§ 6. Разнавіднасці камп’ютарных камунікацый

Пад камп’ютарнымі камунікацыямі разумеюць тэхнічныя ўстройствы і праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якіх ажыццяўляюцца прыём і перадача інфармацыі.

Стандартная мадэль камунікацыі (без выкарыстання Інтэрнэту) — мадэль, якая апісваецца схемай «крыніца — паведамленне — атрымальнік».

І калі звычайныя сродкі сувязі паміж людзьмі можна класіфікаваць на аснове такой мадэлі, то Інтэрнэт занадта разнастайны. Кожнае звяно ў ланцужку «крыніца — паведамленне — атрымальнік» можа відазмяняцца і быць розным. Крыніцай можа служыць як прыватная асоба, так і група блогераў, паведамленнем — навіна ці тэкст электроннага пісьма, а атрымальнікам — адзін чалавек ці аўдыторыя, якая патэнцыйна складаецца з мільёнаў чалавек.

У залежнасці ад таго, у які час паведамленне даходзіць да атрымальніка, інтэрнэт-камунікацыі можна падзяліць на сінхронныя і асінхронныя (прыклад 6.1).

1.  Сінхронныя камунікацыі дазваляюць абменьвацца інфармацыяй у рэальным часе. Дадзены тып камунікацый дае магчымасць непасрэдных зносін і з’яўляецца найбольш перспектыўным.
2.  Асінхронныя камунікацыі дазваляюць перадаваць і атрымліваць даныя ў зручны для кожнага ўдзельніка працэсу час, незалежна адзін ад аднаго.

Паводле складу суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у камунікацыі, можна вылучыць наступныя віды камунікацый: «адзін да аднаго», «многія да многіх», «адзін да многіх» і «многія да аднаго». Разгледзім іх больш падрабязна.

I.  Мадэль «адзін да аднаго» характарызуюць зносіны на персанальным узроўні.

1.  Электронная пошта. Асінхроннасць гэтага віду камунікацыі заключаецца ў тым, што чалавек, які піша электроннае пісьмо, не ведае, калі яго прачытае адрасат. Электроннае пісьмо з’яўляецца звычайным тэкстам, які можна рэдагаваць ці раздрукоўваць.

2.  Мэсэнджары — праграмы ці вэб-сэрвісы для імгненнага абмену тэкставымі паведамленнямі, тэлефоннымі і відэазванкамі (прыклад 6.2)

Гэты від зносін валодае вялікай ступенню інтэрактыўнасці, дазваляе стварыць адчуванне непасрэдных зносін з суразмоўцам. Электронная пошта і мэсэнджары дапаўняюць адно аднаго. Па электроннай пошце можна адпраўляць дастаткова доўгія апісанні ці развагі пра што-небудзь, у той час як месэнджары падыходзяць для кароткіх паведамленняў.

II.  Мадэль «многія да многіх». Кожны карыстальнік сеткі можа звяртацца да іншых карыстальнікаў ці груп або ад свайго імя, або ад імя групы. Такая форма зносін часта вызваляе карыстальніка ад усялякага кантролю з боку.

1.  Форумы (прыклад 6.3). Служаць для зносін на адну ці на некалькі тэм. Звычайна форумы прапануюць набор раздзелаў для абмеркавання. Карыстальнікі могуць ствараць тэмы ў раздзелах для наступнага абмеркавання ўнутры гэтых тэм. Класіфікаваць форумы можна па розных крытэрыях (прыклад 6.4).

2.  Сацыяльныя платформы — анлайнавыя сацыяльныя прасторы, дзе людзі могуць мець зносіны, дзяліцца навінамі, фатаграфіямі, ідэямі, шукаць працу, выбіраць пакупкі, працаваць над праектамі, г. зн. ажыццяўляць сацыяльнае ўзаемадзеянне (прыклад 6.5).

III.  Мадэль «адзін да многіх». Па-за Інтэрнэтам гэтай мадэлі камунікацый адпавядаюць газеты, тэлебачанне, радыё. Гэты тып зносін звычайна адаптаваны для распаўсюджвання навін. Атрымальнікамі такіх паведамленняў можа быць практычна кожны, крыніцай — абмежаваны круг людзей. Галоўнай асаблівасцю, якая ляжыць у аснове ўзаемадзеяння традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі са спажыўцамі, з’яўляецца адсутнасць інтэрактыўнага ўзаемадзеяння. У адрозненне ад традыцыйных сродкаў мас-медыя сродкі камунікацыі ў Інтэрнэце даюць карыстальнікам магчымасць пакідаць свае каментарыі. 

1. Блогі (англ. web log — сеткавы дзённік). Сродак зносін з асінхронным доступам: спачатку аўтар публікуе матэрыял, а праз некаторы час чытачы могуць з ім пазнаёміцца і пры жаданні пакінуць каментарыі. Звычайна блог уяўляе сабой сайт і складаецца з кароткіх нататак на адну ці некалькі пэўных тэм. Аўтар можа пісаць пра свае захапленні ці бягучыя падзеі, дзяліцца дасягненнямі ў прафесійнай дзейнасці ці сваімі разважаннямі. Аўтар блога атрымлівае лёгкі ў карыстанні інструмент, які дазваляе рэалізаваць яго імкненне стаць вядомым на абшарах Інтэрнэту (прыклад 6.6). Вялізны патэнцыял блогаў спрыяе хуткаму росту іх папулярнасці.

2.  Інтэрнэт-рассылка (email-рассылка) — аўтаматызаваная адпраўка лістоў па электроннай пошце. Выкарыстоўваецца маркетынгавымі службамі для павышэння продажаў.

3. Рэклама ў Інтэрнэце можа распаўсюджвацца ў выглядзе рассылак, усплываючых паведамленняў, куплі ключавых слоў у пошукавых сістэмах і інш. 

4.  Навінавы сайт — інтэрнэт-выданне, якое займаецца зборам і выдачай агульнатэматычных навін ці навінавых матэрыялаў на пэўную тэму. Навінавыя сайты могуць належаць СМІ ці быць незалежнымі выданнямі.

IV. Мадэль «многія да аднаго». Тыповымі прадстаўнікамі дадзенай мадэлі з’яўляюцца пошукавыя сістэмы ў Інтэрнэце, у якіх інфармацыя даецца па запыце карыстальніка.

Існуюць і іншыя спосабы класіфікацыі камп’ютарных камунікацый.

Камунікацыі могуць быць інстытуалізаванымі (установы, арганізацыі ці іх падраздзяленні, у чые функцыі ўваходзіць вытворчасць і/ці распаўсюджванне інфармацыі) і нефармальнымі.

Паводле характару выкарыстоўваемых знакавых сродкаў і форм можна вылучыць наступныя камунікацыі: галасавыя, тэкставыя, графічныя; якія ажыццяўляюцца на натуральнай ці штучнай мовах і г. д.

Прыклад 6.1. Інтэрнэт-камунікацыі.
Сінхронныя камунікацыі:

  • галасавыя канферэнцыі;
  • відэаканферэнцыі;
  • чаты;
  • відэачаты.

Асінхронныя камунікацыі:

  • форумы;
  • дошкі аб’яў;
  • электронная пошта;
  • wiki.

Прыклад 6.2. Мэсэнджары.

Лагатып Характарыстыка
Дазваляе перасылаць тэкставыя паведамленні, малюнкі, відэа, дакументы і аўдыя
Бясплатныя бяспечныя паведамленні і званкі. Падтрымлівае відэасувязь, абмен файламі. Мае калекцыю стыкераў
Абмен тэкставымі паведамленнямі, малюнкамі, відэа. У камплект уваходзяць: стыкеры, боты, гульні
Зносіны з дапамогай тэкставых паведамленняў і відэа ці групавая перапіска
Асабістыя і групавыя відэазванкі. Аўтаматычныя субтытры. Дэманстрацыя экрана

Сярод тэндэнцый развіцця сацыяльных платформ можна вылучыць перспектыўнае выкарыстанне:

• дапоўненай рэальнасці (напрыклад, фільтры, якія дазволяць карыстальнікам рабіць сэлфі з сябрам ці знакамітасцю з дапамогай дапоўненай рэальнасці ці «ўбудоўваць» тавары ў дамы карыстальнікаў);
• штучнага інтэлекту для арганізацыі продажаў (маркетынгу);
• патокавага вяшчання (відэа ў рэальным часе) у рэкламных мэтах;
• голасу і жэстаў нараўне з тэкставымі паведамленнямі пры зносінах.

Прыклад 6.3. Форум-платформы. Лагатыпы і кароткая характарыстыка.


Распаўсюджваецца свабодна. Карыстальнікі могуць абмяркоўваць розныя тэмы ў асобных раздзелах, абменьвацца асабістымі паведамленнямі, весці каляндар падзей.

Дазваляе рэалізаваць форум усяго за пару клікаў. Знешні выгляд можа спалучацца амаль з любой тэмай. Колеры, шырыня элементаў, іконкі — усё наладжваецца.

Камерчаская платформа. Дазваляе стварыць прыгожы і зручны форум

Прыклад 6.4. Класіфікацыя форумаў:

•  тэматычныя (форум аматараў кіно, аўтамабіляў, кулінарыі і г. д.);
 навуковыя (матэматыка, біялогія, алгарытмы і структуры даных і інш.);
форум суполкі (форум навучэнцаў вашай навучальнай установы, кружка, спартыўнага клуба і г. д.).

Форумы могуць быць адкрытымі (удзельнічаюць усе жадаючыя) і закрытымі (толькі для пэўнага круга ўдзельнікаў).

Прыклад 6.5. Сацыяльныя платформы.

Лагатып

Кароткая характарыстыка

Найбуйнейшая сацыяльная сетка ў свеце 
Дазваляе адпраўляць паведамленні, абменьвацца малюнкамі, аўдыя- і відэазапісамі, ствараць уласныя старонкі і суполкі
Сацыяльная сетка для пошуку сяброў, знаёмых, аднакласнікаў, аднакурснікаў, калег, сваякоў
Дазваляе абменьвацца паведамленнямі пры дапамозе вэб-інтэрфейсу
Аказвае паслугі захоўвання, перадачы і паказу відэа. Можна загружаць, ацэньваць, праглядаць, каменіцраваць і дабаўляць у выбранае відэаролікі, абменьвацца імі

Прыклад 6.6. Блог-платформы. Лагатыпы і кароткая характарыстыка.


Бясплатны сэрвіс для вядзення блога. Дазваляе стварыць блог на працягу некалькіх мінут. Прапануе мноства тэм афармлення.

Сцірае мяжу паміж блогамі і сацыяльнымі сеткамі.

Дазваляе аддзяліць змест ад дызайну. Змесціва захоўваецца на знешніх серверах, і яго можна ўставіць у любы дызайн ці на любую платформу.

Гэта хутчэй канструктар сайтаў, чым платформа выключна для блогаў. Ён дазваляе вельмі хутка ствараць новыя старонкі. Маюцца наладжваемыя макеты, бясплатныя тэмы афармлення і кнопкі «Падзяліцца».

У 1997 г. амерыканскі праграміст Ёрн Баргер упершыню выкарыстаў тэрмін weblog (logging the web — «запісываць падзеі ў сеткі»). У 1999 г. Пітар Мерхольц жартам падзяліў тэрмін weblog на we  blog. Так з’явілася слова «блог». Эван Уільямс выкарыстоўваў «блог» як дзеяслоў (англ. to blog — «змяніць свой блог» або адправіць на свой блог»), што прывяло да стварэння тэрміна «блогер».

Адным з відаў электронных камунікацый з’яўляецца электронны ўрад (англ. e-Government) — спосаб падачы інфармацыі і аказання дзяржаўных паслуг, што існуюць, грамадзянам, бізнэсу, чыноўнікам і іншым галінам дзяржаўнай улады, пры якім узаемадзеянне паміж дзяржавай і заяўнікам ажыццяўляецца з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.