, памерла яго маці — Марыя Апанасаўна. Бацька Адам Ягоравіч вельмі балюча перажываў гэту трагедыю.  Для догляду за дзецьмі ён запрасіў з Адэсы сваю малодшую сястру Марылю і пераехаў з сям’ёй у Ніжні Ноўгарад, а потым — у Яраслаўль.

З успамінаў. Адам Ягоравіч Багдановіч, бацька паэта, пісаў пра Максіма: «Па складзе свайго характару, мяккага і жаночага, па весялосці свайго нораву, жывасці, спагадлівасці і ўражлівасці, па паўнаце і мяккасці назіранняў, па сіле ўяўлення, пластычнасці і разам маляўнічасці прадуктаў яго творчасці ён усё больш нагадваў сваю маці, асабліва ў дзяцінстве. <...> Яго
паэтычны талент ёсць дарэнне яго маці, у ёй самой драмаўшае ў неразвітым стане».


Максім вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, а таксама ў Яраслаўлі — у гімназіі, Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі. Яшчэ падчас вучобы ў Ніжнім Ноўгарадзе захапіўся вершаскладаннем і вывучэннем беларускай культуры. У 1906 годзе хросная маці Вольга Сёмава выпісала яму беларускія газеты: спачатку — «Нашу долю», а пазней — «Нашу ніву». А ўжо ў 1907 годзе ў «Нашай ніве» з’явілася алегарычнае апавяданне Максіма Багдановіча «Музыка», пазней — вершы «Над возерам», «Вадзянік», «Лясун», «Возера». Друкаваліся яго творы і ў газеце «Голас», а таксама ў іншых выданнях.

З успамінаў. Калега Багдановіча па Яраслаўскай гімназіі Дзіядор Дзябольскі згадваў дзіўную асаблівасць памяці Максіма Багдановіча: ён мог імгненна завучваць на памяць і прозу, і паэзію, але яму цяжка давалася вывучэнне замежных моў (зрэшты, гэта спрыяла сяброўству з дасведчанымі ў мовах паненкамі Какуевымі).


Пасля заканчэння ліцэя ў 1916 годзе Максім перабраўся ў Мінск. У гэты час ён быў ужо цяжка хворы на сухоты, але ўладкаваўся працаваць сакратаром губернскай харчовай камісіі. У вольны час выязджаў у прытулкі для дзяцей бежанцаў, працаваў у бібліятэцы, наведваў вечарыны «Беларускай хаткі». У лютым 1917 года на грошы сяброў паехаў лячыцца ў Ялту, але гэта не дапамагло. 

Ноччу 25 мая 1917 года ў поўнай адзіноце Максім Багдановіч памёр. На пахаванні не прысутнічаў ніхто з родзічаў, бо Максім не жадаў нікога турбаваць сваімі праблемамі і не пакінуў адраса, дзе жыў у Ялце. У 1924 годзе беларускія паэты Уладзімір Дубоўка, Анатоль Вольны (Ажгірэй), Андрэй Александровіч адшукалі магілу паэта, пазней на ёй быў устаноўлены помнік.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Максім Багдановіч — адзін з пачынальнікаў філасофскай лірыкі ў гісторыі беларускай літаратуры.

2. Увёў у беларускую жанравую сістэму класічныя формы (трыялет, рандо, санет і інш.), якія вельмі арганічна ўпісаліся ў нацыянальную літаратуру. 

3. Адкрыў у беларускай паэзіі новыя тэмы, матывы, вобразы, напрыклад тэму горада.

4. Праз пераклады твораў рускай, украінскай, французскай, нямецкай і іншых літаратур даў магчымасць беларускаму чытачу пазнаёміцца з сусветнай класікай.
Багдановіч вельмі любіў паэзію Верлена, выдатна перакладаў 
яе і сам ствараў мастацкія тэксты, блізкія эстэтыцы імпрэсіянізму.

5. Быў адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Аўтар такіх эпічных твораў, як «Апокрыф», «Апавяданне аб іконніку і залатару» і інш.

6. Адзін з пачынальнікаў прафесійнай літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства. Яго літаратурна-крытычныя працы «Глыбы і слаі», «Забыты шлях», «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця», «За тры гады» і іншыя дагэтуль з’яўляюцца неацэннай крыніцай для даследчыкаў беларускай літаратуры.