§ 5-2. Перадумовы фарміравання беларускага этнасу
1. Што такое этнас?
2. Якія народы гістарычна пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. |
Книга: | § 5-2. Перадумовы фарміравання беларускага этнасу |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:12 |
1. Этапы засялення славянамі тэрыторыі Беларусі
Вядома, што балты прысутнічалі на беларускі землях да IV ст. н. э. З гэтага часу колькасць славян стала значна павялічвацца. Сучасныя вучоныя лічаць, што ў IV—VIIІ стст. на тэрыторыі Беларусі адбылася славянізацыя балтаў. Славяне знаходзіліся на больш высокім узроўні грамадскага развіцця. Яны мелі больш прагрэсіўную гаспадарку і пераўзыходзілі балтаў у земляробстве і рамястве.
2. Супольнасці крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў
Летапісы называюць некалькі аб’яднанняў усходніх славян, што размяшчаліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі: супольнасці крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў.
Усходнеславянскія саюзы плямён на беларускіх землях
Такім чынам, у выніку рассялення ўсходніх славян у VIII—ІХ стст. на тэрыторыі Беларусі сфарміраваліся супольнасці, якія атрымалі назвы «крывічы-палачане», «дрыгавічы», «радзімічы» і сталі тут асноўным насельніцтвам. Увабраўшы ў сваю культуры шэраг балцкіх элементаў, яны захавалі спецыфічныя рысы славянскай культуры.
3. Праблема паходжання беларускага этнасу
За апошнія сто гадоў вучонымі былі прапанаваны розныя канцэпцыі паходжання беларускага этнасу. Сярод іх найбольш значымі з’яўляюцца: крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая; крыўская; велікапольская і велікаруская; балцка-славянская; канцэпцыя старажытнарускай народнасці і фінская канцэпцыя.
Ніводная з прапанаваных канцэпцый не стала агульнапрызнанай. На думку даследчыкаў, важнейшай прыкметай народнасці з’яўляецца яе мова. Беларуская мова фарміравалася ў XIV—XVI стст., таму этнічныя працэсы, якія мелі месца ў ІХ—ХІІІ стст., можна разглядаць як перадумовы станаўлення беларускага народа.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце супольнасці крывічоў-палачан, дрыгавічоў і радзімічаў.
2. Знайдзіце ў вучэбным дапаможніку па гісторыі Беларусі для 6 класа інфармацыю аб балтах і славянах на тэрыторыі Беларусі (скарыстайцеся магчымасцямі нацыянальнага адукацыйнага партала http://adu.by). Якія новыя веды вы атрымалі ў 10 класе, якая інфармацыя не змешчана ў падручніку 6 класа? Карыстаючыся ўсёй даступнай інфармацыяй, падрыхтуйце ментальную карту (схему або інфаграфіку) аб засяленні тэрыторыі Беларусі балтамі і славянамі. Для выканання задання падзяліцеся на групы.
3. Назавіце асноўныя канцэпцыі паходжання беларусаў. Ахарактарызуйце кожную з іх. Якія канцэпцыі фарміравання беларускага этнасу ў ІХ—ХІІІ стст. з’яўляюцца, на ваш погляд, спрэчнымі? Чаму?
4. Карыстаючыся ўрыўкам з «Аповесці мінулых гадоў», знайдзіце аргументы ў падтрымку пэўных канцэпцый паходжання ўсходнеславянскіх супольнасцей:
«...Славяне прыйшлі і селі па Дняпры і назваліся паляне, а другія драўляне, бо сядзелі ў лясах, а другія селі паміж Прыпяццю і Дзвіною і назваліся дрыгавічамі, іншыя селі па Дзвіне і назваліся палачанамі, ад рэчкі, якая ўпадае ў Дзвіну, па імені Палата — ад яе і назваліся. Тыя ж славяне, што селі каля возера Ільменя, назваліся сваім іменем і пабудавалі горад, і назвалі яго Ноўгарад. А другія селі па Дзясне і па Сейму, па Суле і назваліся севяране. І так разышоўся славянскі народ...»