Печатать книгуПечатать книгу

§ 18-1. Вызваленчы рух і рэвалюцыі ў краінах Азіі і Афрыкі

Ключавая ідэя: у міжваенны перыяд краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі працягвалі барацьбу за незалежнасць, і толькі Японія стала на шлях знешнепалітычнай экспансіі.

У пачатку ХХ ст. большасць краін Азіі і Афрыкі ўсё яшчэ захоўвалі сваю нацыянальна-культурную самабытнасць і знаходзіліся ў рознай ступені залежнасці ад вядучых еўрапейскіх дзяржаў. Асаблівасцю ўсходніх цывілізацый (за выключэннем Японіі) было захаванне аграрна-традыцыйнага ўкладу жыцця. Аднак новыя тэндэнцыі ХХ ст. паступова пранікалі і ў гэтыя краіны. Новыя формы ў параўнанні з ранейшым перыядам прымалі нацыянальна-вызваленчыя рухі. Краіны Лацінскай Амерыкі, хаця і дабіліся незалежнасці, знаходзіліся пад вялізным уплывам Еўропы і ЗША.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 18-1. Вызваленчы рух і рэвалюцыі ў краінах Азіі і Афрыкі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:50

1. Тэрытарыяльны перадзел свету

Пасля Першай сусветнай вайны адбыўся тэрытарыяльны перадзел свету. Пераможаная Германія страціла свае каланіяльныя ўладанні.

У 1918 г. вялікія дзяржавы дэкларатыўна абвясцілі права народаў на самавызначэнне. Для яго рэалізацыі была створана мандатная сістэма. Яе прапанавалі Англія і Францыя з мэтай узаконіць захопленыя імі калоніі Германіі ў Афрыцы, Азіі, на Ціхім акіяне і ўладанні Асманскай імперыі на Блізкім Усходзе.

Мандат, які давала Ліга Нацый, дазваляў «перадавым нацыям» ажыццяўляць «свяшчэнную місію», гэта значыць апекавацца над народамі, якія былі «яшчэ не ў стане кіраваць сабой» і ўласнымі тэрыторыямі. Такая фармулёўка адлюстроўвала ідэалогію «белага каланіялізму», якой прытрымліваліся кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў. Мандаты на кіраванне атрымалі галоўным чынам Вялікабрытанія і Францыя — традыцыйныя каланіяльныя дзяржавы.

У канчатковым выніку становішча калоній пасля Першай сусветнай вайны мала змянілася. Метраполіі навязвалі падуладным народам мадэль развіцця, якая капіравала еўрапейскія ўзоры і парушала мясцовыя гістарычныя традыцыі, што выклікала адпор і супраціўленне.

2. Нацыянальна-вызваленчы рух за незалежнасць і мадэрнізацыю

Нацыянальна­вызваленчы рух — гэта барацьба прыгнечаных народаў за нацыянальную незалежнасць, эканамічную самастойнасць, духоўнае вызваленне і сацыяльны прагрэс. Узначальвалі яго нацыянальна і патрыятычна настроеныя буржуазія, афіцэрства, інтэлігенцыя, святары, правадыры радавых і рэлігійных кланаў. Сацыяльную базу антыкаланіяльнай барацьбы складалі сяляне, рабочыя, рамеснікі, гандляры, дробныя прадпрымальнікі, служачыя. Як правіла, усе гэтыя сацыяльныя групы ішлі да дасягнення сваёй мэты пад сцягам ідэалогіі нацыяналізму. У дадзеным выпадку нацыяналізм быў прагрэсіўнай з’явай, паколькі гэтая ідэалогія аб’ядноўвала нацыю ў барацьбе супраць замежнага панавання. Вялікую ролю ў нацыянальна-вызваленчых рухах адыгрывала рэлігія (іслам на Блізкім і Сярэднім Усходзе, індуізм у Індыі і г. д.). Метады барацьбы залежалі ад канкрэтнай гістарычнай сітуацыі, суадносін палітычных сіл, ступені кансалідацыі патрыятычных колаў грамадства, іншых фактараў і звычайна ўключалі дэманстрацыі, мітынгі, акцыі грамадзянскага непадпарадкавання, паўстанні і інш.

Нацыянальна-вызваленчыя рухі прымалі розныя формы барацьбы — стыхійныя, арганізаваныя, мірныя, узброеныя, масавыя, лакальныя, мелі свае рэгіянальныя асаблівасці. Спынімся толькі на некаторых, найбольш буйны́х ачагах нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Кітаі, Індыі, Турцыі, Іране, на Афрыканскім кантыненце.

Кітай быў фармальна незалежнай дзяржавай, але за ўплыў у гэтай краіне пастаянна вялі барацьбу краіны Захаду, Расія і Японія. Ход мадэрнізацыі надзвычай ускладняўся ўнутрыпалітычнай барацьбой пасля звяржэння Цынскай дынастыі. Асноўнай перашкодай на шляху паступальнага развіцця Кітая з’яўляліся ваенна-феадальныя клікі, якія фактычна раскалолі краіну на шэраг асобных самастойных абласцей.

Нацыянальная партыя (Гаміньдан), створаная Сунь Ятсенам яшчэ ў 1912 г., паставіла сваёй задачай усталяванне нацыянальнага суверэнітэту, аб’яднанне краіны, ліквідацыю рэшткаў феадалізму і пераадоленне адвечнай адсталасці. Сунь Ятсен распрацаваў «тры народныя прынцыпы» (нацыяналізм, народаўладдзе і народны дабрабыт), якія павінны былі прывесці да перамогі нацыянальнай рэвалюцыі, усталявання дэмакратычнай рэспублікі і грамадства «дзяржаўнага сацыялізму».

Гаміньдан і Камуністычная партыя Кітая (КПК, заснавана ў 1921 г.) у саюзе з СССР здолелі стварыць Нацыянальную рэвалюцыйную армію і базу для ваенных дзеянняў на поўдні Кітая. Нацыянальная рэвалюцыя супраць ваенна-феадальных клік пачалася з патрыятычнага «руху 30 мая» 1925 г. Завяршылася яна ўлетку 1928 г. паспяховым заканчэннем паўночнага паходу Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі на чале з Чан Кайшы і аб’яднаннем краіны пад уладай Гаміньдана. Але раскол паміж камуністамі і Гаміньданам прывёў да працяглай  і жорсткай грамадзянскай вайны. КПК змагалася за ператварэнне нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную, а Гаміньдан — за буржуазна-дэмакратычны шлях развіцця краіны. Да 1949 г. афіцыйным кіраўніком Кітая з’яўляўся Чан Кайшы.

Раскол у кітайскім рэвалюцыйным лагеры выкарыстала Японія, якая акупіравала ў 1932 г. Маньчжурыю — паўночна-ўсходнюю тэрыторыю Кітайскай Рэспублікі. У сярэдзіне 1930-х гг. Чан Кайшы быў вымушаны звярнуцца да СССР з просьбай аб дапамозе. Пасля таго як Японія развязала поўнамаштабную вайну супраць Кітая (1937—1945), ён і яго прыхільнікі аб’ядналіся з камуністамі для сумеснай барацьбы супраць японскай агрэсіі.

Індыя была буйнейшай калоніяй Вялікабрытаніі. Нацыянальна-вызваленчы рух тут узначаліла палітычная партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК), ідэолагам і духоўным лідарам якога быў Махатма Гандзі. Створаная ім сістэма палітычных, філасофскіх і маральна-этычных поглядаў — гандзізм — вырасла з сялянскай спецыфікі Індыі і асаблівасцяў індуізму.

Гандзізм стаў афіцыйнай ідэалогіяй ІНК. Мэтай гандзізму была сарвадая — пабудова грамадства ўсеагульнага дабрабыту, а сацьяграха — негвалтоўнае супраціўленне — з’яўлялася сродкам яе дасягнення. Класавую барацьбу Гандзі адмаўляў, паколькі лічыў яе фактарам, які раз’ядноўвае грамадства.

Негвалтоўнае супраціўленне ўключала байкот тавараў, школ, судовых і дзяржаўных устаноў; закрыццё магазінаў, якія належалі каланіяльным уладам; правядзенне рэлігійных акцый і дэманстрацый у знак пратэсту супраць дзеянняў англійскай адміністрацыі. Нават у тых выпадках, калі англійскія войскі адкрывалі агонь па дэманстрантах альбо мітынгуючых, Гандзі настойваў на выкананні прынцыпу ненасілля. Гэтыя формы барацьбы адыгралі значную ролю ў дасягненні незалежнасці Індыі пасля Другой сусветнай вайны.

Паражэнне Асманскай імперыі ў Першай сусветнай вайне прывяло да таго, што тэрыторыя Турцыі была акупіравана англійскімі, італьянскімі і грэчаскімі войскамі. У жніўні 1920 г. краіны Антанты навязалі ёй Сеўрскі мірны дагавор. Краіна фактычна апынулася падзеленай паміж Англіяй, Францыяй, Італіяй і Грэцыяй.

Вайну турэцкага народа за незалежнасць у 1918—1923 гг. узначаліў генерал Мустафа Кемаль. Створаныя ім узброеныя сілы вялі барацьбу на два франты — супраць арміі султана і войскаў інтэрвентаў.

Перамогу над «халіфацкай арміяй» султана Мехмета VI і войскамі інтэрвентаў удалося атрымаць коштам вялікіх ахвяр. 1 лістапада 1922 г. Вялікі нацыянальны сход Турцыі (ВНСТ) прыняў закон аб скасаванні султаната. У красавіку 1923 г. была створана новая палітычная арганізацыя — Народна-рэспубліканская партыя (НРП). 29 кастрычніка 1923 г. Турцыя была абвешчана рэспублікай. Гэтымі актамі быў завершаны працэс злому старой палітычнай сістэмы і стварэння турэцкай нацыянальнай дзяржавы, які атрымаў назву кемалісцкай рэвалюцыі.

У другой палове 1920-х — 1930-я гг. у Турцыі ажыццяўлялася мадэрнізацыя ў розных сферах культурнага, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця. Яшчэ ў сакавіку 1924 г. быў ліквідаваны халіфат, скасоўвалася міністэрства па справах рэлігій, былі зачынены медрэсэ (рэлігійныя навучальныя ўстановы), з распараджэння духавенства выключалася судаводства.  Уводзілася новае адміністрацыйнае дзяленне на вілаеты (губерні), падпарадкаваныя непасрэдна цэнтру. Гэтыя рэформы заклалі аснову першай рэспубліканскай канстытуцыі, прынятай 20 красавіка 1924 г. Яна аформіла панаванне нацыянальнай буржуазіі і памешчыкаў. У краіне ўсталёўваўся аднапартыйны рэжым НРП. У 1925—1928 гг. былі прыняты новыя, на еўрапейскі ўзор, крымінальны і грамадзянскі кодэксы. Забаранялася мнагажонства, уводзіліся еўрапейскі каляндар, еўрапейская вопратка і новы лацінскі алфавіт замест ранейшага арабскага. У 1934 г. быў выдадзены закон аб увядзенні прозвішчаў. М. Кемаль прыняў прозвішча Атацюрк, якое абазначала «бацька туркаў». Галоўным зместам эканамічнай палітыкі з’яўляўся этатызм.

З пачаткам Другой сусветнай вайны Турцыя заявіла аб сваім нейтралітэце, затым яна лавіравала паміж варагуючымі дзяржавамі «восі Берлін — Рым — Токіа» і дзяржавамі — членамі антыгітлераўскай кааліцыі. Толькі ў лютым 1945 г. краіна аб’явіла вайну Германіі і Японіі.

Асаблівасцю нацыянальна-вызваленчага руху ў Іране з’яўлялася барацьба ўсіх патрыятычных сіл супраць уплыву Вялікабрытаніі і Расіі (СССР) у краіне. Пасля акупацыі тэрыторыі Ірана англійскімі войскамі (1918) пачалося ўзброенае супраціўленне інтэрвентам. Да ўлады ў 1925 г. прыйшоў Рэза-шах, заснавальнік новай шахскай дынастыі Пехлеві. Пасля ўсталявання рэжыму асабістай дыктатуры шаха ў краіне пачаліся рэформы, накіраваныя на мадэрнізацыю дзяржавы і кансалідацыю нацыі. Але пастаянная барацьба паміж прыхільнікамі манархіі і іранскай буржуазіяй прывяла да таго, што ў Іране ўзмацніўся ўплыў больш развітых краін.

На Афрыканскім кантыненце нацыянальна-вызваленчы рух набыў найбольш актыўныя формы ў Егіпце і Марока. Буйны́я паўстанні ў 1919 і 1921 гг. пад кіраўніцтвам партыі Вафд прымусілі Англію падпісаць у 1922 г. дэкларацыю аб прадастаўленні Егіпту незалежнасці, але англічане яшчэ доўга захоўвалі тут свой уплыў. У Марока, у горнай мясцовасці Рыф, у 1921—1926 гг. плямёны рыфаў, абвясціўшы рэспубліку, аказалі ўпартае супраціўленне Францыі і Іспаніі.

У цэлым вызваленчы рух у перыяд паміж дзвюма войнамі з’яўляўся важным палітычным фактарам. Краіны Азіі і Афрыкі ўсё больш рашуча падымаліся на барацьбу за набыццё незалежнасці.

3. Асаблівасці развіцця Японіі

На фоне складанага становішча ў большасці азіяцкіх краін Японія была станоўчым выключэннем. Ужо на рубяжы XIX — XX стст. у ёй назіраліся паскораныя тэмпы эканамічнага развіцця. Гэтая краіна, якая пайшла па шляху адноснай еўрапеізацыі, пазбегла каланіяльнага лёсу большасці азіяцкіх дзяржаў. У пачатку ХХ ст. японская цывілізацыя, якая па-ранейшаму адчувала недахоп прыродных рэсурсаў, нават спрабавала стаць новым геапалітычным цэнтрам і актывізавала каланіяльную экспансію пад лозунгам «Вялікай Азіі». Яе агрэсія ў асноўным была накіравана на Карэю, Кітай, востраў Тайвань. У 1930-я гг. кіруючая эліта абвясціла курс на стварэнне «новай палітычнай і эканамічнай структуры». Гэта азначала пачатак далейшай мадэрнізацыі краіны на аснове ўзмацнення ваенна-дзяржаўнага кантролю над эканомікай, мілітарызацыі эканомікі, а таксама пашырэнне таталітарных тэндэнцый у палітычным жыцці. Пачалося збліжэнне Японіі з нацысцкай Германіяй і фашысцкай Італіяй.

4. Лацінская Амерыка

У першай палове XX ст. развіццё эканомікі Лацінскай Амерыкі мела ярка выражаны экспартна-сыравінны характар. Аргенціна і Уругвай вывозілі мяса і збожжа. Краіны трапічнай зоны Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна, Калумбія, Эквадор, Бразілія экспартавалі фрукты, каву і цукар. Мексіка, Венесуэла, Перу, Балівія, Чылі пастаўлялі на сусветны рынак мінеральную сыравіну (серабро, нафту, стратэгічныя металы, волава, медзь і інш.). Сыравінная спецыялізацыя эканомікі вымушала лацінаамерыканскія краіны імпартаваць прамысловую прадукцыю і перадавыя тэхналогіі з Еўропы і ЗША.

Сусветны эканамічны крызіс прывёў да рэзкага скарачэння попыту на сельскагаспадарчую і сыравінную прадукцыю, падзення нацыянальнай вытворчасці, росту беспрацоўя і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. У краінах Лацінскай Амерыкі абвастрыліся сацыяльныя супярэчнасці. У Бразіліі і на Кубе адбыліся рэвалюцыі, у Нікарагуа разгарнулася партызанская барацьба. З мэтай выхаду з крызісу кіруючыя колы лацінаамерыканскіх краін актывізавалі палітыку дзяржаўнага рэгулявання. У той жа час амерыканскі прэзідэнт Ф. Рузвельт абвясціў у дачыненні да Лацінскай Амерыкі палітыку «добрага суседа», якая азначала адмову ЗША ад інтэрвенцыі ў краіны рэгіёна, гэта значыць ад ранейшай «палітыкі вялікай дубінкі».

Пытанні

1. Што стрымлівала і што садзейнічала мадэрнізацыі сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сістэм краін Усходу ў міжваенны перыяд?

2. Вызначце значэнні паняццяў: «мандат», «мандатарый», «падмандатная тэрыторыя». Растлумачце, чаму Д. Лойд Джордж ахарактарызаваў мандатную сістэму наступным чынам: «Мандаты з’яўляюцца проста маскіроўкай для анексій».

3. У міжваенны перыяд многія краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі сталі на шлях мадэрнізацыі. Пакажыце, як адбываўся гэты працэс, на прыкладзе адной з краін.

4. Вызначце асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Лацінскай Амерыкі ў міжваенны перыяд.

5. Складзіце табліцу «Нацыянальна-вызваленчы рух у краінах Усходу ў міжваенны перыяд». На чым заснавана агульнасць нацыянальна-вызваленчага руху ў краінах Усходу? Якія фактары абумовілі яго адрозненні?

Прапануем абмеркаваць