Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§0-19. Язычніцтва на беларускіх землях

1. Успомніце этапы ўзнікнення рэлігійных вераванняў у старажытных насельнікаў беларускіх зямель.
2. Што такое язычніцтва?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: §0-19. Язычніцтва на беларускіх землях
Надрукаваны: Гость
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 6:39

1. Асаблівасці язычніцкіх вераванняў на землях Беларусі

Як вам ужо вядома, язычніцкія вераванні старажытных славян, што засялялі тэрыторыю Беларусі, мелі індаеўрапейскую аснову. Нашы продкі шанавалі сваіх багоў і ўзводзілі спецыяльныя свяцілішчы, або капішчы. Божаствам крыніц і рэк, камяням і драўляным ідалам прыносілі ахвяры.

Індаеўрапейскія ўяўленні да нашых дзён захаваліся ў культурнай памяці беларускага народа. Так, напрыклад, і зараз існуе шмат паданняў пра магічную сілу камянёў. Сучасныя беларусы па-ранейшаму моцна шануюць сваіх продкаў, што праяўляецца ў святкаванні Дзядоў і Радаўніцы.

Славяне, якія з IV ст. пачалі рассяляцца на беларускіх землях, сутыкнуліся тут з нашчадкамі балцкіх плямён ранняга жалезнага веку. Таму ў духоўнай культуры (у тым ліку і рэлігіі) старажытных жыхароў нашага краю прысутнічаў уласцівы балтам культ змей, што праяўлялася ў шанаванні вужа, напрыклад, Змяінага цара. Гэты культ знайшоў адлюстраванне і ў матэрыяльнай культуры беларусаў: адным з папулярных упрыгажэнняў з’яўляліся бранзалеты са змяінымі галовамі. Матыў змяі зафіксаваны ў дэкоры традыцыйнай беларускай хаты.

Пры ўсіх адрозненнях ва ўмовах існавання (сацыяльных, геаграфічных, кліматычных) розных язычніцкіх народаў у станаўленні язычніцтва можна выдзеліць аднолькавыя стадыі, якія датычацца і да фарміравання вераванняў беларускага народа.

У старажытных беларусаў доўгі час захоўваўся культ Маці-Зямлі — жаночага бажаства плоднасці. Гэта адзін з найбольш ранніх рэлігійных культаў. Сімвалам плоднасці спачатку былі магічныя выявы жанчын-родапачынальніц, гэтыя вобразы пазней сталі выкарыстоўвацца ў абрадах (напрыклад, такіх, як Масленіца, Купалле, гуканне вясны).

Характар вышэйшых багоў у язычніцтве балтаў і славян меў пэўную спецыфіку. У адрозненні ад германскіх ваяўнічых багоў (Одзін — кіраўнік ваеннай дружыны, бог вайны; Тунар — бог грому; Цівас — бог мяча і інш.), божаствы беларускага, рускага, літоўскага язычніцтва пераважна былі звязаны з ідэяй плоднасці. Тэма вайны ў язычніцкіх міфах Усходняй Еўропы амаль не прадстаўлена (акрамя ўяўленняў пра бітву Пяруна з Чарнабогам).

Адной з адметных рысаў славянскага язычніцкага пантэона з’яўляецца наяўнасць так званых дэманаў, або нячысцікаў. У адрозненне ад персідскіх ці старажытнаіндыйскіх дэманаў, якіх бачылі магутнымі, злымі, у страшным абліччы, славянскія нячысцікі былі падобнымі да чалавека, а іх узаемадзеянне з людзьмі напрамую залежала ад учынкаў апошніх. Нячысцікі ў міфалогіі славян не былі звязаны з падземным светам, а жылі на паверхні: у лясах, вадаёмах, палях і непасрэдна каля чалавека (у хаце і гаспадарчых будынках). Іх дрэнны ўплыў на чалавека, паводле ўяўленняў нашых продкаў, можна было нейтралізаваць пры дапамозе замоў і пэўных магічных абрадаў.

Асаблівасцю язычніцтва на беларускіх землях было спалучэнне дахрысціянскіх вераванняў розных народаў, якія ў той ці іншай ступені ўдзельнічалі ў фарміраванні беларускай нацыі. Вучоныя выявілі ў рэлігійных уяўленнях нашых продкаў рэшткі індаеўрапейскіх, балцкіх, славянскіх і нават фіна-угорскіх старажытных вераванняў.

Асноўныя характарыстыкі язычніцтва 

2. Язычніцкія багі

На працягу многіх тысячагоддзяў язычніцтва зведала шматлікія змены, уплыў больш позніх тэндэнцый. Яно пачыналася ад культу продкаў і дайшло ў сваім развіцці да фарміравання складанага і разгорнутага пантэона (пантэон — група багоў, якія належаць да нейкай адной рэлігіі ці міфалогіі).

Ва ўсходніх славян склаўся разгалінаваны пантэон. Сварог быў богам неба, яго сынам з’яўляўся бог сонечнага святла Дажбог. Пярун — бог грому і маланкі — адно з найбольш старажытных божастваў. Яго культ паходзіць ад часоў бронзавага веку. Хорс лічыўся богам Сонца, Вялес — жывёлагадоўлі, Стрыбог кіраваў вятрамі, якія наганялі дажджавыя хмары. Былі яшчэ багі, адказныя за пэўныя поры года, ад якіх, на думку старажытных славян, залежалі будучы ўраджай, жыццё і побыт людзей. Сярод іх Ярыла, Купала, Аўсень, Каляда і іншыя.

3. Язычніцкія свяцілішчы на тэрыторыі Беларусі

Свяцілішчы размяшчаліся на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Звычайна яны ўяўлялі сабой пляцоўку круглай формы, у цэнтры якой стаяў ідал — вобразнае адлюстраванне бога. Па краях пляцоўка была акрэслена ровам, камянямі або ямамі. Найчасцей свяцілішчы прысвячаліся галоўнаму богу — Перуну. Паводле падання, адно з капішч Перуна знаходзілася каля Полацка на беразе Валовага возера.

Звесткі со старадаўніх паданняў ускосна сведчаць пра тое, что на вяршынях некаторых беларускіх узгоркаў  стаялі свяцілішчы або бажніцы. Пра сакральнасць такіх месцаў сярод іншых сведчаць, напрыклад, паданні, дзе гаворыцца пра закапаныя скарбы, а таксама тыя, дзе прыгадваюцца агеньчыкі і полымя на вяршынях. Некаторыя ўзгоркі нават па сённяшні дзень маюць назву Капішча.

Захаваліся звесткі і пра ахвярапрынашэнні на ўзгорках. У Крычаве пра гару каля Праабражэнскай царквы яшчэ ў ХІХ ст. казалі, што на яе вяршыні некалі прыносілі ў ахвяру свойскую жывёлу і птушку. Пацверджаннем таго, што на такіх месцах маглі быць язычніцкія свяцілішчы, а пазней будаваліся храмы, служаць паданні пра царкву ці касцёл, якія праваліліся і ляжаць пад гэтымі ўзгоркамі. 

Згодна са старажытнымі міфалагічнымі ўяўленнямі, верхняя частка сакральнай  гары адпавядала свету нябесных багоў, сярэдняя — свету людзей і жывёл, а дольная — падземных божастваў і продкаў. У народнай свядомасці гэта «ніжняя» сфера суадносілася з воднай прасторай. Таму ў Беларусі ручаі і крынічкі, якія бяруць свой пачатак з-пад гары, нярэдка абагаўляліся. Напрыклад, у Мсціславе пад Траецкай гарой ёсць святая крыніца Здаравец. Пад адной з Лысых гор недалёка ад Заслаўя таксама некалі біла святая крынічка, якую, на жаль, пры будаўніцтве лецішчаў засыпалі смеццем. На вяршыні гары, з-пад якой пачыналася крыніца, былі знойдзены рэшткі язычніцкага свяцілішча.

Таксама рэшткі капішча X ст. знойдзены каля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы. 

4. Захаванне рэшткаў язычніцтва да нашага часу

Старажытная язычніцкая культура найчасцей падаецца нам таямнічай і незразумелай. Амаль усё забылася, сёння мы не ведаем сэнсу многіх старажытных сімвалаў. Але рэшткі язычніцкіх уяўленняў захаваліся ў нашым жыцці: у абрадах, звычаях, мастацкіх матывах. Мы і самі часам не здагадваемся пра гэта. Захаваліся прозвішчы старажытнаславянскага язычніцкага паходжання: Жыцень, Трызна, Купала, Жаўрук, Заранка, Сяўрук, Журба, Зязюля, Каляда і інш. Многія словы, звязаныя з язычніцтвам, дайшлі да нас у складзе геаграфічных назваў, а таксама як назвы святаў, часткова для нас зразумелыя пэўный язычніцкія паняцці: Жур, Буй, Яр, Ярыла, Волат, Курган, Пярун, Русалка, Масленіца, Дзяды і інш. Славянская язычніцкая міфалогія жывіла творчасць В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, К. Буйло і шматлікіх іншых літаратараў.

У беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, існаваў культ роду, які сфарміраваўся раней за культ Перуна, у першабытныя часы. У беларускай традыцыйнай творчасці род увасобіўся ў вобразе Радзімы і родных людзей, а эпітэт «бязродны» азначае тое самае, што «бяздольны» ці «няшчасны».

Захаваўся да сённяшніх дзён у светаўспрыманні беларусаў і вобраз дахрысціянскага бога Ярылы. Пасля прыняцця хрысціянства гэтае бажаство ўвасобілася ў вобразе Юр’я, свята якога адзначаецца 6 мая (23 красавіка паводле старога стылю). Ярыла лічыўся богам не толькі вайны, але і ўрадлівасці, пад яго ўладай знаходзіліся дрэвы, расліны і зямныя плады. Адсюль і словы «яры» (па-руску «яростный»), «яравы», «ярына», «яркі». Паходжанне апошняга слова тлумачыцца тым, што адзенне Ярылы было снежна-белым, а шчыт, які ён заўсёды насіў пры сабе, быў сонечна-залатым.

Пераважна на тэрыторыі Мінскай губерні, паводле звестак фалькларыстаў ХІХ ст., верылі ў Жыжа, Жыжаля, Жыжу — бога агню. Па народных уяўленнях,  ён хадзіў пад зямлёй і выдыхаў агонь. Калі ён рабіў гэта паціху, то зямля сагравалася, а калі хутка, то на зямной паверхні ўзнікалі пажары, якія знішчалі лясы і сенажаці, высушвалі палі і агароды. Адсюль і выслоўі: «Жыж унадзіўся» (гэта значыць нярэдкімі сталі сухмень ці пажар), «неадчэпны, прыліпчывы, як Жыж», «Жыжка села» (так называюць лішай, (вогнік) на вуснах).

Старажытнае язычніцкае паходжанне маюць многія беларускія народныя святы, абрады, звычаі: Купалле, Каляды, Дзяды, Радаўніца, трызна, гуканне вясны і іншыя. Шмат якія з іх святкуюцца і зараз, але ўжо пад кантролем хрысціянскіх канфесій.

Для часткі сучасных беларусаў характэрны рэлігійныя прымхі, якія захоўваюць у сабе сляды язычніцтва на ўзроўні замоў, загавораў, шэптаў, дабразычлівых ці зламысных пажаданняў (праклёнаў), засцерагальных слоў і выказванняў.

Пытанні і заданні

1. Назавіце асаблівасці язычніцтва на беларускіх землях.
2. Якія агульныя рысы характэрны для язычніцкіх вераванняў народаў — нашчадкаў індаеўрапейцаў?
3. У чым праўлялася сувязь язычніцкай веры з гаспадарчым жыццём славян?
4. Якія элементы язычніцтва захаваліся ў свядомасці беларусаў да нашых дзён?
5. Пры дапамозе гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» падрыхтуйце паведамленне або прэзентацыю пра рэшткі язычніцкіх вераванняў у вашым раёне (горадзе, вёсцы).
6. Падбярыце прыклады вышыўкі, звязанай з язычніцкай сімволікай, на традыцыйным беларускім адзенні і растлумачце яе сэнс. Высветліце, якія язычніцкія прымхі ў беларусаў былі звязаны з адзеннем.
7. У 2018 г. у магазінах ГАА «Еўраопт» праводзілася рэкламная акцыя «BONSTICKS-5». У якасці падарункаў пакупнікі атрымлівалі цацкі, якія ўяўлялі сабой герояў міфаў і легенд Беларусі. Калекцыя ўтрымлівала 50 герояў: хатнія, палявыя, вадзяныя, лясныя, цёмныя. Правядзіце даследаванне і вызначце, якія з іх насамрэч існавалі ў міфалогіі старажытных насельнікаў Беларусі, а якіх ніколі не было. Па выніках работы складзіце свой даведнік істот ніжэйшай міфалогіі Беларусаў.
Героі гульні: Хатнік, Хут, Вазіла, Баган, Паветніца, Агнявік, Ваструха, Гуменнік, Пуннік, Еўнік, Дамася, Будзімір, Паднор, Лазнік, Бялун, Паляся, Скарбнік, Жыцень, Лёля, Цёця, Жыж, Вадзянік, Азярніца, Багнік, Жэўжык, Русалка, Свіцезянка, Баламуцень, Аржавеннік, Лазавік, Цмок, Малімон, Хабёр, Ліхтарка, Жалезны чалавек, Вужалка, Кук, Лясун, Гаюн, Туросік, Вужыны цар, Гаёўкі, Зазоўка, Ваўкалака, Капялюшнік, Зюзя, Злыдзень, Вупырок, Меша, Гарцук.

Для работы скарыстайцеся энцыклапедычнымі даведнікамі.